Невядомы бой паміж дзвюх вёсак Балбасава і Звягі Сенненскага раёна

Слаўную старонку адвагі і мужнасці, бясстрашных подзвігаў упісалі ў летапіс гісторыі Вялікай Айчыннай воіны нашай арміі. З абрыўкаў аповедаў і па ўспамінах сведкаў тых далёкіх падзей мы паспрабавалі аднавіць некаторыя моманты бою, што адбыўся ў нашай мясцовасці, у полі паміж вёскамі Балбасава і Звягі (Рошчына) Сенненскага раёна. У гэтай гісторыі шмат няяснага, цьмянага, але галоўная складаючая — успаміны людзей. У прапануемай чытачу мастацкай інтэрпрэтацыі падаецца апісанне апошняга баявога шляху двух таварышаў, імёны якіх доўгі час былі невядомыя. Імя аднаго байца ўдалося ўстанавіць, дзякуючы мясцовым жыхарам.

Гэта было ў канцы чэрвеня 1944 года. Ад Віцебска, Оршы, Магілёва рушылі на захад магучыя танкавыя калоны, неўтаймоўная пяхота, імклівая конніца. Вялікую дапамогу армейскім часцям аказала ў той час разведка.

Верагодна, іх атрад знаходзіўся ў Аршанскім раёне. Кіламетраў за дзесяць размяшчаўся адзін з важнейшых у той час стратэгічных шляхоў — чыгунка «Смальяны» ў накірунку Орша — Лепель. А кіламетраў за сорак — важныя шасейныя дарогі, якія дазвалялі нямецка-фашысцкаму камандаванню здзяйсняць перакідку войскаў і баявой тэхнікі ўздоўж фронту… Ёсць таксама здагадкі, што лагер частак войскаў 40-га гвардзейскага палка мог размясціцца і ў старым лесе з густым падлескам, што быў у радыусе вёсак Балбасава і Звягі (Рошчына).

…У той цёплы, чэрвеньскі вечар хлопцы вярталіся з разведкі на конях (не выключана, што гэта была самаволка). Рухаліся па намечаным шляху. Ішлі глухімі прасёлкамі, абыходзячы вёскі. Разведчыкі стралковых часцей не забывалі пра асцярожнасць, бо маглі засекчы немцы. На выпадак небяспекі трымаліся бліжэй да вербалозу і пералескаў. Днём хаваліся, каб не ўбачылі мінакі. Начавалі ў лесе ці стозе сена, бывала, у лазні ці закінутай прыбудове. Звычайна грукаліся ў дзверы дома, які выглядаў багацей, прасілі паесці, асцярожна заводзілі размову, высвятлялі, ці не спыніліся ў вёсцы немцы. Упэўніўшыся, што небяспекі няма, заходзілі ў хату, уладкоўваліся на начлег, часцей у адрыне. Як правіла, жанчыны спачувалі такім гасцям, стараліся дапамагчы, дзяліліся апошнім.

Вось і ў гэты раз байцы вырашылі змяніць тактыку і зайсці адпачыць. Хутчэй за ўсё, калі верыць развагам мясцовых жыхароў, разведчыкаў было трое. Адзін з трох асцярожна павінен быў заходзіць у вёску, а двое — схавацца на ўскраіне і чакаць са зброяй на пагатове. У выпадку небяспекі трэці павінен стрэліць з вінтоўкі.

Ваенныя абышлі мясцовасць, нічога падазронага не заўважылі. Хлопцы ўсё ж на сваёй зямлі! Тым больш, падзеі апошніх дзён дазвалялі адчуваць сябе смялей (ужо не мы баяліся акружэнняў, а вораг). Заехалі ў крайнюю хату да цёткі Ліды (тут не аднойчы спыняліся нашы). Памыліся і перакусілі, заадно ўзялі з сабой харчу. Залеглі ў стозе, але амаль не спалі. Раніцай рушылі ў лагер у добрым настроі, нават не падазраючы, што іх высачылі.

У полі, паміж дзвюма вёскамі, разведчыкаў акружылі. Адзін з нашых салдат, які першым заўважыў гітлераўцаў, падняў трывогу. Хутчэй за ўсё, ён не патрапіў у поле зроку. Пра яго лёс нам нічога не вядома.

Аднак двум таварышам сыходзіць было ўжо позна. Рашэнне байцоў было адно: не здавацца, і яны падрыхтаваліся да схваткі. Ворагі прапанавалі сдацца. Фашысты хацелі ўзяць коннікаў жывымі. Але нашы адказалі агнём. Завязаўся бой. Немцы вялі метадычны агонь, прасоўваючыся групкамі. Чырвонаармейца ранілі. Хлопцы на імгненне разгубіліся. Адзін з іх узяў на сябе камандаванне. Ён яшчэ думаў, што можа прабіцца з акружэння да лесу, прыкрываючы сабой адыход. Але зноў адбылося непрадбачанае: баявога сябра раніла паўторна, ён зваліўся з каня, не мог устаць. Гвардзеец разлічваў вывезці байца з поля бою, аднак цяпер ужо яго выратаваць было немагчыма. Кальцо хутка сціскалася. Усё бліжэй і бліжэй фрыцы падыходзілі да вербалозу, акружаючы з усіх бакоў. Баец працягваў адстрэльвацца, але ў абойме засталася апошняя куля. На імгненне, магчыма, з’явілася думка пакінуць яе для сябе, аднак помста за сябра аказалася мацнейшай, і куля патрапіла ў немца. Адказ не прымусіў сябе чакаць — раздаўся смяротны выстрал. Салдат абмяк, конь рушыў у бок вёскі…

…Смерць герояў стала для нас іх бяссмерцем. Перад адважнасцю і мужнасцю воінаў сёння мы схіляем галовы. Апісаныя падзеі адбываліся падчас Віцебска-Аршанскай аперацыі. 11-я гвардзейская армія прарывала абарону праціўніка, у тым ліку ў лясіста-балоцістай мясцовасці.

Радавы Сцяпан Прохаравіч Патрасаў і яго таварыш (імя невядома) служылі ў 11-й гвардзейскай стралковай дывізіі 40-га гвардзейскага палка. Загінулі 27 чэрвеня 1944 года. Чырвонаамейцаў пахавалі вяскоўцы. Імя салдата Патрасава стала вядома толькі ў канцы 90-х. Дзякуючы мясцовай жыхарцы Ніне Якаўлеўне Казловай, сведцы тых падзей, была наладжана сувязь з сям’ёй загінуўшага. Родныя гвардзейца — дачка, унучка і зяць — тады прыязджалі, каб увекавечыць памяць свайго блізкага чалавека. Да помніка, які дагэтуль лічыўся помнікам невядомаму салдату, прымацавалі шыльду з прозвішчам героя. Месца пахавання даглядае старэйшына вёскі Звягі-Рошчына Вера Канстанцінаўна Багдановіч. У канцы 90-х жанчына разам з аднавяскоўцамі прысутнічала на сустрэчы з сям’ёй байца.

Сцяпану Патрасаву было 29 гадоў… На радзіме, у татарскім сяле Урсала Альмецьеўскага раёна ў яго заставалася жонка Агрыпіна Сямёнаўна і дзеці. Баявога таварыша Сцяпана пахавалі на могілках у вёсцы Балбасава Сенненскага раёна (яго цела знайшлі недалёка ад гэтай мясцовасці). Імя героя застаецца невядомым. Лёс трэцяга гвардзейца-разведчыка, на жаль, таямніца, якую, верагодна, мае быць разгадаць. Можна меркаваць, яму ўдалося застацца ў жывых і прабрацца да сваіх.

Мясцовыя жыхары — Вера Канстанцінаўна і сям’я Вольгі і Мікалая Казловых падзяліліся некаторымі дэталямі тых падзей, што расказвалі людзі. Якраз у той перыяд немцы зачышчалі сляды. Пасля свайго адыходу ў Звягах пакінулі двух сваіх памагатых. Пра гэта даведаліся нашы салдаты, прыйшлі ў вёску і бязлітасна расправіліся з ворагамі. Пакуль немцаў вялі ў канец паселішча, удакладняе Мікалай Казлоў — сын Ніны Якаўлеўны, жыхары назіралі, а дзеці беглі ўслед і крычалі абразы. Аднаго фрыца застрэлілі. А на другога было шкада нават куль – забілі рыдлёўкай. Можа, для кагосьці гэта здасца занадта жорсткім, аднак так народ помсціў за ўсё тое гора, што захопнікі прынеслі на нашу зямлю.

Надзея ЗУЕВА.

Паводле ўспамінаў жыхароў в.Звягі.

Фота прадастаўлены аўтарам.