Сенненскія школьнікі адчулі сябе нашчадкамі слуцкіх ткачоў
Знакамітыя слуцкія паясы — справа дужых мужчынскіх рук. І вязанне спіцамі, кручком ажно да 16 стагоддзя было заняткам выключна моцнай паловы чалавецтва. Дзіўным для нашага сучасніка гістарычным фактам перастаеш здіўляцца, калі бачыш у руках хлапчукоў з 4 «А» класа сярэдняй школы №2 г.Сянно каляровыя клубочкі нітак.
Першасныя навыкі рукадзелля вучні атрымліваюць у рамках школьнай праграмы. На днях раённы Дом рамёстваў пры падтрымцы Сенненскага гісторыка-краязнаўчага музея падрыхтаваў для іх незвычайны сюрпрыз. Хлопчыкаў і дзяўчынак чакаў сапраўдны майстар-клас ад лепшых знаўцаў вязальнай і ткацкай справы.
Сваё мерапрыемства арганізатары назвалі «Бабулін дыванок». Менавіта з бабулямі, якія шчодра адорваюць любых унукаў цёплымі шкарпэткамі, рукавічкамі, шалікамі, асацыіруецца ў нас вязанне. Ролю бабулі на майстар-класе выконвала жыхарка райцэнтра Антаніна Паляшкевіч. У свае гады, а ёй за 80, жанчына спрытна вяжа самаробным драўляным кручком круглыя дыванкі. У ход ідзе нават падручны матэрыял, напрыклад, стужкі з тканіны.
«Кручкатворныя» вузельчыкі дзецям дапамагалі асвоіць супрацоўнікі Дома рамёстваў Інэса Сапроненка, Валянціна Грыбоўская, дырэктар установы Вольга Квашко. Ці не кожны з 16
маленькіх наведвальнікаў паспрабаваў сябе за старажытным ткацкім станком. Дзіцячыя ножкі ледзь даставалі да педаляў грувасткага агрэгата. Кіраўніку гуртка ткацтва Карыне
Карасёвай прыходзілася дапамагаць часовым «падмайстарам». Але рост — справа нажыўная, а вось развіваць пачуццё цудоўнага, вучыць разумець мастацтва і павазе да нацыянальнай культуры трэба з маленства.
— Дзейнасць нашай установы заклікана не толькі захоўваць, але і перадаваць народныя рамёствы, традыцыі падрастаючаму пакаленню, — кажа Вольга Квашко.
І такія мерапрыемствы павінны паспрыяць гэтай высакароднай місіі. У планах Дома рамёстваў праводзіць майстар-класы па кожным відзе мастацтва для вучняў Сенненшчыны штомесяц.
Вольга БАНДАРЭВІЧ
Ч.