Лилия Пецкалёва, жительница аг.Студёнка, своё жизненное призвание нашла в сельском хозяйстве
Лілія Пецкалёва вучылася ў Віцебску на закройшчыцу, потым на прадаўца. Але сваё жыццёвае прызванне знайшла ў сельскай гаспадарцы.
Працоўную дзейнасць Лілія Міхайлаўна пачынала ў магазіне Студзёнкі, але доўга ў гандлі не затрымалася, бо выйшла замуж за мясцовага хлопца Міхаіла Пецкалёва, і ў хуткім часе нарадзіла сына. Пасля выхаду з водпуску па доглядзе за дзіцяці вяртацца за прылавак жадання не было, вырашала паспрабаваць сябе ў жывёлагадоўлі. Так яна трапіла на групу дарошчвання цялят, з якой працуе ужо больш за 22 гады.
Пасля месяца жыцця цяляты трапляюць у рукі Ліліі Міхайлаўны. Яны, як малыя дзеці, патрабуюць пільнай увагі. У абавязкі жывёлавода ўваходзяць догляд, паенне, кармленне і перадача ўжо сталай жывёлы даглядчыкам на адкорм, ў так званы «вялікі маладняк». Вопыт і майстэрства, працавітасць і стараннасць дапамагаюць ёй дамагацца добрых вынікаў у рабоце. Сярэднясутачныя прывагі кожнага з яе падапечных складаюць 650 грам.
— Месячные цяляты вельмі ўразлівыя, і іх стан напрамую залежыць ад умоў, у якіх яны ўтрымліваюцца, — распавядае пра сваю працу Лілія Пецкалёва. — Па магчымасці стараемся, каб малым было добра ў цялятніку. Схему кармлення выконваем. Спачатку поім малачком, а праз пэўную колькасць часу пераводзім цялят на грубыя і сакавітыя кармы.
Раніца Ліліі Міхайлаўны пачынаецца ў шэсць гадзін. На ферму хоць і к васьмі, але трэба з хатняй гаспадаркай справіцца, падаіць кароў, накарміць авечак і хатніх птушак. У адзінаццаць гадзін раніцы жанчына вяртаецца дадому. Вольнага часу — толькі да абеду. Хутка зварыць ежу для любімага мужа, управіцца па гаспадарцы, прыбярэ дом. А там ужо зноў пара ісці на ферму.
Працоўны дзень заканчваецца каля сямі вечара. Але нават пасля гэтага дазволіць сабе легчы і глядзець па ТБ любімую перадачу — магчымасці няма. Вячэрняя хатняя дойка абавязвае. І так вось жанчына штодня з самае раніцы да позняга вечара працуе, закасаўшы рукавы. І што цікава, зусім не скардзіцца на стомленасць.
— У гаспадарцы мяне не крыўдзяць, плацяць годна, — кажа Лілія Міхайлаўна. — А праца, яна, галоўнае, каб любімай была, тады не ў цяжар.
Анатолій МОСІН.
Фота аўтара.