Калі праца прыносіць задавальненне

IMG_2113Ігар Сінкевіч пачынаў механізатарам яшчэ ў калгасе імя Гастэлы. Аднак, па прызнанні мужчыны, тэхніка — гэта не яго, а вось праца з жывёламі прыйшлася да спадобы. Вось ужо некалькі гадоў Ігар Сінкевіч шчыруе жывёлаводам у ААТ «Белая Ліпа».

Сваіх гадаванцаў цялятніка «Ладынец», а гэта 162 галавы, даглядае спраўна. У рацыёне маладняку заўсёды прысутнічаюць  сянаж, сена, канцэнтраты, кормасумесі. Паўнацэннае кармленне, сумленныя адносіны да сваіх абавязкаў і, як вынік, —  прывагі і адсутнасць падзяжу.

У свае дастаткова маладыя гады мужчына ўжо шматдзетны бацька. У Ігара і яго жонкі Алены выхоўваюцца чатыры дачушкі. Старэйшая Вікторыя набывае прафесію ў Віцебску. Меншыя, Віялета, Наталля і Сняжана, яшчэ вучацца ў Машчонскай школе. Дзесяцікласніца Віялета — сапраўдная гордасць для бацькоў. Нядаўна дзяўчынка атрымала дыплом I ступені ў другім (раённым) этапе рэспубліканскай алімпіяды па рускай і беларускай мовах. Віялета добра вучыцца, займаецца валейболам і настольным тэнісам, член школьнай зборнай па гэтых відах спорту. Малодшыя сястрычкі стараюцца ад яе не адставаць.

Любімая работа, дружная сям’я — вось сапраўдны скарб у жыцці Ігара Сінкевіча.

Ірына ХАСАНАВА

Фота аўтара