Сенненские пенсионеры организовали клуб путешествий
Лета — найлепшая пара для падарожжаў. У гэтым упэўнены сенненскія пенсіянеры і Галіна Шынкевіч. Член прэзідыума раённага савета ветэранскай арганізацыі Сенненшчыны адказвае за культурна-масавую работу сярод пенсіянераў раёна. А яшчэ яна — ініцыятар стварэння клуба «Вандроўнік».
— У ваколіцах Віцебска гэтым летам мы пабывалі на сядзібе Ільі Рэпіна ў Здраўнёве, у Заронаве, дакладней, у мясцовым музеі, — расказала Галіна Мікалаеўна.
У Здраўнёве нашы землякі пазнаёміліся з жыццём і творчасцю вялікага мастака, які шмат часу праводзіў тут з сям’ёй, захапляліся копіямі яго работ, пагулялі па цяністых ліпавых алеях, удыхнулі водар бэзу, што быў высаджаны пры жыцці мастака, палюбаваліся з высокага берагу на Дзвіну. Не менш уражанняў у вандроўнікаў засталося пасля наведвання Заронаўскага музея. Ён прысвечаны гісторыі роднага краю, энтаграфіі, побыту продкаў. Ёсць у музеі раздзелы, якія расказваюць аб земляках — удзельніках Вялікай Айчыннай вайны, воінах-інтэрнацыяналістах, перадавіках вытворчасці. Стараннямі дырэктара музея Людмілы Нікіцінай, якая, дарэчы, экскурсію праводзіла на беларускай мове, сабраны шмат рэчаў савецкага перыяду: калекцыі гадзіннікаў, календароў, навагодніх цацак.
— Мы, як быццам, пабывалі ў маладосці, — не хавала Галіна Шынкевіч у час размовы.
Напярэдадні Дня Незалежнасці сенненскія пенсіянеры, аматары падарожжа, наведаліся ў Мінск, у музей Вялікай Айчыннай вайны. Яго экспанаты таксама нікога не пакінулі абыякавымі.
— Мы пераходзілі з адной залы ў другую і пачыналі разумець, як дрэнна ведаем гісторыю сваёй краіны, вайны, што прынесла столькі няшчасця нашаму народу, — разважае Галіна Шынкевіч. — Тым яскравей становяцца дасягненні сучаснай Беларусі. Любуючыся сталіцай, мы радаваліся за сваю краіну, ганарыліся нашым працалюбівым народам.
На зваротным шляху сенненскія вандроўнікі зрабілі прыпынак ля Кургана Славы. Гісторыка-культурнае збудаванне, абноўленае сёлета, стала не толькі больш велічнапрыгожым. Пашырылася яго выхаваўча-эмацыянальнае ўздзеянне на наведвальнікаў. Таму прыпынак быў даволі працяглым, што дазволіла ахвочым узняцца на вышыню рукатворнага кургана.
У планах «Вандроўніка» і Галіны Шынкевіч новыя падарожжы, у якія яны запрашаюць новых прыхільнікаў вывучэння роднага краю.