Аграпрамысловы комплекс
Кіраўнік вобласці не хаваў – у параўнанні з 90-мі гадамі 20-га стагоддзя на Віцебшчыне ўзровень вытворчасці ў сельскай гаспадарцы знізіўся ў два разы. Сітуацыю трэба выпраўляць, бо ў выніку магутнасці перапрацоўчых малочных і мясных прадпрыемстваў прастойваюць, зніжаецца іх рэнтабельнасць. Павялічацца ў перапрацоўшчыкаў даходы, яны падзеляцца імі з сельгасарганізацыямі, хутчэй будуць вырашацца сацыяльныя праблемы, паляпшацца жыццё людзей. Аднак для гэтага неабходна ствараць новыя ўмовы гаспадарання на зямлі, у жывёлагадоўлі. Для гэтага ў вобласці плануецца сёлета пабудаваць 10 ферм на 2000 дойных кароў у кожнай.
— На іх мы збяром усё самае лепшае, што ёсць у Беларусі, у свеце. Надой будзе складаць 25 кілаграмаў на карову ў суткі. Гэта 500 тон малака – трэцяя частка таго, што дае вобласць у зімовы перыяд, — спадзяецца Мікалай Шарснёў.
На яго думку, больш актыўна трэба выкарыстоўваць мясцовую сыравінную базу (лес, торф, пясок), укладваць сродкі, сілы туды, дзе рэальна можна атрымаць аддачу.
Упраўленчы манеўр
Гаворачы пра прамысловы патэнцыял Віцебшчыны, кіраўнік вобласці нагадаў, што на долю “Нафтана” прыходзіцца каля паловы рэгіянальнага прадукта. Ён расказаў пра жаданне больш актыўна развіваць мясцовыя камунальныя прадпрыемствы. У вобласці ў гэтым накірунку зроблены першыя крокі – створана дзяржаб’яднанне прадпрыемстваў мясцовай прамысловасці, што павінна забяспечыць больш эфектыўнае кіраванне дзяржаўнай уласнасцю і кантроль над работай прадпрыемстваў.
— Давялі “КІМ” да ручкі і ў рэшце рэшт закрылі прадпрыемства. Быццам бы гэта рэспубліканская ўласнасць, але людзі нашы. Ці вось яшчэ прыклад: адразу ў некалькіх раёнах шыюць спецадзенне, але прадаць яго не могуць – перавытворчасць на рынку. Як не могуць дагаварыцца пра цэны “Кераміка” і Обальскі завод, якія выпускаюць аднолькавую цэглу. Часам рашэнне аб мадэрнізацыі прадпрыемства прымаецца толькі зыходзячы са слоў яго кіраўніка. Укладваюцца сродкі, бяруцца крэдыты, а дырэктар звольніўся і высвятляецца, што грошы былі пушчаны на вецер, — выказаўся аб набалелым кіраўнік аблвыканкама.
Новае аб’яднанне дазволіць палепшыць кіруемасць гэтай сферай, вызначаць прыярытэты, узгадняць дзеянне. У перспектыве ў новую структуру можа ўвайсці гандлёвы аддзел, які займецца рэалізацыяй прадукцыі, заключэннем дагавораў. Журналістаў цікавіла, як зрабіць эканоміку больш эфектыўнай, чаго ёй не хапае. Адказваючы на пастаўленыя пытанні, Мікалай Шарснёў спаслаўся на прыклад гаспадарак, якія знаходзяцца ў аднолькавых умовах. На адным добрыя паказчыкі, людзі атрымліваюць дастойную зарплату, у другім – ні прадукцыі, ні грошай.
— Як бы гэта банальна не гучала, але ў першую чаргу кадры вырашаюць усё, — не сумняваецца Мікалай Шарснёў. Ён расказаў аб уражаннях ад наведвання сельгаспрадпрыемства “Лаўрынаўка” Аршанскага раёна, адзін работнік вырабляе прадукцыі на 800 млн недэнамінаваных рублёў, што намнога больш чым на некаторых прадпрыемствах рэспубліканскай уласнасці. Ёсць станоўчыя зрухі ў аршанскіх малочнага і мясакамбінатаў. Нядаўна яны мелі шматлікія запазычанасці. Сёння працуюць і ніхто іх не збіраецца закрываць, — падкрэсліў Мікалай Шарснёў.
Улада і бізнэс
Узаемаадносіны паміж імі таксама былі ў цэнтры размовы на прэс-канферэнцыі. Старшыня аблвыканкама лічыць, што за апошнія гады ўзаемаадносіны паміж уладай і бізнэсам сфарміраваліся, а вось умовы для развіцця прыватнага прадпрымальніцтва, на жаль, не самыя лепшыя. Каб пачаць вытворчасць прадукцыі па новым інвестыцыйным праекце, патрэбны даволі працяглы час.
— Для маладога чалавека, які вырашыў пачаць сваю справу, патрэбны стартавы капітал. Дзе яго ўзяць, калі няма ні кватэры, ні машыны, але ёсць добрая ідэя. Мы выйшлі з прапановай на базе Аршанскага раёна правесці эксперымент – крэдытаваць пад бізнэс-план, а залогам будзе само будучае прадпрыемства. Паглядзім, што атрымаецца. Патрэбна стымуляваць ініцыятыўных людзей, каб яны ішлі ў бізнэс, — упэўнены Мікалай Шарснёў.
Інтэграцыя
У вобласці ствараюцца інтэграцыйныя структуры. Чаго чакае ўлада ад іх, якія праблемы існуюць, гэтыя і іншыя праблемы таксама цікавілі журналістаў.
— Пакуль прадпрыемствы існуюць паасобна, маюць уласны рахунак у банку і г.д. Мэта аб’яднання – вырабіць тавар, танны для пакупніка і канкурэнтаздольны на знешнім рынку. Паглядзіце, што адбываецца. Сельгаспрадпрыемства пастаўляе зерне на камбінат хлебапрадуктаў па вызначанай цане, яно вяртаецца ў гаспадарку ў выглядзе камбікармоў, даражэйшых у разы. У вытворчасці свініны і птушкі канцэнтраты займаюць 70%. Пакуль прадукт трапіць да спажыўца, ён пройдзе праз многія структуры, якія хочуць атрымаць прыбытак. У выніку і гаспадарка не багацее, і перапрацоўчыя прадпрыемствы бедныя, і гандаль не спешчаны. А грошы зніклі, — такая сітуацыя на думку Мікалая Шарснёва, павінна быць выпраўлена. З дапамогай інтэграцыйнай структуры капітал будзе цэнтралізаваны, скараціцца ўпраўленчы апарат.
Для інтэграцыйных структур набыта больш за 500 адзінак навейшай тэхнікі. Стварэнне сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базы працягваецца, што таксама дазволіць атрымаць максімальны эфект у эканоміцы.
Міждзяржаўнае супрацоўніцтва
Журналісты пацікавіліся вынікамі візіта старшыні аблвыканкама ў расійскія рэгіёны, у прыватнасці, у Астраханскую вобласць.
— Мы павінны сустракацца, размаўляць, каб лепш разумець адзін аднаго. Асабістыя, сяброўскія адносіны дапамагаюць хутчэй выбудоўваць эканоміку. Стаўку трэба рабіць на стварэнне сумесных прадпрыемстваў. Усе ведаюць аб перыядычна ўзнікаючых праблемах на малочна-мясным рынку. Калі б у нас была выбудавана эканоміка сумесных беларуска-расійскіх прадпрыемстваў, сыравінных зон, ферм, ніякіх малочных і мясных войн не было б. Гэта гарант работы абодвух бакоў. У будучым можна гаварыць аб агульных цэнах на газ, на энерганосьбіты і т. п., — лічыць Мікалай Шарснёў.
Пасля паездкі ў Астраханскую вобласць высветлілася, што там пабудавалі завод па перапрацоўцы малака. Але ён не працуе, бо няма сыравіны. Падчас размовы з кіраўніцтвам расійскага рэгіёна вырашана наладзіць сумесную вытворчасць. Віцебшчына будзе пастаўляць сыравіну, там яе перапрацоўваць і прадаваць. На парадку дня ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з Валгаградскай, Бранскай, іншымі абласцямі Расіі. Ва ўзаемаадносінах паміж рэгіёнамі двух дзяржаў важна зменшыць колькасць пасярэднікаў, якія павялічваюць кошт прадукцыі. Сустрэчы кіраўнікоў абласцей дапамагаюць вырашыць і такую праблему як допуск беларускай прадукцыі на ўжо сфарміраваны рынак.
Аб занятасці і краязнаўстве, спорце і адпачынку
Мікалай Шарснёў рэгулярна праводзіць “прамыя лініі” з жыхарамі раёна. Як яны праходзяць, якія праблемы ўзнімаюцца, таксама цікавіла журналістаў. Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што ўсе звароты да яго трымаюцца на жорсткім кантролі. Ён выказаў непаразуменне, чаму праблемы, якія можна вырашыць на першасным узроўні, даводзіцца вырашаць аблвыканкаму. Што найбольш турбуе кіраўніка вобласці? Занятасць насельніцтва – па гэтай прычыне ўсё больш зваротаў. Задача па мінімізацыі беспрацоўя вырашаецца. Стратныя прадпрыемствы перапрафіліруюцца, ствараюцца новыя. У гэтых абставінах важна захаваць кваліфікаваныя кадры. Гаворачы пра ўзровень падрыхтоўкі кадраў, кіраўнік вобласці лічыць, што трэба павысіць узровень адукацыі, у першую чаргу выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў, бо многія з іх на вытворчасці адчуваюць сябе бездапаможнымі, не валодаюць практычнымі навыкамі. Мікалай Шарснёў падтрымаў прапанову ўвесці ў школьны навучальны курс прадмет краязнаўства.
Завяршылася размова спартыўнай тэматыкай. На думку кіраўніка вобласці, трэба ствараць больш секцый, развіваць спорт, які не патрабуе вялікіх затрат, а галоўнае – ставіць у дварах, паблізу месцажыхарства людзей самыя простыя трэнажоры. Спорт дапамагае не толькі падтрымліваць чалавеку фізічную форму. Спорт павінен стаць для жыхароў вобласці філасофіяй жыцця.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
Президент Беларуси Александр Лукашенко прибыл с рабочим визитом в Казахстан. В Астане 28 ноября Глава…
Твердый характер и сильная мужская рука – то, что ежедневно помогает справляться с рабочими задачами…
Бабичев В.Г. — о тезисах, высказанных Главой государства на встрече со студентами столичных вузов. «Поскольку…
Комитетом госконтроля Витебской области уделяется особое внимание контролю качества оказываемых гражданам услуг банковскими, финансовыми (лизинговыми,…
Сотрудники ОГАИ Сенненского РОВД присоединились к республиканской профилактической акции, которая проходит под девизом «Меняй свой…
В период с 26 ноября по 6 декабря на территории Сенненщины сотрудники ОГАИ РОВД проведут…