Сенненскія выбаркамы праводзяць праверку дакументаў, прадстаўленых вылучэнцамі

18 студзеня скончыцца рэгистрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. Да гэтага дня тэрытарыяльныя камісіі правяраюць звесткі пра ўсіх вылучэнцаў у кандыдаты.

У сераду, 11 студзеня, адбылося пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі Сенненскай выбарчай акругі №32 па выбарах у абласны Савет дэпутатаў. На яго павестку былі вынесены два пытанні: «Аб праверцы адпаведнасці парадку вылучэння кандыдата ў дэпутаты ў Віцебскі абласны савет дэпутатаў дваццаць восьмага склікання» і «Аб праверцы дакладнасці подпісаў выбаршчыкаў і адпаведных іх дадзеных».

У акруговы выбаркам паступілі два пакеты дакументаў ад патэнцыйных прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат. Кандыдатура Ірыны Ляўковіч вылучана двума спосабамі — ад працоўнага калектыву Сенненскага райспажыўтаварыства і ад грамадзян шляхам збору подпісаў. Сняжана Скарабагатава прадстаўляе Ліберальна-дэмакратычную партыю.

     На гэтым жа тыдні прайшло пасяджэнне і раённай выбарчай камісіі, на якім разгледжана пытанне «Аб арганізацыі работы па праверцы дакладнасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах і вызначэнні парадку адбору падпісных лістоў для праверкі». Як паведаміла старшыня раённага выбаркама Алена Дзергачова, на 29 акруг вылучана 34 прэтэндэнтаў, у тым ліку 4 — ад Камуністычнай партыі Беларусі, 19 — ад грамадзян шляхам збору подпісаў, яшчэ 11 чалавек вылучаны двума спосабамі — ад грамадзян шляхам збору подпісаў і працоўных калектываў.  

Вольга БАНДАРЭВІЧ.