Ученые-диалектологи посетили Сенненщину
У канцы мая супрацоўнікі аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, загадчык аддзела Вераніка Курцова і вядучы навуковы супрацоўнік Любоў Кунцэвіч, пабывалі ў дыялекталагічнай экспедыцыі ў Сенненскім раёне.
А нядаўна рэдакцыя газеты атрымала пісьмо навукоўцаў з уражаннямі ад наведвання Сенненшчыны.
Гэта экспедыцыя, як і тыя, што праводзіліся ў папярэднія гады, была мэтавай. Дыялектолагі працягваюць назапашваць запісы, якія пасля расшыфроўкі будуць уключаны ў новае перспектыўнае выданне “Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі. Усходняя зона”. Адначасова гукавыя запісы папоўняць фанатэку традыцыйнага беларускага маўлення.
Так складваецца, што сёння перад кожнай новай экспедыцыяй у дыялектолагаў узнікаюць трывожныя пытанні: ці зможам дабрацца да вёскі, ці засталіся ў вёсках людзі старэйшага пакалення, якія нарадзіліся перад вайною ці ў час вайны, бо найперш яны маюць багатыя ўспаміны і могуць расказаць пра розныя жыццёвыя падзеі.
Шматлікія моўныя вандроўкі па Беларусі паказваюць, што вынікі нашых дыялекталагічных экспедыцый у цяперашніх умовах развіцця грамадства вызначаюцца зацікаўленасцю мясцовых раённых органаў кіравання традыцыйнымі этнакультурнымі набыткамі. Ад разумення мясцовай уладай каштоўнасці і важнасці рэгіянальных духоўных скарбаў залежыць іх існаванне ў будучым.
Сустрэча са старшынёй Сенненскага райвыканкама Васіліем Чарадніком і начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргеем Мяцеліцай, на якой кіраўніцтву раёна ад імя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа быў уручаны двухтомны слоўнік “Мова Сенненшчыны”, створаны ў аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, была надзвычай запамінальнай і плённай. Без перабольшвання нас уразіла глыбокае разуменне Васіліем Анатольевічам важнасці справы, якой займаюцца навукоўцы. Раённае кіраўніцтва станоўча ўспрыняло той факт, што менавіта ў іх рэгіёне будуць працаваць даследчыкі, каб потым адлюстраваць вынікі сваёй працы ў новых публікацыях, расказаць у іх пра моўныя асаблівасці Сенненшчыны.
Дзякуючы асабістай зацікаўленасці ў нашай працы старшыні райвыканкама, бездакорнай каардынацыі і арганізацыі нашых паездак Сяргеем Сцяпанавічам мы за невялікі час, адведзены на правядзенне экспедыцыі, пабылі ў многіх вёсках раёна. Наведалі Алексінічы, Багданава, Белую Ліпу, Глебаўск, Какоўчына, Мяшчэнцы, Навасёлкі, Някрашава, Ходцы і іншыя.
Аб’ездзілі больш за дзясятак населеных пунктаў. Ва ўсіх сельскіх саветах, куды б ні прыехалі, іх старшыні ці намеснікі парупіліся, каб мы сустрэліся з мясцовымі жыхарамі. Нам дапамагалі Анатоль Бараноўскі, старшыня Нямойтаўскага сельвыканкама, Васіль Кошалеў, старшыня Беліцкага сельвыканкама, Віктар Мандрык, старшыня Какоўчынскага сельвыканкама і кіраўнік спраў гэтага сельвыканкама Сяргей Цярэня, кіраўнікі спраў Студзёнкаўскага і Ходцаўскага сельвыканкамаў Святлана Хамянкова і Раіса Пальчык. Усім ім і тым, хто быў з намі, дапамагаў, прасіў мясцовых жыхароў прыняць нас, каб пагаварыць, вялікая ўдзячнасць. Без такіх агульных высілкаў наша дыялекталагічная экспедыцыя не была б настолькі плённай.
Словы глыбокай падзякі мы выказваем не толькі прадстаўнікам мясцовай улады, але і вадзіцелю Ігару Белякову, які быў побач з намі ўсе дні, адгукаўся на любую нашу просьбу.
Самыя шчымлівыя ўспаміны засталіся ў нас ад нашых суразмоўцаў Тамары Васільеўны Андрэевай, Зінаіды Спірыдонаўны Аўчынка, Клаўдзіі Мікалаеўны Гаравец, Веры Сліжовай, Валянціны Трафімаўны Баравік, Генадзя Ягоравіча Дварака і Любові Іванаўны Дварак, Веры Аляксееўны Беляковай, Вольгі Фядосаўны Няфёдавай і многіх іншых. Гэта іх расказы пра мясцовыя звычаі і будзённыя справы, перададзеныя на мясцовай гаворцы, проста і дасціпна, з цягам часу стануць здабыткам мясцовай гісторыі, а для навукоўцаў яны былі і будуць найбагацейшай моўнай скарбонкай, у якой адлюстраваны стан жывой беларускай мовы на пачатку 21 стагоддзя.
Вераніка Курцова.