17 ноября отмечается Международный день борьбы с курением. “Голас Сенненшчыны” провёл небольшой блиц-опрос, чтобы узнать как относятся к курению сенненцы.
Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, такая распаўсюджаная звычка, як тытунекурэнне, правакуе 90% смерцяў ад раку лёгкіх, хранічнага бранхіту і ішэмічнай хваробы сэрца. На долю тытуню прыходзіцца адна з дзесяці смерцяў сярод дарослага насельніцтва.
Нягледзячы на вялікую колькасць інфармацыйных кампаній, паўсюдную антытытунёвую рэкламу далёка не ўсе курыльшчыкі гатовы адмовіцца ад шкоднага, але такога звыклала занятку. Анколагі прапанавалі хаця б адзін дзень у годзе правесці без цыгарэты. Гэты дзень — кожны трэці чацвер лістапада.
Каб даведацца, як адносяцца да курэння сенненцы, мы правялі невялікае бліц-апытанне.
Васіль, 28 гадоў:
— Яшчэ ў дзяцінстве, калі ляжаў у бальніцы, убачыў, як медсястра несла рэнтгенаўскія здымкі. Спытаў у маці, што гэта. «Гэта лёгкія людзей. Бачыш, якія чорныя. Гэта таму, што яны кураць цыгарэты», — адказала мама. Такі адказ і выгляд «чорных лёгкіх» вельмі ўразіў і застаўся ў памяці. Таму курыць нават не пачынаў, і лічу, што адмоўныя адносіны да тытуню трэба фарміраваць з дзяцінства.
Рыгор, 50 гадоў:
— Да цыгарэт прызвычаіўся гадоў з дванаццаці. Пачаў, як кажуць, на дурны розум, а кінуць цяпер не магу, хаця спрабаваў некалькі разоў, бо разумею, што курэнне шкодзіць здароўю. Ды і не толькі разумею: згубіў ужо здароўе, і напэўна ў немалой ступені з-за тытуню.
Канстанцін, 18 гадоў:
— Першую зацяжку зрабіў у шэсць гадоў. Вельмі хацелася паглядзець, што гэта за задавальненне такое. Усе ж у сям’і кураць, і бацька, і старэйшыя браты, так што тытунёвага дыму панюхаў яшчэ з калыскі. Першая спроба скончылася амаль не стратай прытомнасці і матчынай лупцоўкай. Потым прывык. Цяпер і хавацца ад маці не трэба. Пра шкоду ведаю, але пакуль не адчуваю.
Аляксандр Барысавіч, 65 гадоў:
— Я курэц з 45-гадовым стажам. Ведаю, безумоўна, пра шкоду тытуню, але кінуць не магу, хаця кашаль літаральна забівае. Можна было б пазбегнуць і многіх іншых балячак, каб не курыў. Маладым раю: лепш не пачынаць, чым потым усё жыццё спрабаваць кінуць і пакутваць ад набытых хвароб.
Саша, 14 гадоў:
— Пачаў курыць, таму што ўсе мае сябры кураць. Не хачу быць сярод іх белай варонай. Пра шкоду курэння ведаю, у школе шмат расказваюць. Але пакуль пра гэта не думаю, не хачу толькі хваляваць маці, таму дома не куру і цыгарэты з запалкамі хаваю за межамі кватэры.
Марына, 30 гадоў:
— Да замужжа курыла. Але муж быў катэгарычна супраць. Спачатку хавалася з цыгарэткай ад яго. А калі зацяжарала, кінула зусім. І больш цыгарэту ў рукі не брала. Дзяўчатам, будучым мамам, варта падумаць не пра так званы імідж, а пра здароўе свайго дзіцяці.
Як бачым, курцы, нават аматары цыгарэт з немалым стажам, не назвалі курэнне задавальненнем, а наадварот амаль усе спрабавалі і спрабуюць пазбавіцца ад гэтай шкоднай звычкі.
Сапраўды, у нашым і без таго складаным свеце, шукаць лішнія праблемы могуць толькі вельмі легкадумныя людзі.
Таццяна Буракова.
А что думают по этому поводу посетители нашего сайта?