Верная справе педагога

n4s4Пасля двух гадоў працы ў сельскай мясцовасці большасць маладых спецыялістаў мяняе вёску на горад. Наталля Клімянцёнак (на здымку), настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Багушэўскай СШ №2 — выключэнне з правілаў.

Тры разы на тыдзень карэнная віцябчанка спяшаецца з абласнога цэнтра на працу ў гарпасялковую школу. У 5.00 — пад’ём, у 6.40 — дызель на Багушэўск, дамоў вяртаецца а палове шостай. Не кожны  вытрымае такі расклад дня. Але мая субяседніца не скардзіцца. «Стамляюся, аднак у гэтым ёсць і свая рамантыка, — прызнаецца яна. — Дарога супакойвае, натхняе».
Наталля Клімянцёнак адпрацавала ўстаноўлены тэрмін, аднак школу не пакідае. За непрацяглы час прыняла каларыт мясцовага школьнага жыцця. «Вабіць тое, што людзі тут шчырыя, прыветлівыя, чаго надта не хапае гараджанам. Зладжаны калектыў, спрыяльная ў ім атмасфера акрыляюць, даюць сілы і жаданне працаваць», — адзначыла настаўніца.
Яе ўрокі для вучняў —  школа самастойных пошукаў. Ды і сама педагог заўсёды ў пошуку эфектыўных форм і метадаў навучання. Як адзначыла Святлана Казлова, намеснік дырэктара па метадычнай рабоце, Наталля Клімянцёнак умее зацікавіць, арганізаваць дзяцей, таму і спяшаюцца яны на ўрокі маладога педагога з асаблівым жаданнем.
Настаўніца дае магчымасць раскрыцца кожнаму: творча, інтэлектуальна. На ўроках гісторыі вучыць правільна ацэньваць падзеі мінулых стагоддзяў, дзеянні гістарычных асоб, супастаўляць з сённяшнімі днямі, на ўроках грамадазнаўства — адстойваць сваю пазіцыю, бо ўпэўнена, гэта садзейнічае ў станаўленні дзіцяці як асобы. Урок-гульня, урок-пошук з выкарыстаннем віртуальнай экскурсіі — аблюбаваныя вучнямі нестандартныя формы ўрокаў.
Выкладчыцкую дзейнасць Наталля Мікалаеўна сумяшчае з класным кіраўніцтвам. Сцвярджае, што самыя яркія ўражанні ад працы з дзецьмі звязаны менавіта з гэтай работай. «З маім сённяшнім 7 класам кожны дзень не падобны на папярэдні», — дзеліцца настаўніца.
За кароткі час яна зарэкамендавала сябе дасведчаным спецыялістам. А пацвярджэнне таму — вынікі, якія паказваюць яе вучні. Яны неаднаразова станавіліся прызёрамі раённых і абласных алімпіяд па гісторыі. У мінулым годзе выпускніца школы Кацярына Шастоўская стала студэнткай гістарычнага факультэта вядучай вышэйшай навучальнай установы краіны — Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання дзяўчына атрымала 100-бальны сертыфікат па гісторыі Беларусі — найвышэйшая адзнака работы педагога.
«Працаваць у школе невялікага населенага пункта лёгка і ў той жа час няпроста. Лёгка, бо дзеці тут працавітыя, адкрытыя, а складана таму, што ў адказ на дзіцячую дабрыню настаўнік павінен адказаць тым жа. Важна напрацаваць аўтарытэт і падтрымліваць яго, каб не расчараваць сваіх навучэнцаў. Інакш цябе не будуць успрымаць», — лічыць маладая настаўніца.
Вопытныя педагогі, якія тры гады з паловай таму цёпла прынялі ў сваю  настаўніцкую сям’ю маладога спецыяліста, і сёння дапамагаюць Наталлі Клімянцёнак у яе прафесійным станаўленні, за што яна вельмі ўдзячна, бо добра разумее, што многаму яшчэ трэба вучыцца.

Ала ЯКАЎЛЕВА.