Карэспандэнт «ГС» высвятляў, дзе на Сенненшчыне растуць дрэвы-старажылы
Згодна з інфармацыяй Інстытута батанікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, што маецца ў свабодным доступе ў інтэрнэце, на тэрыторыі краіны расце больш за 70 дрэў, узрост якіх перавышае некалькі вякоў. Усе яны з’яўляюцца помнікамі прыроды і ахоўваюцца дзяржавай. У спісе пераважаюць дубы. Пажэжынскаму волату, што ў Маларыцкім раёне на Брэсцкай вобласці, не менш за 800 гадоў.
Спіс дрэў-доўгажыхароў пашыраецца дзякуючы спецыяльнаму праекту НАН, што рэалізуецца ў першую чаргу дзеля ўтылітарнага інтарэсу. Вучоных-батанікаў цікавіць, чаму гэтыя дрэвы змаглі так доўга пражыць. Хутчэй за ўсё, як і ў людзей-старажылаў, у дрэў добрая генетыка. А значыць, іх насенне трэба збіраць, выкарыстоўваць для вырошчвання саджанцаў. Важнасць гэтай справы абумоўлена яшчэ і кліматычнымі зменамі, што апошнім часам назіраюцца і прынеслі прыродзе нямала шкоды.
Ці ёсць на Сенненшчыне дрэвы-доўгажыхары? Безумоўна! Дзіўна, аднак рэдакцыі аб іх спецыялісты лясгаса фактычна нічога не расказалі, нават адмаўлялі наяўнасць іх у лясным фондзе.
-Магчыма недзе за яго межамі дубы-волаты ёсць, — няўпэўнена выказаўся Сяргей Шпігун.
Між тым толькі на тэрыторыі Сафіёўскага лясніцтва расце чатыры дубы, узрост якіх перавышае 230 гадоў, каля вёскі Новае Сяло – сасна, равесніца Багушэўска. Гэтая інфармацыя – вынік навуковых даследаванняў вучоных Інстытута эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча НАН Беларусі, праведзеных мінулым летам па ініцыятыве Багушэўскага аддзялення дзённага наведвання для грамадзян сталага ўзросту ТЦСАН.
Ёсць дубы-волаты і ў іншых месцах Сенненшчыны. У прыватнасці, два расце каля вёскі Канашэва Какоўчынскага сельсавета. Іх дыяметр, па інфармацыі нашых чытачоў, складае больш за 1,5 метра. Каб ахапіць ствол дрэў рукамі, спатрэбіцца не менш чатырох дарослых людзей. Дубы на самой справе растуць па-за лясным масівам, у полі. А вось дуб-волат непадалёк ад Купаваці такіх жа памераў пасяліўся ў гушчары лесу. Адрозніваецца ад сваіх братоў хіба што знешнім выглядам – дрэва на дзіва стройнае, дасягнула ў вышыню не менш як 30 метраў. Па ўсім лесе паблізу рассяліліся яго дзеці і ўнукі, такія ж гонкія і стройныя. Можа гэта іх генетычная асаблівасць, вельмі прывабная для чалавека? А магчыма, дубы проста цягнуцца да сонца…
Колькі гадоў нашым дубам-волатам? Спецыялісты лясной гаспадаркі дакладна сказаць не могуць. Спецыяльных даследванняў не праводзілася. Па іх меркаванні – не больш за тры стагоддзі. Мясцовыя жыхары ў адносіне да Купавацкага дуба на падставе меркавання Аляксея Журава, лясніка, які некалі жыў у вёсцы Леснікова, сцвярджаюць – каля 500 гадоў. У любым выпадку, пад гэтым дубам мог адпачываць, прызначаць сустрэчы, праводзіць нарады легендарны партызанскі камандзір брыгады Канстанцін Заслонаў. Чаму б да дрэва не пракласці экалагічную сцяжынку і тым самым не павялічыць экскурсійную прывабнасць навакольных мясцін?
Думаецца, ведаць асаблівасці нашых лясоў важна не толькі з гаспадарчага пункту гледжання. Інфармацыя пра дрэвы-волаты між волі выклікае гонар за родныя мясціны, Радзіму. У рэшце рэшт, яна паслужыць пашырэнню ведаў аб нашых прыродных багаццях.
Аляксандр ІЎЕЎ.
НА ЗДЫМКАХ: Купавацкі дуб-волат
Фота аўтара.
Дарэчы
Самым старым дубам Віцебшчыны лічыцца Цар-дуб у Лепельскім раёне. Па афіцыйных звестках, яму больш чым 400 гадоў. Дрэва знаходзіцца ў ваколіцы вёскі Тадуліна, ахоўваецца лясной службай, сюды пракладзены экскурсійны маршрут.