Выпускнікоў розных гадоў сустрэла Какоўчынская школа
Яркімі агнямі, маляўнічымі плакатамі, выставай фатаграфій выпускнікоў розных гадоў сустрэла ў першую суботу лютага Какоўчынская школа сваіх былых вучняў.
Штодня гэта школа-сад расчыняе дзверы для 79 вучняў і 14 выхаванцаў дзіцячага садка. У пачатку навучальнага года ўстанова адукацыі папоўнілася 37 дзецьмі. Паўнапраўнымі членамі дзіцячага калектыву сталі вучні і выхаванцы былой Літусаўскай ДСБШ. “Цяпер яны маюць магчымасць атрымліваць веды ў прасторных вучэбных кабінетах, камп’ютарным класе, да іх паслуг спартыўная зала, бібліятэка. Усё гэта дапамагае зрабіць абучэнне больш захапляльным і цікавым”, — упэўнена дырэктар Какоўчынскай школы Людміла Мірановіч, якая ўзначальвала раней Літусаўскую.
Сёлета на традыцыйны вечар прыбыло каля сямідзесяці былых выпускнікоў школы. Успаміны, жарты, цікавыя расказы, пажаданні настаўнікам і роднай школе – звычайныя спадарожнікі такіх сяброўскіх сустрэч. Адной са старэйшых выпускніц на вечары была Л.А.Бяляева, былы галоўны бухгалтар ААТ “Бяленева”, якая скончыла школу 40 гадоў таму. На некалькі гадзін сталі вучнямі і выпускнікі, якія развіталіся са сваёй альма-матэр 15 і 10 гадоў назад.
Вучні школы парадавалі гасцей святочнай праграмай “Спяшаемся насустрач юнасці сваёй”. Займальныя віктарыны, жартоўныя іспыты дапамаглі ім акунуцца ў школьнае мінулае.
Наш кар.