Спортивный «папа-зал» открыли в Сенно
З карысцю праводзіць час, займаючыся спортам разам са сваімі дзецьмі, маюць магчымасць таты Сенненшчыны. На базе фізкультурна-спартыўнага комплексу “Алімп” пачала працаваць зала для татаў.
“Папа-зал” — унікальны рэспубліканскі праект, ідэйным натхняльнікам якога з’яўляецца БРСМ, накіраваны на прапаганду здаровага ладу жыцця, папулярызацыю адказнага бацькоўства і сямейных каштоўнасцей. Яго сутнасць у тым, каб даць маладым татам магчымасць патрэніравацца, а таксама пагуляць у рухомыя гульні са сваімі дзецьмі ў выхадны дзень або вячэрні час. Такія залы ўжо працуюць ва ўсіх абласцях краіны.
У Сянне праект увасоблены ў жыццё дзякуючы падтрымцы раённай улады, камісіі па справах непаўналетніх, а таксама сектара спорту і турызму райвыканкама, які ў суботу і нядзелю з 17.00 да 18.30 на бясплатнай аснове прадаставіў пляцоўку для заняткаў.
Звяртаючыся да прысутных на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця залы, Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама, падкрэсліла, што гэты праект дапаможа бацькам больш часу праводзіць са сваімі дзецьм — тут і асабісты прыклад і моцная падтрымка ў першых спартыўных пачынаннях. Яна выказала спадзяванне, што зала не будзе пуставаць, бо кожны знойдзе тут справу па душы.
На думку Марыны Наваковіч, першага сакратара РК ГА “БРСМ”, праект на руку і мамам, якія некалькі вольных гадзін змогуць патраціць на сябе альбо на хатнія справы.
“Такая форма баўлення часу прынясе карысць не толькі нам, але і нашым дзецям, — адзначыў Дзмітрый Беразнеў, адзін з бацькоў. — Больш таго, “папа-зал” можа стаць месцам для пачатку сапраўднага сяброўства паміж сем’ямі”.
У Сянне старт моладзеваму праекту далі незвычайна — ваенна-тактычнай гульнёй лазертаг, паўдзельнічаць у якой запрасілі жадаючых татаў з дзецьмі. Каля двух гадзін на пляцоўцы панаваў сапраўдны дух спаборніцтва. Напамінам аб гульні і прыемна праведзеным часе дарослым і юным сенненцам будуць нагадваць памятныя значкі з сімволікай “папа-зал” ад РК ГА “БРСМ”.
Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.