Стихи поэтессы из Сенно вошли в поэтический сборник, посвящённый 70-летию Великой Победы

3=========

У Віцебску выйшаў паэтычны зборнік «Каб памяць жыла ў сэрцах пакаленняў», у які ўвайшлі вершы ветэранаў педагагічнай працы Віцебшчыны. У ліку аўтараў, чыя творчасць прадстаўлена ў выданні, наша зямлячка і адзін з пастаянных аўтараў літаратурнай старонкі раённай газеты Ларыса Гапеева (на здымку).

Зборнік прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і выдадзены па ініцыятыве Віцебскага абласнога Савета ветэранаў працы галіны і Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама. На працягу некалькіх месяцаў вялася работа па яго складанні. У выніку было адабрана 39 самадзейных аўтараў з 12 раёнаў.
На мінулым тыдні ў актавай зале гімназіі №8 г.Віцебска адбылася прэзентацыя кнігі, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы паэтам уручылі аўтарскія пасведчанні і салодкія падарункі. У ліку запрошаных на імпрэзу былі Ларыса Гапеева і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Дзергачова.
«Атмасфера мерапрыемства аказалася надзвычай пранікнёнай. Асабліва ўразіла музычна-літаратурная кампазіцыя, якую навучэнцы гімназіі падрыхтавалі на падставе твораў зборніка. Вельмі прыемна было чуць, як твае вершы гучаць з вуснаў дзяцей», — падзялілася ўражаннямі паэтка.
Варта адзначыць, што ўсе шэсць твораў, дасланыя Ларысай Сяргееўнай складальнікам, знайшлі адлюстраванне на старонках зборніка. Для паэткі выданне знакавае яшчэ і тым, што гэта першая паўнавартасная кніга з яе творамі. І спадзяёмся, яна толькі пачатак на шляху да персанальнага зборніка паэзіі.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.
Фота аўтара.