Святослав Шутиков полвека в футболе

У футболе  забіць гол не самае галоўнае. Умець думаць, ацэньваць саперніка – вось тое, чым павінен кіравацца спартсмен, выходзячы на поле,  упэўнены Святаслаў  Шуцікаў, трэнер па футболе ФСК “Алімп”. 

Дарэмна прыводзіць іншыя довады, бо ён, як ніхто іншы, добра  разбіраецца ў футболе. Без малога паўвека ў гульні нумар адзін. Ведае пра яе літаральна ўсё. Як жартуе сам Святаслаў Васільевіч, футбол — самае вялікае каханне, раман з якім доўжыцца ўсё жыццё. Будучы дзесяць гадоў на пенсіі, ён працягвае займацца любімай справай — трэніраваць маладое пакаленне. У многім дзякуючы яму, сёння Сенненшчыну называюць футбольнай рэспублікай.

Святаслаў Васільевіч успамінае, што яшчэ з дзяцінства марыў звязаць сваё жыццё з гэтым відам спорту. А паспрыяў гэтаму яго бацька, які ў далёкім 1964 годзе набыў тэлевізар. Літаральна праз год у СССР пачаў масава развівацца футбол, гульні якога і трансліравалі па тэлебачанні. Тады яшчэ зусім юнага Святаслава Васільевіча было проста не адарваць ад прагляду матчаў. Ён памятае, як у 1965 годзе ў фінале Кубка СССР з лікам 2:1 Спартак (Масква) выйграў у Дынама (Мінск). З якім хваляваннем сачыў за гульнёй зборнай савецкага саюза ў 1966-ым у час Чэмпіянату свету, што праходзіў у Англіі.

“Пэўна, тады не было такога чалавека, які б не любіў гэты від спорту, — адзначае Святаслаў Шуцікаў. — Мы гулялі ў школе, у двары ў вольны ад вучобы час. Мы жылі тады гульнёй нумар адзін”. Сам Святаслаў Васільевіч з вёскі Свіракі, што ў Дуб­ровенскім раёне. Яшчэ калі быў вучнем шостага класа пачаў выступаць за зборную раёна школьнікаў. А туды, як вядома, бралі лепшых. Пасля заканчэння школы ён усвядомлена паступіў у Віцебскі тэхнікум фізічнай культуры на спецыялізацыю футбола і хакея, каб потым і самому прывіваць любоў маладому пакаленню да гэтай гульні.

Сёння, здаецца, ён і сам, крыху здзіўляючыся, адзначае, як шмат значыць для яго футбол і ўсё, што з ім звязана. 34 гады адпрацаваў настаўнікам фізкультуры ў СШ №1 г.Сянно. Увесь гэты час вёў секцыю па футболе. Выхаваў не адну плеяду добрых спартсменаў, якія адстойвалі гонар раёна, вобласці. Ёсць сярод іх і тыя, хто звязаў сваё жыццё з трэнерскай справай. Да прыкладу, Сяргей Кузмініч, які ў свой час гуляў за клуб вышэйшай лігі “Тарпеда-Кадзіна” (Магілёў), быў у скла­дзе “Дарыды”, “Нафтана”, “Тарпеда” (Жодзіна) і ў іншых клубах. У вышэйшай лізе Беларусі згуляў 245 матчаў і забіў 20 галоў. Сёння ў складзе трэнерскага штаба “Мінска”.

 Добры трэнер, выдатны гулец атрымаўся з Сяргея Галынчыка, які сёння разам са Святаславам Шуцікавым працуе з футбалістамі ФК “Сянно”. Усе сенненскія аматары футбола памятаюць, як каманда раёна ў 1997 го­дзе ўпершыню стала Чэпміёнам Віцебскай вобласці. У гэтым была таксама заслуга Святаслава Шуцікава, які і быў трэнерам каманды. 

Святаслаў Васільевіч можа доўга расказваць пра дасягненні юных выхаванцаў, з якімі працаваў некалькі гадоў назад, а таксама сённяшніх хлопчыкаў і дзяўчынак. З асаблівай цеп­лынёй успамінае турнір па міні-футболе, што праходзіў у Віцебску ў 2004 годзе. Тады яго каманда юнакоў заняла першае месца, прычым гульцы заваявалі ўсе магчымыя намінацыі.

Навучыць дзяцей гуляць у футбол — справа не з простых. Тут патрэбны моцныя нервы, вытрымка. Як паказала жыццё, з гэтай задачай Святаслаў Васільевіч спраўляецца як ніхто іншы. Яго любяць дзеці, з вялікім задавальненнем спяшаюцца на трэніроўкі. Як адзначаюць яго выхаванцы, Святаслаў Васільевіч не толькі навучыў гуляць у футбол, але і даў зразумець, што ў чарговы раз выходзячы на поле, яны адстойва­юць гонар раёна, каманды.

Сёлета партрэт Святаслава Шуцікава змешчаны на раённай Дошцы гонару. А гэта гаворыць пра тое, што яго праца адзначана на высокім узроўні. Як прызнаецца сам Святаслаў Васільевіч, гэта вынік працы ўсёй вялікай каманды, якая задзейнічана ў сферы спорту Сенненшчыны. Адзін бы нічога не зрабіў, гаворыць ён і дадае, што планаў па развіцці масавага футбола яшчэ шмат. А вось што будзе зроблена — пакажа час.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.