Намеснік старшыні Сенненскага райвыканкама Леанід Хірэвіч: З мора надвор’я чакаць не трэба
Прайшла калегія ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама па пытаннях гатоўнасці сельгасарганізацый раёна да правядзення вясенніх палявых работ. Пасяджэнне праводзіў першы намеснік старшыні райвыканкама Леанід Хірэвіч.
Як пройдзе пасяўная ў рашаючай ступені залежыць ад стану тэхнікі — трактароў, плугоў, культыватараў, сеялак, агрэгатаў для ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў.
Рамонтную кампанію сёлетняга года начальнік райсельгасхарчу Леанід Хірэвіч ахарактарызаваў як даволі складаную. Увесь фінансавы цяжар лёг на плечы саміх гаспадарак, пры тым, што дэфіцыт уласных грошай з’яўляецца актуальным практычна для ўсіх сельгасарганізацый. Леанід Міхайлавіч запатрабаваў не чакаць з мора пагоды, а шукаць рэзервы сродкаў на месцах, бо ніякіх матэрыяльных дапамог з бюджэту не будзе.
Практычная частка калегіі праходзіла на базе ПУП «Дружбінец», ААТ «Студзёнка», «Сенненскі райаграсэрвіс». Ні адна з названых гаспадарак не можа пахваліцца 100-працэнтнай гатоўнасцю тэхнікі. Кіраўнікі прадпрыемстваў трымалі справаздачы, падрабязна пазнаёмілі калег з мерамі, якія прымаюцца для таго, каб падысці да пачатку пасяўной у поўнай гатоўнасці. Начальнік упраўлення ўважліва слухаў, задаваў пытанні, рабіў заўвагі, даваў рэкамендацыі і парады. Перад прысутнымі была пастаўлена задача: нягледзячы на недахоп сродкаў, тэхніка павінна быць падрыхтавана ў найбліжэйшы час. Кіраўнікі сельгасарганізацый абавязаны забяспечыць выкананне графікаў рамонту ўсёй тэхнікі і пастаноўку яе на лінейку гатоўнасці да 15 сакавіка.
Упраўленне райсельгасхарчу ў бліжэйшыя дні правядзе ўзаемаправеркі ў гаспадарках раёна. Тэхніка будзе прынята па актах і дадзена адзнака рабоце кадраў на месцах.
Леанід Міхайлавіч канстатаваў, што тэмпы работ застаюцца нізкімі. З мэтай узмацнення кантролю за ходам рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі вырашана праводзіць раз у тры дні выезды ў гаспадаркі раёна.
Яшчэ адна праблема — недахоп механізатараў амаль ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах. Каб арганізаваць работу ў дзве змены і найбольш эфектыўна задзейнічаць тэхнічны парк, падрыхтавана рашэнне райвыканкама па прыцягненні на сезон масавых сельгасработ людзей і тэхнікі прамысловых прадпрыемстваў раёна.
Начальнік Сенненскай раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Аляксандр Масаловіч нагадаў, што дзяржаўны тэхнічны агляд машынна-трактарнага парку сельгаспрадпрыемствы павінны прайсці да пачатку веснавых палявых работ. У гэтым годзе агляд будзе праводзіцца з удзелам супрацоўніка дзяржаўтаінспекцыі. Уся тэхніка павінна быць пафарбавана, укамплектавана сродкамі пажаратушэння, знакамі аварыйнага прыпынку, застрахавана, праведзена яе тэхнічнае абслугоўванне, на кожным буйнагабарытным агрэгаце павінна быць святлоадлюстроўваючая палоска.
Трэба паклапаціцца пра тое, каб да сяўбы меўся якасны насенны матэрыял. Як адзначыў начальнік раённай інспекцыі па раслінаводстве, каранціне і ахове раслін Алег Кісель, насенне зерневых належнай якасці маецца ва ўсіх гаспадарках, акрамя УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава». Больш складаная сітуацыя склалася з насеннем шматгадовых траў. У дастатковай колькасці яно маецца толькі ў ААТ «Пурплева», «Літусава», «Бяленева», УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава».
Першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Антаніна Сунцеева засяродзіла ўвагу ўдзельнікаў калегіі на пытаннях атрымання пашпартоў для захавання пестыцыдаў, а таксама забяспечанасці гаспадарак пратраўнікамі насення. У цэлым гаспадаркі раёна забяспечаны імі на 22%. Пад поўную патрэбу яны ёсць толькі ў ААТ «Пурплева». Антаніна Васільеўна адзначыла, што нельга забываць аб правілах тэхнікі бяспекі. Удзельнікі пасяўной павінны прайсці медыцынскую камісію і атрымаць допуск да работы.
Сёлетні сельскагаспадарчы год для працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, несумненна, будзе складаным. Але, нягледзячы на цяжкасці, з чарговым экзаменам аграрыі раёна павінны справіцца.
Ларыса МУКАМОЛАВА.