Заработал ледовый каток в Сенно
Запрацаваў лядовы каток па вуліцы Перамогі,6 у Сянне.
Жадаючых пакатацца шмат. Сярод дзяцей тут можна ўбачыць і дарослых. За некалькі гадоў існавання пляцоўкі сенненцы ўжо прывыклі праводзіць тут свой вольны час, і не толькі ў выхадны дзень, але і нават пасля працы. Як адзначыла Кацярына Бабенка, якая прыходзіць сюды кожны вечар, катанне на каньках гэта не толькі спорт, але і адпачынак. І пагадзіцца з ёй проста немагчыма.
Беласнежны, гладзенькі каток, музычнае суправаджэнне, зімовы бодры настрой – што можа быць лепш у гэтыя снежныя дні. Тут, як і заўсёды, наладжаны пракат інвентару. У наяўнасці 30 пар канькоў, 6 з якіх новенькія – былі набыты ў мінулым годзе. Гадзіна пракату абыходзіцца ў 3 рублі. А для тых, хто прыйшоў са сваімі канькамі, даводзіцца заплаціць толькі за карыстанне лядовай пляцоўкі – 2 рублі. Дзеці ва ўзросце да пяці гадоў, а таксама інваліды могуць пакатацца бясплатна.
Каток працуе ў буднія дні з 15.00 да 20.00, выхадныя – з 11.00 да 20.00. Прыходзьце, не пашкадуеце, запрашаюць аматараў такога адпачынку спецыялісты сектара спорту і турызму райвыканкама. Катанне на каньках дорыць масу станоўчых эмоцый, дапамагае зняць эмацыянальнае напружанне. Больш таго, гэта карысна і для здароўя: паляпшаецца работа сардэчна-сасудзістай сістэмы, трэніруецца каардынацыя, спрыт і здольнасць утрымліваць раўнавагу, развіваюцца многія групы мышцаў. Усяго і не пералічыць. Словам, не заставайцеся дома ў гэтыя дні, правядзіце час з карысцю.
Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.