14 детей, 30 внуков и 21 правнук, как живёт самая богатая мать и бабушка на Сенненщине

Збіраючыся ў чарговую журналіцкую камандзіроўку да шматдзетнай вяскоўкі, міжволі прыгадваю савецкую лірычную кінастужку “Однажды двадцать лет спустя”, прысвечаную лёсу маці 10 дзяцей Надзеі Кругловай. Тым, хто не бачыў гэты пранікнёны фільм, абавязкова раю яго паглядзець.  Гэта карціна — самая сапраўдная ода мацярынству. Між тым рэальнае жыццё падкідвае не менш захапляльныя сюжэты, чым гісторыя кінасям’і Кругловых. І прыклад таму, лёс жыхаркі аграгарадка Сінягорскае, да якой мы выпраўляемся разам са старэйшынай населенага пункта Святланай Ярохавай.

 14 дзяцей, 30 унукаў і 21 праўнук… Соф’я Шафранская — самая багатая маці і бабуля на Сенненшчыне.

Пры такой колькасці нашчадкаў, узгадаць імёны ўсіх, здаецца, немагчыма, але толькі не для Соф’і Іванаўны. Яна памятае ўсе даты нараджэнняў. І для кожнага імянінніка рыхтуе, хай і невялікія (наколькі хапае пенсіі), падарункі. У сярэднім штомесяц па 2-3 святочных нагоды прыходзіцца, усміхаецца мая субяседніца.

     Мець столькі дзяцей Соф’я Шафранская не планавала. Кажа, так склалася жыццё. Хаця сама яна родам са шматдзетнай сям’і. У бацькоў было 10 дзяцей. У віхуры найцяжкіх 30-х і 40-х гадоў мінулага стагоддзя выжылі, праўда, толькі шасцёра.

     Нялёгкая жаночая доля была наканавана і для Соф’і Іванаўны. Яна нарадзілася ў верасні 1939-га, менш чым за два гады да вайны. Кошт працоўнага хлеба вясковая дзяўчынка зведала рана. Пасля заканчэння 9 класаў у 16 год уладкавалася на сепаратарнае аддзяленне пры ферме ў Аўчынкаве. У лютым 1958 года Соф’я Іванаўна выйшла замуж, а ўжо ў лістападзе нарадзіліся яе першынцы — двайняты Марыя і Надзея. Адны за другім пайшлі Людміла, Галіна, Аляксандр, Андрэй, Лілія, Мікалай, Сяргей, Васіль, Іван, Леанід, Наталля. Апошнім у гэтым працяглым спісе імён стаў Генадзь, які нарадзіўся ў 1980 годзе. Усяго 8 сыноў і 6 дачок.

Быць маці — сапраўднае шчасце, але адначасова вялікая адказнасць і нястомная праца. У дэкрэтным адпачынку жанчына, бадай што, і не была, старалася хутчэй вярнуцца на ферму.

— Трэба было працаваць, каб карміць дзяцей, — аргументуе маці-гераіня.

Працоўныя дасягненні Соф’і Шафранскай не саступаюць яе мацярынскаму подзвігу. Ветэран працы прайшла шлях ад даяркі да загадчыцы фермы і пры гэтым заўсёды значылася ў перадавіках. Яна — адна з нямногіх на Сенненшчыне, хто уганараваны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі “Маці-геріня”, “Мацярынская слава” І і ІІ ступені. Імя даяркі-ардэнаносца калгаса імя Будзёнага ўнесена ў кнігу “Памяць. Сенненскі раён”. Пасля дасягнення пенсійнага ўзросту жанчына яшчэ 14 гадоў прашчыравала на роднай ферме. Пасля цяжкай фізічнай работы дома яе чакалі 14 дзяцей і свая немалая гаспадарка. На падворку Шафранскіх заўсёды ўтрымліваліся каровы, свінні, розная птушка. Цяпер ад усёй гэтай жывой разнастайнасці засталіся толькі куры ды гусі. Асабістая падсобная гаспадарка істотна выручала вялікую сям’ю. У краму Шафранскія адпраўляліся на калёсах і з мяхамі.

Адкуль браліся сілы, энергія, каб усюды паспяваць? Гэтым пытаннем Соф’я Іванаўна сёння задаецца і сама. Управіцца з малымі часам дапамагалі сваякі, а калі падраслі старэйшыя, стала лягчэй. Дзеці аказаліся надзейнымі матулінымі памочнікамі і на ферме, і па доме.

— Сёння шматдзетным даюць розныя льготы, у тыя ж часы ніякіх асаблівых паслабленняў для такіх сямей не было. Але пры гэтым, — кажа Соф’я Іванаўна, — я ніколі не пазычала, наадварот, да мяне звярталіся за дапамогай. Магла і агарод заараць, і сена накасіць.

Затое цяпер 79-гадовая жанчына атрымлівае дывідэнды ў выглядзе клопату ад шматлікіх нашчадкаў, якія ў прасторным доме Соф’і Шафранскай збіраюцца кожныя выхадныя. Праўда, не ўсе адразу, бо жывуць яны ў розных гарадах і, нават, краінах: Сянне, Дуброўне, Віцебску, Мінску, Літве. Некаторыя з дзяцей пайшлі па яе слядах — сталі шматдзетнымі, але рэкорда сваёй маці пакуль не дасягнулі. Зрабіць гэта паабяцаў унук Соф’і Іванаўны Пётр, у сям’і якога падрастаюць 6 дзетак.

Аб уласным мацярынскім выбары Соф’я Іванаўна ніколі не шкадавала, адно засмучае яе матчына сэрца, што не можа дапамагчы ўсім сваім дзецям, унукам і праўнукам. А тыя, наадварот, клічуць маці да сябе на пастаяннае месца жыхарства, стараюцца абуладкаваць яе быт: падвялі ваду ў дом, усталявалі сучасную пральную машыну, іншую бытавую тэхніку. А з набыццём дроў для паравога ацяплення выбітнай зямлячцы пааабяцалі дапамагчы ў сельсавеце.

У гэтыя дні ў бацькоўскім доме Шафранскіх ізноў загучаць цёплыя пажаданні, раздадуцца тэлефонныя званкі з віншаваннямі, а пакоі напоўняцца кветкавым водарам. Родныя ведаюць, што іх маці і бабуля — апантаны кветкавод, у яе калекцыі хатніх раслін знойдуцца і звычайныя фіялкі, і экзатычныя архідэі. Яшчэ адно захапленне жанчыны — чытанне. Яна актыўная карыстальніца сельскай бібліятэкі. Пасля інсульту рухацца стала цяжка, а таму кнігі і часопісы Іванаўне прыносяць на дом. Нямала выданняў жанчына выпісвае сама, раёнка сярод іх — у прыярытэце.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Фота аўтара.