Сакрэты ткацкага станка спасцігалі падлеткі

4Дзіцячыя галоўкі нізка схіліліся над пяльцамі, а рукі старанна выводзілі ніткамі рознакаляровы ўзор на бялюткай тканіне. Нават візіт карэспандэнта не парушыў засяроджанасць юных майстроў. Міжволі прыгадаліся неўміручыя багдановічавы радкі: «І тчэ, забыўшыся, рука заміж персідскага ўзора цвяток радзімы васілька». А рукатворныя кветкі і насамрэч «распускаліся» дзівосныя. І гэта пры тым, што народныя рамёствы падлеткі пачалі асвойваць крыху больш за месяц таму.

Напрыканцы сакавіка на базе раённага Дома рамёстваў распачаліся заняткі для моладзі па вывучэнні і аднаўленні рэгіянальнага касцюма Сенненшчыны. Піянерамі ў гэтай справе сталі навучэнцы Сенненскай школы-інтэрната. І гэта невыпадкова. Ва ўстанове адукацыі адкрыўся музей «Беларуская хатка». Адметным экспанатам этнаграфічнай калекцыі магло б стаць традыцыйнае беларускае адзенне, палічылі ў школе і звярнуліся да майстроў Дома рамёстваў. Апошнія ў сваю чаргу прапанавалі школьнікам непасрэдна паўдзельнічаць у стварэнні народных касцюмаў і такім чынам далучыцца да праекта па аднаўленні Сенненскага строю, што рэалізуецца сёлета ўстановай культуры пры падтрымцы Еўрасаюза і ПРААН.
Цяпер у раскладзе навучэнцаў, акрамя прывычных школьных прадметаў, значацца вышыванне, вязанне, пляценне паясоў. Заняткі праходзяць у дзвюх групах. У кожнай — па 10 чалавек. Пераважную большасць складаюць дзяўчаты, што натуральна, бо падобная творчасць спрадвеку была справай жаночых рук. Але не заўсёды. Тыя ж знакамітыя слуцкія паясы ткалі толькі мужчыны. Іх нашчадкі сустракаюцца і ў нашы дні. Аднаго з іх якраз заўважаю сярод дзявочых галовак. Дзесяцікласнік Мікіта заняты пляценнем пояса на дошчачках. Юнак, акрамя таго, няблага асвоіў вышыўку і зараз упрыгожвае арнаментам мужчынскі вясельны касцюм, чым разбівае штамп пра тое, што рыхтаваць пасаг — абавязак выключна нявесты.
Спасцігаць народныя промыслы падлеткам дапамагаюць супрацоўнікі Дома рамёстваў Іна Стычынская, Валянціна Грыбоўская, Вольга Квашко. На майстар-класы рэгулярна запрашаюцца лепшыя майстры раёна. Так, на днях урокі ткацтва школьнікам давала Таццяна Пагарэльская, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і па сумяшчальніцтве галоўная захавальніца традыцый ткацтва на Сенненшчыне. Каб выкласці арнамент на кроснах, ад майстрыхі патрабуецца без перабольшвання ювелірны падыход. Не заблытацца ў нацягнутых нітках, колькасць якіх даходзіць да некалькіх сотняў, здаецца, немагчыма.
Было б жаданне, усё можна асвоіць, упэўнена Таццяна Пагарэльская. У свой час выпускніца інстытута культуры па спецыяльнасці «методыка арганізацыі культурна-асветніцкай работы» стала пачынальнікам справы адраджэння традыцый ткацтва на Сенненшчыне. Вучылася, прызнаецца Таццяна Сцяпанаўна, па кніжках, ездзіла на курсы, арганізаваныя пры абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. З 1995 года яна вяла гурток па ткацтве ў Доме рамёстваў. У калекцыі ўстановы культуры захоўваюцца ручнікі, прадметы адзення, адноўленыя Таццянай Сцяпанаўнай. Нават з пераходам на чыноўніцкую пасаду цягу да рамяства майстрыха не згубіла. Яе работы можна ўбачыць на розных фэстах і выставах ад раённага да рэспубліканскага маштабаў. З задавальненнем перадае яна свае вопыт і веды маладому пакаленню.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: падчас майстар-класу Таццяны Пагарэльскай.
Фота аўтара.