Сотрудники отдела загс райисполкома практикуют проведение тематических уроков для старшеклассников

Супрацоўнікі аддзела загс райвыканкама практыкуюць правядзенне тэматычных урокаў для старшакласнікаў.

Як адзначыла галоўны спецыяліст аддзела Святлана Высоцкая, якая заўсёды выступае ў ролі настаўніцы, яны цесна супрацоўнічаюць з другой гарадской школай, з’яўляюцца своеасаблівымі памочнікамі ў раскрыцці тэмы сямейнага права.

 На днях чарговы занятак быў праведзены для вучняў профільнай групы па грамадазнаўству. Атрымаўся своеасаблівы дыялог з юнымі сенненцамі. Ім расказалі не толькі аб прававых асновах шлюбна-сямейных адносін, але і пра асноўныя задачы, якія выконвае загс, прыпаднеслі шмат цікавай інфармацыі з гісторыі станаўлення структуры.

Дзяцей цікавіла многае – з якімі ведамствамі супрацоўнічае аддзел, якія паслугі аказваюць тут, з якога ўзросту можна афіцыйна стаць мужам і жонкай, што рабіць, калі не падабаецца ўласнае імя і прозвішча і многае іншае. Вучні мелі магчымасць пазнаёміцца і з архіўным фондам аддзела, паглядзець як у розныя часы запаўняліся дакументы, параўнаць метрычныя запісы царквы з запісамі, што рабіліся ў 1928 годзе і сучаснымі.

 Як прызналіся дзеці, многія з іх плануюць звязаць сваё жыццё з юрыдычнай дзейнасцю, таму з гэтай сустрэчы яны пачэрпнулі для сябе шмат цікавага. Такія гутаркі спрыяюць і фарміраванню каштоўнасных адносін вучняў да інстытута шлюбу і сям’і, упэўнена Святлана Высоцкая. Яна адзначыла высокую падрыхтаванасць адзінацацікласснікаў у плане ведаў, падзякавала іх настаўніцу Тамару Цярэню за тое, што яна арганізавала сустрэчу, тым самым пашырыўшы веды і ўяўленне будучых выпускнікоў аб сямейна-шлюбным заканадаўстве Рэспублікі Беларусь.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.