За плячыма ў Галіны Мікалаеўны Ганкевіч больш 30 гадоў працы настаўнікам пачатковых класаў
За плячыма ў Галіны Мікалаеўны Ганкевіч больш 30 гадоў працы настаўнікам пачатковых класаў. Многія выпускнікі Багданаўскай школы могуць з гонарам сказаць, што менавіта яна была іх першай і любімай настаўніцай. Гэта прывабная жанчына, клапатлівая матуля і бабуля, таленавіты і адданы сваёй працы педагог.
У далёкія васьмідзясятыя маладзенькая выпускніца педінстытута, карэнная віцябчанка па размеркаванні ўладкавалася на працу ў Сенненскую школу-інтэрнат. На Сенненшчыне яна сустрэла і сваё каханне. Так гарадская дзяўчына назаўсёды засталася жыць у вёсцы. Хутка маладая сям’я атрымала кватэру ў Багданаве. Нарадзіўся сынок, а потым і дачушка. У гэты перыяд у пасёлку адкрылася пачатковая школа, у сценах якой Галіна Мікалаеўна працягнула сваю працоўную дзейнасць.
Міналі гады… Лёс распарадзіўся так, што пэўны час Галіна Мікалаеўна па жыццёвай дарозе крочыла адна. Але побач было самае дарагое — сын Сярожа і дачка Марына. «Ідзі наперад і будзь моцнай,»— такі дэвіз дыктавалі ёй жыццёвыя абставіны. І яна прытрымлівалася яго дзеля сваіх дзяцей, якія, бы за адзіную апору, трымаліся за матуліны рукі, і тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія з ахапкамі кветак кожны год пераступалі школьны парог.
З 1984 года і па сённяшні дзень Галіна Ганкевіч дорыць добрае, светлае, вечнае сваім вучням. За добрасумленную працу на педагагічнай ніве жанчына мае шматлікія ўзнагароды. Апошнюю грамату з рук тагачаснага начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама І. А. Шчурка яна атрымала ў мінулым жніўні на раённай настаўніцкай канферэнцыі.
Галіна Мікалаеўна — ініцыятыўны педагог з невычарпальным запасам энергіі. Настаўніца знаходзіць падыход да кожнага дзіцяці. Каб зацікавіць вучняў, актыўна выкарыстоўвае нетрадыцыйныя метады і формы навучання. Нядаўна Галіна Мікалаеўна са сваімі першакласнікамі давала адкрыты ўрок для калег з усіх школ раёна. Заняткі пакінулі прыемныя ўражанні, у тым ліку і дзякуючы песні і танцу ў выкананні гэтай абаяльнай настаўніцы.
А спявае яна так, што заслухаешся. Галіна Ганкевіч — нязменная ўдзельніца раённага фестываля-конкурсу мастацкай самадзейнасці работнікаў устаноў адукацыі «Песня застаецца з чалавекам». Многія па сённяшні дзень узгадваюць знакамітую «Трактарыстку» з аднайменнай песні ў яе выкананні.
У пачатку студзеня Галіна Мікалаеўна адзначыць юбілей. Пра людзей, народжаных у гэты час, кажуць, што яны надзелены фізічнай і духоўнай вынослівасцю, разнастайнымі разумовымі здольнасцямі, імкненнем дабівацца свайго ва ўсім. А імя Галіна ў перакладзе на нашу мову азначае «цішыня». І гэта ўсё пра яе — маю калегу, першую настаўніцу маёй дачушкі і проста цудоўную жанчыну.
Карыстаючыся магчымасцю, ад сябе асабіста і ад усіх настаўнікаў і вучняў Багданаўскай школы хачу павіншаваць Галіну Мікалаеўну з юбілеем і пажадаць маладосці ў душы, сямейнага дабрабыту, жаночага шчасця, цяпла і святла ад людзей, веры ў сябе, новых дасягненняў і поспехаў у працы.
Наталля МАСЛОЎСКАЯ.
На здымку: Галіна Ганкевіч.