Пудовыя надоі зімой — гэта магчыма, упэўнены ў СУП «Саўгас імя Машэрава»
На малочнатаварных фермах камунальнага сельгаспрадпрыемства “Саўгас імя Машэрава” ў гэтыя дні валавая вытворчасць малака ў суткі складае больш за 20 тон, агульнараённы здабытак грамадскіх сельгасарганізацый – 74 тоны. Яшчэ некалькі красамоўных лічбаў. Каля 70% прадукцыі машэраўцы рэалізуюць гатунтам “экстра”, астатняе – вышэйшым. Сутачны надой на карову перавышае 15 кілаграмаў.
Нават у 30-градусныя маразы вытворчы працэс на фермах ішоў без эксцэсаў. Не было перабояў ні з падачай вады, ні з дастаўкай кармоў.
Аснову вытворчасці малака, безумоўна, складаюць травяныя кармы. Іх у саўгасе на сёлетні стойлавы перыяд назапашана амаль на 5 цн кармавых адзінак больш, чым летась. Палепшылася якасць, бо сянаж, сілас закладваліся пераважна з бабовых траў ці ў сумесях, дзе пераважала канюшына.
На падвозе кармоў на фермы штодня занята каля 20 адзінак трактароў. Яны агрэгатаваны не толькі кормараздатчыкамі. Штодня на ўсе фермы дастаўляецца салома, сена ў рулонах, запакаваных у поліэтыленавую плёнку. У такой жа ўпакоўцы ёсць сёлета ў саўгасе і сілас. Яго пераважна выкарыстоўваюць на фермах вёсак Бялькі і Обаль, дзе ўтрымліваецца маладняк .
У рацыёне пастаянна прысутнічаюць канцэнтраты.
— Для дойнага статку выкарыстоўваем камбікорм, які рыхтуецца шляхам размолу зерня непасрэдна ў гаспадарцы з выкарыстаннем спецыяльнай машыны Віцебскага КХП, дабаўленнем прэміксаў. Маладняк атрымлівае спецыяльныя збалансаваныя па пажыўных рэчывах і вітамінных дабаўках канцэнтраты. Тут нам на дапамогу прыходзіць Віцебскі мясакамбінат, у структуру якога мы інтэграваны. Не, гэта не бясплатная падачка. А вось за адтэрміноўку па выплаце партнёру мы ўдзячны, — не хавае Алена Стрыжэннікава, галоўны эканаміст саўгаса імя Машэрава.
Нягледзячы на багаты кармавы стол жывёлы, машэраўцы не адмовіліся ад выкарыстання брагі. За ёй штодня ў Янова адпраўляецца па дзве адзінкі тэхнікі.
Дакладна арганізавана на фермах праца людзей. Ад тэхналагічных патрабаванняў не адступаюцца не толькі на комплексе ў Масорах, дзе працуе даільная зала, але і на іншых фермах. У саўгасе звязваюць надзеі на новыя дасягненні з працай зааветслужбы. З мая яе ўзначальвае малады спецыяліст Анастасія Мамойка. Дакладнае выкананне тэхналагічных патрабаванняў, распарадку рабочага дня, пошукі новых падыходаў, вось тыя козыры, якія дапамогуць рухацца далей наперад.
— Дарэчы, наша зааветслужба за апошнія гады прыкметна амаладзілася, адбылася змена пакаленняў. Але гэта не адбілася адмоўна на вытворчасці. Наадварот, вялікі вопыт Тамары Замасціновіч, былога галоўнага заатэхніка гаспадаркі, засвоены моладдзю, творча пераасэнсаваны, — лічыць Алена Стрыжэннікава.
Добрыя вынікі ў жывёлагадоўлі дапамагаюць павялічваць даходы саўгаса. А таму гаспадарка мае магчымасць весці падрыхтоўку тэхнікі да веснавых палявых работ, дастаўляць арганіку на палеткі, працаваць на будучы ўраджай. Такі вось сялянскі колазварот.
Аляксандр ІЎЕЎ.