Владельцы разные — проблемы общие. Соответствуют ли санитарным нормам продукты, продаваемые в магазинах Сенненского района?
Напярэдадні свят у прадуктовых крамах звычайна назіраецца ажыятаж. Але ці заўсёды прапанаваная прадукцыя адпавядае санітарным нормам? Як абстаяць справы з маркіроўкай тавараў? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні шукалі падчас рэйду памочнік урача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Аляксандра Мельцына і старшы дзяржаўны падатковы інспектар ІМПЗ па Сенненскім раёне Уладзімір Занько.
Праверцы падвергліся гандлёвыя аб’екты розных формаў уласнасці ў гарадскім пасёлку Багушэўск. Тыповы недахоп, характэрны амаль для ўсіх кропак (магазін сеткі «Еўраопт», магазін Сенненскага райспажыўтаварыства «Родны кут» №69, гандлёвы павільён індывідуальнага прадпрымальніка Н.А. Любко), – адсутнасць поўнай інфармацыі на фасаванай прадукцыі.
Сярод выяўленых парушэнняў таксама сумеснае захоўванне сырой і гатовай прадукцыі (гандлёвы павільён ІП Н.А. Любко, «Еўраопт»). У апошнім не належным чынам ажыццяўляўся кантроль тэмпературы ў халадзільнай вітрыне. Але гэты недахоп быў выпраўлены адразу ж пасля заўвагі.
Да работнікаў «Мясной лаўкі» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт» у правяраючых таксама ўзніклі пытанні. Датычыліся ж яны галоўным чынам нездавальняючага стану прылеглай тэрыторыі: каля смеццевага кантэйнера валяліся кардонныя скрыні, урна ля ўваходу была перапоўнена.
Вынесеныя прадпісанні носяць рэкамендацыйны характар. Аднак у выпадку іх невыканання пакаранне для гандляроў абяцае быць сур’ёзным. З боку падатковай інспекцыі ніякіх заўваг зроблена не было.
Ганна КОРСАКАВА.