Спрашивали-отвечаем Автомобиль: быть собственником или пользоваться?
Часам у натарыяльную кантору звяртаюцца грамадзяне, якія не разумеюць, чаму ім прыйшоў штраф за парушэнне правілаў ваджэння аўтамабіля, хаця аўто прададзена па даверанасці.
— Як паказвае натарыяльная практыка, расказвае загадчык натарыяльнай канторы Сенненскага раёна Марыя ФЁДАРАВА, грамадзяне вельмі часта блытаюць даверанасць на валоданне, карыстанне і распараджэнне транспартным сродкам (так званую “генеральную” даверанасць) з дагаворам куплі-продажу.
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб некаторых мерах па ўпарадкаванні здзелак па адчужэнні транспартных сродкаў”, дагаворы куплі-продажу, мены, дарэння аўтатранспарту ажыццяўляюцца ў простай пісьмовай форме і падлягаюць рэгістрацыі ў рэгістрацыйных падраздзяленнях Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў. Па жаданіі бакоў указаныя здзелкі могуць быць засведчаны натарыусам. Аўтаўладальнікі павінны ведаць, што толькі ў выпадку заключэння аднаго з указаных вышэй дагавораў адбываецца пераход права ўласнасці на транспартны сродак ад папярэдняга ўласніка да пакупніка.
У выпадку выдачы “генеральнай” даверанасці на аўтамабіль пераход права ўласнасці не адбываецца. Той, хто ўказаны ў пасведчанні аб рэгістрацыі транспартнага сродку як уладальнік, нясе адказнасць у выпадку фіксацыі парушэння спецыяльнымі тэхнічнымі сродкамі, маючымі функцыі фота- і кіназдымкі, відэазапісу.
Пры здзяйсненні дарожна-транспартнага здарэння, калі віноўнік аварыі знік, а рэгістрацыйны знак аўтамабіля запомнілі відавочцы, уласніку давядзецца даказваць, што не ён кіраваў аўтамабілем, што аўтамабіль перададзены іншай асобе ў часовае карыстанне.
А тым, хто атрымаў натарыяльна засведчаную даверанасць на валоданне, карыстанне і распараджэнне транспартным сродкам, трэба памятаць наступныя важныя моманты. Першы: вы не купілі аўтамабіль, не сталі яго ўласнікам, нават калі перадалі за аўто абумоўленую суму грошай. Другі: даверанасць мае тэрмін дзеяння. Акрамя гэтага, асоба, выдаўшая яе, мае права ў любы час яе адмяніць. Трэці: у выпадку здзяйснення сапраўдным уласнікам злачынства на яго маёмасць, у тым ліку і аўтамабіль, можа быць накладзены арышт. Віноўнай асобе можа быць прызначана пакаранне ў выглядзе канфіскацыі маёмасці. Чацвёрты: у выпадку смерці асобы, якая выдала даверанасць, гэта даверанасць спыняецца. У гэтым выпадку нашчадкі павінны аформіць спадчыну на аўтамабіль і зарэгістраваць яго на сваё імя. І не факт, што новы ўласнік прыме да ўвагі папярэднюю перадачу грошай за аўтамабіль і не запатрабуе новую суму. Пяты: даверанасць спыняе сваё дзеянне і ў выпадку смерці асобы, якой яна выдадзена.
Ва ўсіх пералічаных сітуацыях справа можа скончыцца судовым разбірацельствам. Каб пазбегнуць гэтага, трэба правільна дзейнічаць з самага пачатку. Калі вы хочаце, каб аўтамабіль быў вашай уласнасцю, заключыце дагавор. Калі хочаце часова пакарыстацца аўтамабілем без выплаты ўласніку яго кошту, можна аформіць даверанасць.
Таццяна Буракова.