На цэнтральным стадыёне г. Сянно прайшла спартакіяда сярод каманд сельскіх Саветаў і працоўных калектываў раёна
Прыцягваць вяскоўцаў, працаўнікоў розных галін вытворчасці да заняткаў фізічнай культурай і спортам, здаровага ладу жыцця — мэта арганізатараў гэтага мерапрыемства.
Павітаць і падбадзёрыць удзельнікаў спартакіяды прыйшлі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Людміла Аніськовіч і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Мяцеліца.
Паспаборнічаць у спартыўных дысцыплінах прыехалі спартсмены-аматары з усіх васьмі сельсаветаў. А вось раённыя арганізацыі прадставілі толькі сем каманд. На жаль, многія прадпрыемствы штогод ігнаруюць выступленне ў спартакіядзе. Да прыкладу, райспажыўтаварыства і Сенненскае ПМС, маючы немалыя калектывы, заяўку на ўдзел у спаборніцтве сёлета не падалі.
На розных пляцоўках стадыёна адначасова праходзілі спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, падыманні гіры, гульні ў гарадкі, выкананні фізкультурна-аздараўленчага комплексу практыкаванняў.
Сярод сельсаветаў лідарства ў агульным заліку заваяваў Багданаўскі. Другое месца дасталася Какоўчынскаму сельсавету, трэцяе — Ходцаўскаму. Прыемна, што падтрымаць сваіх вясковых спартсменаў прыехалі некаторыя старшыні сельвыканкамаў.
Больш упарта ішла барацьба сярод каманд, што прадстаўлялі раённыя арганізацыі. Перамога ў падыманні гіры не дапамагла кандыдату ў майстры спорту па гіравым спорце Сяргею Кацару вывесці каманду РВЭС у тройку лідараў. Маючы на рахунку першыя месцы ў спаборніцтвах па стральбе і фізкультурна-аздараўленчым комплексе, а таксама другое па падыманні гіры, перамогу святкавалі выратавальнікі Сенненскага РАНС. У кроку ад іх, на другім месцы, размясціліся «газавікі» з РВУ «Сяннорайгаз». Замкнуў тройку лідараў мінулагодні чэмпіён спартакіяды — каманда ПС «Сянно».
Заняўшы апошняе месца, дэбютанты сёлетняй спартакіяды — каманда райкама Камуністычнай партыі Беларусі на чале з першым сакратаром Уладзімірам Бяляцкім пацвердзіла знакаміты прынцып: «Галоўнае — не перамога, а ўдзел».
Усе прызёры асобных відаў спаборніцтваў атрымалі граматы, а пераможцы выніковых падлікаў — яшчэ і кубкі.
Ірына ХАСАНАВА.