Тюльпаны и бархатцы: какие цветы появятся на улицах Богушевска, выясняла корреспондент «ГС»

Прыгожая, дагледжаная тэрыторыя, дзе расце вялікая колькасць разнастайных кветкавых насаджэнняў, абавязкова прыцягне погляд і падніме настрой.

І калі на ўласным участку мы самі ствараем прыгажосць, то ў горадзе гэтым займаецца  служба жыллёва камунальнай гаспадаркі. Аб тым, якімі фарбамі ў хуткім часе  зайграе Багушэўск, карэспандэнту «ГС» паведаміў Юрый Зайцаў, начальнік участка па добраўпарадкаванні РУП ЖКГ.

 На палічках, дзе вырошчваецца кветкавая расада, вы не знойдзеце элітныя, замежныя разнавіднасці раслін. Усе яны звыклыя і зразумелыя, ад гэтага не менш цудоўныя. У памяшканні, дзе вырошчваюць расаду, ужо сапраўднае лета. Тут цёпла і ўтульна. Каб усё насенне дало ўсходжасць, абуладкавана ацяпленне. Расада знаходзіцца пад спецыяльнымі лямпамі. Насенне се­юць у доўгія скрыні і маленькія вазончыкі. У асноўным тут вырошчваюць аксаміткі, цюльпаны, астры, петуніі і календулу. Гэтыя кветкі непатрабавальныя і цешаць вока ўвесь сезон.

 Трэба адзначыць, што зараз на ўчастку ў ЖКГ няма спецыяліста па азеляненні, які б займаўся вырошчваннем і доглядам за саджанцамі. Усім гэтым займаецца Юрый Аляксандравіч. Безумоўна, такі аб’ём работ немагчыма ахапіць аднаму, бо акрамя догляду за раслінамі ў мужчыны ёсць яшчэ шмат задач, якія штодня трэба трымаць пад кантролем. Дапамагае ў доглядзе за расадай дыспетчар Ларыса Юдзіна. Жанчына, як вопытная гаспадыня, добра ведае правілы паліву раслін і аптымальныя тэмпературныя ўмовы для вырошчвання расады.

Планаў і задумак у спецыялістаў вельмі шмат. Безумоўна, на ўсё гэта патрэбны фінансавыя сродкі, якіх, часам, хапае не заўсёды. Але вопытныя супрацоўнікі прадпрыемства ўсё роўна імкнуцца здзівіць гасцей і жыхароў гарпасёлка чымсьці новым і ўнікальным. Па праекце ў гэтым годзе па вуліцы Савецкай, што недалёка ад чыгуначнага магазіна, на клумбе плануюць усталяваць веласіпед, які будзе ўпрыгожаны разнастайнымі жывымі кветкамі. Высажваць расаду багушэўцы плануюць у пачатку мая, калі глеба ўжо добра прагрэецца і саджанцы сапраўды прыжывуцца. Аднымі з першых кветкі з’явяцца на клумбах ў «Парку закаханых». Работы па добраўпарадкаванні гэтага месца ўжо ідуць.

 — Для таго, каб засадзіць клумбы, якія ўжо зроблены ў гарпасёлку, хапае вось гэтай расады, — кажа Юрый Аляксандравіч.

 Для вертыкальных кветнікаў, у якіх размешчаны кашпо, расаду прывозяць з Сянно. У іх размесцяцца пляцістыя петуніі. Аксаміткі тут саджаюць двух відаў — высокія і нізкарослыя. Для таго, каб клумбы глядзеліся кампазіцыйна цэласна, гэтыя кветкі высаджваюць у залежнасці ад вышыні іншых раслін, якія складаюць пару аксаміткам. 

 На працягу ўсяго летняга перыяду работнікамі ўчастка добраўпарадкавання будзе ажыццяўляцца догляд высаджаных раслін. Хацелася б, каб людзі збераглі гэтую прыгажосць: не тапталі, не ламалі і не зрывалі. Бо ўсё гэта робіцца для нас. Спа­дзяёмся, што кветнікі да самай восені будуць радаваць жыхароў гарпасёлка і яго гасцей.

Ксенія КРУПСКАЯ.

Фота аўтара.