Яўгенія Гарбузава: «Абжытыя мясціны мы пакідалі са слязамі на вачах»

2Трыццаць гадоў таму чарнобыльскі выбух узняў з наседжаных месцаў тысячы жыхароў Беларусі, прымусіў пакінуць малую радзіму ці мясцовасць, дзе паспелі прыжыцца, завесці дзяцей, дасягнуць чагосьці ў працоўнай дзейнасці. Сярод іх была і Яўгенія Гарбузава, якую Чарнобыль «перасяліў» у Сенненскі раён.

Нарадзілася і вырасла Яўгенія Міхайлаўна ў Гродзенскай вобласці. Пасля школы скончыла агранамічны факультэт Гродзенскага сельскагаспадарчарчага інстытута. Па размеркаванні трапіла ў г.Чачэрск Гомельскай вобласці. Пачала працаваць у раённым аб’яднанні «Сельгасхімія» старшым аграхімікам, праз год узначаліла аграхімічны аддзел. Атрымала пакой у інтэрнаце. Пазнаёмілася з добрым хлопцам, выйшла замуж, нарадзілася дачка. Звычайны жыццёвы шлях многіх. Сям’я, работа, што яшчэ трэба для простага чалавечага шчасця. Але ход жыцця (так і хочацца сказаць, мірны) абарваў  выбух на Чарнобыльскай АЭС. У гэты час жанчына была на сёмым месяцы цяжарнасці другім дзіцяці.

«Спачатку мы не ведалі ўсёй праўды аб катастрофе. Гаварылі, што недзе далёка на Украіне нешта ўзарвалася, — успамінае Яўгенія Міхайлаўна. — Ніякай інфармацыі аб пагрозе жыццю і здароўю людзей не было.»

Пазней работнікам санстанцыі, ветслужбы, а потым і агранамічнай, выдалі прыборы для вымярэння радыяцыі. Як высветлілася, многія з іх былі непавераныя, ды і карыстацца імі ўмелі не ўсе. Пасля адкрыцця Гомельскага філіяла Обнінскага інстытута радыялогіі арганізавалі абучэнне.

Да 1988 года ўсе дакументы з вымярэннямі ўзроўню  радыяцыі, зямельныя карты, на якіх былі пазначаны раёны забруджвання, адзначаліся грыфам «Для службовага карыстання» і захоўва­ліся ў сейфах. Лічбы трыма­ліся ў строгім сакрэце, бо ўлады баяліся панікі. «У Гомель па тэлефоне вынікі вымярэнняў перадаваліся ледзь не шэптам», — успамінае мая субяседніца.

Праз два гады пачалося «рассакрэчванне», «Советская Белоруссия» надрукавала карты забруджаных зямель. Вось тады да канца зразумелі ступень бяспекі і пачалі думаць пра пераезд. У пошуках новага месца жыхарства пабывалі нават у Калужскай вобласці. І ўсюды вазілі з сабой дазіметр.

Нечакана на рабочы тэлефон Яўгеніі Міхайлаўны патэлефанавалі з раённага цэнтра Сянно: кіраўнік  мясцовай райсельгасхіміі Мікалай Акінцінаў, які выпадкова даведаўся пра Гарбузаву ад былога яе саслужыўца, запрашаў на работу. К гэтаму часу ў адной з дачок пачаліся праблемы са зрокам. Дыягназ быў такі складаны, што нават у Мінску не змаглі падабраць патрэбныя акуляры, іх зрабілі толькі па спецыяльным заказе. І сама Яўгенія Міхайлаўна і яе муж таксама адчувалі збоі ў здароўі.

З аднаго боку маці не мела права рызыкаваць здароўем дзяцей, з другога — было цяжка пераадолець псіхалагічны бар’ер і паехаць, як кажуць, у свет з абжытага месца, дзе цябе ведаюць і цэняць, дзе шмат сяброў і знаёмых. «На Гомельшчыне вельмі добрыя, шчырыя і адкрытыя людзі, з якімі лёгка і камфортна жыць і працаваць. З суседзямі  па інтэрнаце, не павераце, мы нават ні разу не пасварыліся», — расказвае перасяленка.

Са слязамі на вачах пакідалі стаўшы ўжо родным куток.

На новым месцы спачатку было нязвыкла. Сельгасхімія яшчэ толькі абуладкоўвалася, нікога ў горадзе не ведалі. Як вобразна выказалася Яўгенія Міхайлаўна, павітацца не было з кім.

Але з цягам часу жыццё наладзілася. З выкананнем працоўных абавязкаў начальніка аграхімічнага аддзела спецыяліст з дзевяцігадовым стажам работы спраўлялася без складанасцей. Новы калектыў і кіраўніцтва хутка ацанілі прафесійныя і асабістыя якасці Яўгеніі Гарбузавай. Прыйшлося, праўда, крыху «паваяваць» за абяцаную перасяленцам кватэру. У 1994 го­дзе ўсяліліся ў трохпакаёўку.

Цяпер Яўгенія Міхайлаўна на заслужаным адпачынку (пасля выхаду на пенсію працавала яшчэ два гады). На сенненскай зямлі выраслі дочкі. Старэйшая Іна скончыла Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, працуе ў Віцебскай абласной інспекцыі па каранціне раслін. Малодшая Юлія мае дзве вышэйшыя адукацыі — скончыла філасофскі факультэт БДУ і лінгвістычны ўніверсітэт, дзе набыла спецыяльнасць перакладчыка-рэферэнта. Жыве і працуе ў Мінску. Муж Яўгеніі Міхайлаўны, Пётр Іванавіч, да гэтага часу працуе вадзіцелем у Сенненскай ЦРБ, куды ўладкаваўся ў 1990-м, калі прыехалі ў Сянно. Радуюць дзядулю з бабуляй двое ўнукаў.

Адным словам, жыццё зноў ідзе сваёй чаргой. Але ўсё ж успамінаецца Гомельшчына, дзе атрымала першае месца работы, сустрэла каханне, дзе стварыла сям’ю і магла б шчасліва жыць і сёння. Каб не Чарнобыль…

1

 Таццяна Буракова.

 Фота аўтара і з архіва сям’і Гарбузавых (Я. Гарбузава ў сярэдзіне  з калегамі па працы, 1986 г.).