Турнир на призы РО ОО “Белорусский союз ветеранов войны в Афганистане” прошёл на Сенненщине
Турнір на прызы раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” ў чацвёрты раз быў арганізаваны для юных аматараў грэка-рымскай барацьбы Сенненскай ДЮСШАР.
Зрэшты, падтрымліваюць штогод спаборніцтвы і бацькі. Яны добра разумеюць, што дзецям патрэбна турнірная практыка, а таксама кантакты з людзьмі, сапраўднымі мужчынамі, якія з гонарам выконвалі свой грамадзянскі абавязак, прайшлі дарогамі вайны.
— Спорт, а тым больш адзінаборствы, развіваюць у мужчынах сілу, вынослівасць, якія пры неабходнасці дапамогуць абараніць сябе, іншых і Радзіму, — вітаў удзельнікаў турніру Карым Хасанаў, старшыня раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў. Ганаровымі гасцямі спаборніцтваў былі таксама Аляксандр Цеплякоў, палкоўнік медыцынскай службы ў запасе, Сяргей Латышаў, які прайшоў дарогамі Афганістана ў самым пачатку баявых дзеянняў, адзначаны за працу, у тым ліку ў 2016 годзе як чалавек года Віцебшчыны.
Статуснасці турніру дадаў той факт, што на ім у якасці суддзі быў Максім Кажарскі, былы выхаванец Сенненскай спартыўнай школы, а цяпер член Нацыянальнай зборнай каманды, майстар спорту міжнароднага класу. Не так даўно ён зноў пацвердзіў свой узровень, стаўшы чэмпіёнам Беларусі.
У двух групах аддзялення грэка-рымскай барацьбы ДЮСШАР займаецца 60 чалавек. Амаль усе яны выходзілі на дыван, каб перамагчы. Асабліва было цікава назіраць за паядынкамі пачынаючых атлетаў, дзе асабліва яскрава праяўляецца тэмперамент і характар спартсмена. Старэйшыя дасягалі перамог пераважна за кошт высокай тэхнічнай падрыхтоўкі, вопыту выступлення ў спаборнітцвах. Сярод тых, хто выходзіў на турніры на дыван, чатыры кандыдаты ў майстры спорта, адзінаццаць першаразраднікаў, якія атрымалі іх у дарослых спаборніцтвах.
І яшчэ адзін цікавы факт. У турніры выступалі не толькі школьнікі. Удзел у спаборніцтвах бралі дарослыя мужчыны, якія прыходзяць на трэніроўкі, каб падтрымліваць сябе ў належнай фізічнай форме. Заняткі спортам для іх сталі своеасаблівым наркотыкам, а яшчэ магчымасцю выступаць у аматарскіх спаборніцтвах, адстойваць гонар калектыва,раёна.
Пераможцы і прызёры турніра, які быў прысвечаны яшчэ і 75-годдзю Перамогі над фашызмам, атрымалі граматы, а таксама прызы, якімі сталі пліткі шакаладу, набытыя за кошт раённай арганізацыі воінаў-афганцаў. Вынікі спаборніцтваў, індывідуальных паядынкаў сталі аб’ектам абмеркавання за салодкім сталом. Ён таксама быў арганізаваны дзякуючы “афганцам” і бацькам.
— Такія мерапрыемствы, я маю на ўвазе салодкія сталы, не менш важныя для дзяцей, — падкрэсліў Анатоль Кучынскі, адзін з трэнераў аддзялення грэка-рымскай барацьбы Сенненскай ДЮСШАР. Ён упэўнены, што турнір будзе праводзіцца і ў далейшым, спадзяецца, што на яго будуць прыязджаць юныя спартсмены з суседніх раёнаў.
Аляксандр ІЎЕЎ.
Фота аўтара.