Дорога — это жизнь, уверен Виктор Ермошкевич, водитель группы тылового обеспечения Сенненского отделения Департамента охраны МВД
12 снежня адзначаўся Дзень утварэння фінансавых і тылавых падраздзяленняў органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
Работа гэтых спецыялістаў шматгранная і вельмі важная для ўсіх праваахоўнікаў. Дзякуючы ім людзі, якія стаяць на варце правапарадку, маюць усё неабходнае для барацьбы са злачыннасцю. Віктар Ермашкевіч, вадзіцель аўтамабіля групы тылавога забеспячэння Сенненскага аддзялення Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спаў. Яго працоўны стаж тут налічвае больш за дваццаць гадоў. Прыйшоў сюды ў далёкім 1999-м годзе, так і застаўся. «Ніколі не ўзнікала жадання памяняць працу, — адзначае Віктар Пятровіч. — Задавальняе ўсё: і рабочы графік, і калектыў. Галоўнае, заняты тым, што па-сапраўднаму падабаецца, я — кіроўца».
Уся працоўная біяграфія Віктара Ермашкевіча звязана менавіта з дарогай, з рухам. За плячыма 35 гадоў вадзіцельскага стажу. Тэхніка заўсёды прыцягвала яго. Вялікую ролю ў гэтым адыграў яго бацька Пётр Трафімавіч, механізатар калгаса «Праўда». Гаспадаркі такой даўно ўжо няма ў раёне, а Віктар Ермашкевіч узгадвае, як працаваў з родным чалавекам у перыяд уборачнай у полі. Успамінае і той факт, як пра сямейны тандэм у 1982 годзе пісала раённае выданне. Пяць сезонаў ён быў верным памочнікам камбайнёра. Пётр Трафімавіч неаднаразова станавіўся лідэрам па намалоце, пераможцам сацыялістычных спаборніцтваў.
Тэхнікі ў бацькоўскім двары заўсёды было шмат. І да яе ён адносіўся з асаблівай павагай. Таму і невыпадковым стала тое, што Віктар адвучыўся ў вучэбна-вытворчым камбінаце ў Сянне, дзе і атрымаў вадзіцельскае пасведчанне.
Пэўна, няма такога аўтамабіля, які не асвоіў мужчына. У час службы ў арміі ў яго вадзіцельскім спісе значылася не адна машына. Па вяртанні на малую радзіму не раздумваючы звязаў сваё жыццё з тэхнікай, на якой давялося папрацаваць у свой час у ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс», саўгасе імя Данукалава.
Дарога для мяне — гэта жыццё, разважае мой суразмоўца. «Безумоўна, за рулём трэба быць крайне ўважлівым, умець ацэньваць сітуацыю і імгненна прымаць рашэнні на выпадак небяспекі, — адзначае Віктар Пятровіч. – Асцярожнасць – галоўнае правіла ў вадзіцеля. Не варта ліхачыць, ехаць з высокай хуткасцю. Адкрыццём не будзе, калі скажу, што дарога памылак не даруе».
Менавіта гэтым прынцыпам і кіруецца ў сваёй працоўнай дзейнасці на працягу многіх гадоў Віктар Ермашкевіч. Ён добра разумее, што ў адказе за сваіх пасажыраў. Алег Дзяшкевіч, начальнік Сенненскага аддзялення Дэпартамента аховы, характарызуе Віктара Ермашкевіча як чалавека, які добрасумленна адносіцца да сваіх абавязкаў, бездакорна выконвае паручэнні. Пунктуальны да секунды, прытрымліваецца культуры ваджэння, адзначае Алег Віктаравіч, ён прафесіянал сваёй справы, годны прыклад для іншых.
Неаднаразова праца Віктара Пятровіча была адзначана падзякамі Віцебскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў і Дэпартамента аховы МУС. Мае нагрудны знак «За працу без аварый» I і II ступеняў.
Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.