Виктор Мелешко — один из тех механизаторов УП «Дружбинец», чья самоотверженная работа позволила вовремя посеять ранние зерновые и зернобобовые культуры
Віктар Мялешка — адзін з тых механізатараў УП “Дружбінец”, самаадданая праца якога дазволіла своечасова правесці сяўбу ранніх зерневых і зернебабовых культур, яравога рапсу. Зараз трактарыст займаецца падрыхтоўкай глебы на тых палетках, дзе будзе размяшчацца кукуруза.
За Віктарам замацаваны легендарны савецкі трактар, вядомы пад маркай “Кіравец”. Больш за тое, ён выпушчаны ў гады СССР і эксплуатуецца з 1994 года. Праўда, да нядаўняга часу магутную тэхніку выкарыстоўвала адна з арганізацый нафтаперапампоўваючага комплекса. Вясной сёлетняга года К-701 аказаўся на машынным двары УП “Дружбінец”. Ды вось бяда, жадаючых сесці за руль рарытэтнай тэхнікі не знайшлося. Яно і зразумела — апасаліся за тэхнічны стан машыны, ды і ўмовы працы з сучаснымі беларускімі трактарамі не параўнаеш. А вось Віктар Мялешка вырашыў паспрабаваць.
-Я тады якраз вярнуўся з Расіі, дзе некаторы час працаваў. Калі прапанавалі працу на радзіме, пагадзіўся. З такой тэхнікаў я меў справу раней, а калі прыступіўся да трактара, зразумеў — машына жывая. Трэба толькі прыкласці рукі,- расказаў у час размовы механізатар.
Не падвялі спецыялісты інжынернай службы. Дзякуючы зладжанай працы Дзяніса Жыдкіна, Аляксандра Трыбуля хутка знайшліся неабходныя для рамонту дэталі і вузлы, закіпела работа. І яна прынесла жаданы плён: трактар за час палявых работ ні разу не падвёў свайго новага гаспадара, хоць у полі даводзілася штодня працаваць па 10-12 гадзін.
— Зразумела, па камфорту Кіравец прыкметна саступае Беларусу. У ім няма кандыцыянера, механізатар фактычна не абаронены ад пылу. Усё гэта так. Затое мне камфортна працавалася побач з Яўгенам Жагулам, Ігарам Махровым, Андрэем Клімовічам, Вячаславам Скрагай, Уладзімірам Кандрацьевым, іншымі нашымі механізатарамі, бо яны надзейныя людзі, сапраўды адданыя хлебаробскай справе.
Дык ці трэба мне зноў ехаць у тую Расію,- разважае Віктар Мялешка. І няма ніякіх сумненняў, што ён зробіць правільны выбар.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
На здымку: Віктар Мялешка.
Фота аўтара.