У футболе забіць гол не самае галоўнае. Умець думаць, ацэньваць саперніка – вось тое, чым павінен кіравацца спартсмен, выходзячы на поле, упэўнены Святаслаў Шуцікаў, трэнер па футболе ФСК “Алімп”.
Дарэмна прыводзіць іншыя довады, бо ён, як ніхто іншы, добра разбіраецца ў футболе. Без малога паўвека ў гульні нумар адзін. Ведае пра яе літаральна ўсё. Як жартуе сам Святаслаў Васільевіч, футбол — самае вялікае каханне, раман з якім доўжыцца ўсё жыццё. Будучы дзесяць гадоў на пенсіі, ён працягвае займацца любімай справай — трэніраваць маладое пакаленне. У многім дзякуючы яму, сёння Сенненшчыну называюць футбольнай рэспублікай.
Святаслаў Васільевіч успамінае, што яшчэ з дзяцінства марыў звязаць сваё жыццё з гэтым відам спорту. А паспрыяў гэтаму яго бацька, які ў далёкім 1964 годзе набыў тэлевізар. Літаральна праз год у СССР пачаў масава развівацца футбол, гульні якога і трансліравалі па тэлебачанні. Тады яшчэ зусім юнага Святаслава Васільевіча было проста не адарваць ад прагляду матчаў. Ён памятае, як у 1965 годзе ў фінале Кубка СССР з лікам 2:1 Спартак (Масква) выйграў у Дынама (Мінск). З якім хваляваннем сачыў за гульнёй зборнай савецкага саюза ў 1966-ым у час Чэмпіянату свету, што праходзіў у Англіі.
“Пэўна, тады не было такога чалавека, які б не любіў гэты від спорту, — адзначае Святаслаў Шуцікаў. — Мы гулялі ў школе, у двары ў вольны ад вучобы час. Мы жылі тады гульнёй нумар адзін”. Сам Святаслаў Васільевіч з вёскі Свіракі, што ў Дубровенскім раёне. Яшчэ калі быў вучнем шостага класа пачаў выступаць за зборную раёна школьнікаў. А туды, як вядома, бралі лепшых. Пасля заканчэння школы ён усвядомлена паступіў у Віцебскі тэхнікум фізічнай культуры на спецыялізацыю футбола і хакея, каб потым і самому прывіваць любоў маладому пакаленню да гэтай гульні.
Сёння, здаецца, ён і сам, крыху здзіўляючыся, адзначае, як шмат значыць для яго футбол і ўсё, што з ім звязана. 34 гады адпрацаваў настаўнікам фізкультуры ў СШ №1 г.Сянно. Увесь гэты час вёў секцыю па футболе. Выхаваў не адну плеяду добрых спартсменаў, якія адстойвалі гонар раёна, вобласці. Ёсць сярод іх і тыя, хто звязаў сваё жыццё з трэнерскай справай. Да прыкладу, Сяргей Кузмініч, які ў свой час гуляў за клуб вышэйшай лігі “Тарпеда-Кадзіна” (Магілёў), быў у складзе “Дарыды”, “Нафтана”, “Тарпеда” (Жодзіна) і ў іншых клубах. У вышэйшай лізе Беларусі згуляў 245 матчаў і забіў 20 галоў. Сёння ў складзе трэнерскага штаба “Мінска”.
Добры трэнер, выдатны гулец атрымаўся з Сяргея Галынчыка, які сёння разам са Святаславам Шуцікавым працуе з футбалістамі ФК “Сянно”. Усе сенненскія аматары футбола памятаюць, як каманда раёна ў 1997 годзе ўпершыню стала Чэпміёнам Віцебскай вобласці. У гэтым была таксама заслуга Святаслава Шуцікава, які і быў трэнерам каманды.
Святаслаў Васільевіч можа доўга расказваць пра дасягненні юных выхаванцаў, з якімі працаваў некалькі гадоў назад, а таксама сённяшніх хлопчыкаў і дзяўчынак. З асаблівай цеплынёй успамінае турнір па міні-футболе, што праходзіў у Віцебску ў 2004 годзе. Тады яго каманда юнакоў заняла першае месца, прычым гульцы заваявалі ўсе магчымыя намінацыі.
Навучыць дзяцей гуляць у футбол — справа не з простых. Тут патрэбны моцныя нервы, вытрымка. Як паказала жыццё, з гэтай задачай Святаслаў Васільевіч спраўляецца як ніхто іншы. Яго любяць дзеці, з вялікім задавальненнем спяшаюцца на трэніроўкі. Як адзначаюць яго выхаванцы, Святаслаў Васільевіч не толькі навучыў гуляць у футбол, але і даў зразумець, што ў чарговы раз выходзячы на поле, яны адстойваюць гонар раёна, каманды.
Сёлета партрэт Святаслава Шуцікава змешчаны на раённай Дошцы гонару. А гэта гаворыць пра тое, што яго праца адзначана на высокім узроўні. Як прызнаецца сам Святаслаў Васільевіч, гэта вынік працы ўсёй вялікай каманды, якая задзейнічана ў сферы спорту Сенненшчыны. Адзін бы нічога не зрабіў, гаворыць ён і дадае, што планаў па развіцці масавага футбола яшчэ шмат. А вось што будзе зроблена — пакажа час.
Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.
Экологическому воспитанию в Студёнковской школе уделяют пристальное внимание. На протяжении последних пяти лет учащиеся, их…
На данный момент в Беларуси действует 121 сертификат, выданный 38 отечественным предприятиям, на право маркировки…
Познавательные потребности людей разных возрастов удовлетворят сотрудники турцентра «Сенно». Ими разработаны более 20 экскурсионных маршрутов.…
Сельское хозяйство ни на что не променяю – это мое призвание и любимое дело, говорит…
Новшества в условиях оплаты труда работников бюджетных организаций, предусмотренные Указом Президента Республики Беларусь с 1…
В Сенненском районном исполнительном комитете выездной прием граждан провела депутат Витебского областного Совета депутатов Елена…