Мы працягваем знаёмства з гісторыяй маёнткаў Сенненшчыны. Сённяшняя публікацыя падрыхтавана на аснове матэрыялаў, прадастаўленых Іллёй Восіпавым, нашчадкам апошніх уладальнікаў маёнтка Бікава.
У канцы ХIХ стагоддзя маёнтак Бікава належыў Лазінскім. Яўген Якаўлевіч Лазінскі (? – 1900) узяў шлюб з Феліцыяй Феліксаўнай Кубліцкай-Пётух (1858-1934), прадстаўніцай старажытнага польска-літоўскага роду. У іх нарадзілася двое дзяцей: сын Мікалай (1884–1900) і дачка Ганна (1887-1952).
Лазінскія жылі ў невялікім двухпавярховым драўляным доме з вялікім балконам. Як ён выглядаў, невядома, а вось фотаздымкі ўнутранай аздобы дома захаваліся, яны знаходзяцца ў сямейным архіве Восіпавых.
У 1889 годзе брат Феліцыі Лазінскай, Франц Кубліцкі-Пётух ажаніўся з Аляксандрай Блок, маці паэта Аляксандра Блока. Такім чынам, Кубліцкія-Пётух і Лазінскія парадніліся з сям’ёй класіка рускай літаратуры. Маці А. Блока неаднаразова бывала ў Бікаве, адзін з такіх прыездаў нават зафіксаваны на фотаздымку. У сваю чаргу дзеці Лазінскіх гасцілі ў Бекетавых-Блокаў у Шахматаве. Ці прыязджаў А. Блок у Бікава, дакладна не вядома, але хутчэй за ўсё. Да гэтага схіляюцца і нашчадкі Лазінскіх. Яны займаюцца пошукам крыніц для пацвярджэння гэтага цікавага для сенненцаў факта.
1900 год быў трагічным для сям’і Лазінскіх. 13 красавіка не стала Яўгена Якаўлевіча, а 23 кастрычніка ад туберкулёзу памёр Мікалай Лазінскі, яму было толькі 16 год. Адным жанчынам было цяжка весці гаспадарку, таму праз некаторы час Феліцыя Лазінская выйшла замуж за сапраўднага стацкага саветніка Бражнікава. Другі шлюб Феліцыі Феліксаўны таксама быў няўдалым, яна зноў аўдавела і больш не выходзіла замуж.
У сямейным архіве Восіпавых захавалася шмат запісаў Ганны Яўгенаўны Лазінскай. У адным з іх яна распавядае пра падарожжа за кветкамі да Ходцаўскага возера. Запіс датаваны 5 чэрвеня 1901 года. Спадзяёмся чытачам будзе цікава здзейсніць падарожжа з Бікава ў Ходцы разам з аўтарам запісаў. “Мінаючы нашу з Ходцамі мяжу, бачна направа і налева лугі, над якімі па вечарах устаюць і ўюцца казачныя туманы… Лугі перарэзаны лясамі і асобнымі групамі дрэў і кустоў… Вось і Ходцы. Бачны сад, за ім блішчыць возера. Едзем каля сада. Ён меншы і горшы нашага – і мы не ўпускаем выпадку лішні раз гэта пацвердзіць, з пачуццём гонару. Дома не відаць, ён схаваны за дрэвамі. Па спадзістым спуску з’язджаем да мастка праз возера – у гэтым месцы яно не шырэй сажні… Прама ў гару ідзе дарога ў Горныя Ходцы, трохі лявей, за высокай гарой над возерам, раскінуліся маляўнічыя ходцаўскія могілкі; ўздоўж іх ідзе дарога на Сянно. Вось у гэтым Ходцы, несумненна, маюць велізарную перавага перад Бікавым. У марах мы заўсёды надзяляем Бікава двума азёрамі, але ў рэальнасці даводзіцца абмяжоўвацца адной сажалкай – мілай і роднай, але невялікай і для купання і лодкі непрыдатнай”.
У 1912 годзе Ганна Лазінская выйшла замуж за інжынера Аляксандра Стратаніцкага, і неўзабаве маладая сям’я пакінула Бікава, пераехаўшы ў Сімферопаль, дзе Стратаніцкі працаваў інжынерам-гідратэхнікам пры Таўрычаска-Екацерынаслаўскім упраўленні земляробства і дзяржаўных маёмасцяў.
Голад і разбурэнне прынесла Першая сусветная вайна. Мабілізацыя ў войска суправаджалася пагромамі. 21 чэрвеня 1914 года запасныя ніжнія чыны разграмілі і абрабавалі маёнтак Бікава. Была знішчана ўся мэбля і прадметы дамашняга ўжытку сядзібнага дома, ад агню пацярпелі гаспадарчыя пабудовы. Уладальнікі маёнтка былі вымушаны тэрмінова выехаць у Бікава для ліквідацыі наступстваў пагрому.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі маёнтак Лазінскіх быў нацыяналізаваны. На яго базе стварылі калгас. Падчас Вялікай Айчыннай вайны сядзібны дом згарэў. Зараз на яго месцы стаіць звычайная вясковая хата. Да нашага часу не захаваліся і гаспадарчыя пабудовы. Мясцовыя жыхары не ведаюць ні пра маёнтак, ні як звалі паноў.
Нашчадкі Лазінскіх і Стратаніцкіх жывуць у Расіі і ЗША. Яны цікавяцца гісторыяй свайго роду і спадзяюцца ў бліжэйшым будучым наведаць мясціны, дзе некалі было іх радавое гняздо.
Аляксандр Бараноўскі,
аспірант Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Сенненские районные организации РОО «Белая Русь», ОО «Белорусский союз женщин», ОО «Белорусский Фонд Мира», Совет…
ЦИК зарегистрировал пять кандидатов в Президенты Республики Беларусь: ▪️Действующего Президента Республики Беларусь Александра Лукашенко; ▪️Председателя…
Президент Беларуси Александр Лукашенко собрал совещание по вопросам развития в Беларуси машиностроения, передает корреспондент БЕЛТА.…
26 декабря, с 9.00 до 10.30, в Сенненском районном исполнительном комитете (кабинет «приемная граждан») прием…
Темп роста пассажирооборота белорусской гражданской авиации за прошедший период этого года в сравнении с аналогичным…
Так сложилось, что о работе энергетиков на страницах газеты мы говорим не так часто. Профессиональный…