«ВЕЛІКОДНЫ СТОЛ» АД СЕННЕНСКІХ МАЙСТРОЎ
Пакуль сенненскія гаспадынькі замешваюць цеста на кулічы, народныя ўмельцы заняты вырабам сувенірнай прадукцыі.
Для майстроў раённага Дома рамёстваў перадсвяточны тыдзень — гарачы час, трэба паспець зрабіць шмат сувеніраў. Не першы год напярэдадні знакавага хрысціянскага свята супрацоўнікі ўстановы ладзяць выставу-кірмаш сваіх вырабаў. Можна сказаць, што гэта ўжо стала своеасаблівай велікоднай традыцыяй для сенненскіх майстроў. Не стаў выключэннем і сёлетні год.
«Светлыя вобразы», так назвалі арганізатары выставу, што прайшла ўчора ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. На гэты раз кампанію за велікоднымі прылаўкамі майстрам Дома рамёстваў склалі супрацоўнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН.
На выставе-кірмашы былі прадстаўлены аўтарскія работы, выкананыя ў самых розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Але цэнтральнае месца было адведзена, безумоўна, велікодным атрыбутам. Пісанкі з розных матэрыялаў і тэхнік, цэлыя велікодныя кампазіцыі, лялькі-абярэгі. Гэта і шмат іншых цікавостак прадставілі майстры і наведвальнікі аддзялення. Тыя, хто пабываў учора на выставе, наўрад ці засталіся без пакупкі. Знайсці можна было вырабы як для душы, так і для хатняга ўжытку. Ну і, канешне, такія выставы-кірмашы — лепшае месца для набыцця эксклюзіўных падарункаў для сваіх блізкіх.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.
На здымку: велікодныя сувеніры ад супрацоўнікаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў.