Сенненшчына адзначыла Дзень Незалежнасці
Святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня Незалежнасці разгарнуліся на цэнтральнай плошчы Сянна і захапілі бліжэйшыя вуліцы, дзе размясціліся прылаўкі з сувенірнай прадукцыяй сенненскіх майстроў, шматлікія гульнёвыя і спартыўныя пляцоўкі, гандлёвыя аб’екты і кропкі грамадскага харчавання. Прыгожы сонечны дзень пад купалам блакітнага неба спрыяў узнёсламу настрою тысяч жыхароў і гасцей горада, якія прыйшлі на плошчу.
Дзяржаўны гімн адкрыў урачысты мітынг. З віншавальнай прамовай да прысутных звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Васіль Чараднік. У сваім выступленні ён адзначыў, што галоўнае свята краіны непарыўна звязана з адной з найважнейшых падзей айчыннай гісторыі — вызваленнем ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Для беларусаў гэтая дата з’яўляецца сімвалам нацыянальнага гонару.
«Наша Незалежнасць — гэта заслуга пакалення Пераможцаў, тых, хто, ахвяруючы сваім жыццём, прынёс на нашу зямлю доўгачаканую свабоду. Кожны год у гэты святы для нас дзень мы аддаем даніну найвялікай павагі бяспрыкладнаму подзвігу беларускага народа, нізка схіляем галовы ў памяць тых, хто загінуў за сваю радзіму, ушаноўваем тых, хто зрабіў неацэнны ўнёсак у вызваленне Беларусі. Дзякуючы ім, сёння мы з гонарам заяўляем, што Беларусь адбылася як самастойная, суверэнная дзяржава. За кароткі гістарычны тэрмін незалежнага развіцця мы здолелі зрабіць нашу краіну стабільнай і паспяховай.»
Кіраўнік раёна падкрэсліў, як важна захаваць гэтыя дасягненні ў сучасных умовах, калі зноў абвастраецца міжнародная абстаноўка і ля нашых межаў зноў назапашваецца ваенны патэнцыял. Словы глыбокай падзякі адрасаваліся ветэранам.
У знак памяці тых, хто абараняў нашу свабоду і незалежнасць, прадстаўнікі ўлады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый усклалі кветкі і вянкі да помніка загінуўшым воінам.
З кожным годам Вялікая Ай-
чынная вайна далей адыходзіць у гісторыю. І сёння Дзень Незалежнасці ўсё больш атаясамліваецца з мірным жыццём, з яго клопатамі і радасцямі, якія складаюць паўсядзённы побыт беларуса. Праца, Дом, Сям’я, Дзеці… Няма больш важных і дарагіх паняццяў для кожнага чалавека. Яны і сталі лейтматывам святочнага шэсця.
Адкрылі яго працаўнікі і прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, чые партрэты і назвы сёлета занесены на раённую Дошку гонару.
Сапраўднае байкер-шоу прадэманстравала сенненская моладзь.
Вясёлы танец выканалі на плошчы выхаванцы ясляў-садоў №1 і 2 райцэнтра. Стройным крокам пад барабанны дроб прамаршыравалі члены «Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі». Пад гукі школьнага вальса кружыліся выпускнікі сёлетняга года.
Шчыра віталі гледачы сямейныя пары. Першымі на плошчу выйшлі маладыя сем’і на чале з сапраўднымі маладажонамі. Гэты дзень асабліва запомніцца для Дзмітрыя Берашэвіча і Вольгі Лысковай, якія 3 ліпеня зарэгістравалі свой шлюб. Сведкамі іх першага сямейнага пацалунка і вясельнага танца сталі тысячы гараджан і гасцей Сянна. Віншаванні ў гэты дзень гучалі і для сярэбраных юбіляраў — сужэнцаў, якія сёлета адзначаюць 25-годдзе сумеснага жыцця. Свой «залаты» вясельны танец выканалі Васіль Іванавіч і Ніна Фёдараўна Мяцеліцы. На плошчу юбіляры выехалі на бялюткай карэце. Павіншаваць іх прыйшлі родныя і блізкія.
Самым відовішчным і кранальным момантам свята стаў парад дзіцячых калясак. Ініцыятарам яго правядзення выступіла раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын». 14 сямей прадставілі ўласныя яркія, пазітыўныя, святочныя і крэатыўныя дызайнерскія рашэнні афармлення транспартных сродкаў сваіх дзяцей. Маленькія сенненцы праехаліся на мініяцюрных танку, карэце хуткай дапамогі, «матыльку», «пчолцы», у «скрынцы прынцэсы» і інш. Гледачы не маглі стрываць замілавання і захаплення ад калясак і, галоўным чынам, ад іх маленькіх пасажыраў.
Пасля свята перамясцілася ў абноўлены цэнтральны сквер, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы адбылося адкрыццё памятнага знака «Родны край», усталяванага ў гонар ураджэнкі Сенненшчыны Матроны Маркевіч, чый узор лёг у аснову арнамента на Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь. Нагадаем, што артыкул, прысвечаны гэтай знамянальнай падзеі, змешчаны ў раённай газеце №53 за 7 ліпеня 2015 года.
Працягнуў дзённую частку святкаванняў канцэрт лепшых выканаўцаў і калектываў мастацкай самадзейнасці Сенненшчыны.
А ўжо ўвечары тысячы сенненцаў і гасцей горада сабраліся на цэнтральную плошчу, каб разам з усёй краінай праспяваць дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Завершыў святочны дзень грандыёзны салют.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.