19 студзеня ў нашай краіне адзначаецца Дзень выратавальніка
19 студзеня ў нашай краіне адзначаецца Дзень выратавальніка. Супрацоўнікі Сенненскага РАНС заўсёды віншуюць сваіх калег, ветэранаў пажарнай службы. Не забываюцца на пажарнага інспектара «ў адстаўцы».
— З усіх ветэранаў пажарнай службы, пэўна, я самы старэйшы, — усміхаецца Вячаслаў Міхайлавіч Лях.
У Сянно ён прыехаў у 1959 годзе пасля заканчэння Львоўскага пажарна-тэхнічнага вучылішча МУС СССР . Маладому пажарнаму інспектару Ляху, які ў раёне на той час быў адзіным спецыялістам гэтага профілю, далі каня з калёсамі, веласіпед — толькі працуй. Зімой на санях, летам на калёсах даязджаў да самых аддаленых вёсак, каб праверыць пажарны стан памяшканняў школ, ферм, ФАПаў, адміністрацыйных будынкаў калгасаў і прадпрыемстваў раёна.
— Падпарадкоўваліся мы ў той час Міністэрству ўнутраных спраў, — працягвае мой субяседнік. — Гэта потым з’явілася асобная структура — інспекцыя дзяржаўнага пажарнага нагляду. А цяпер увогуле асобна існуюць міліцыя, МНС. Аднак і кола работы выратавальнікаў значна пашырылася.
У Вячаслава Ляха былі розныя пасады. Быў і старэйшым інспектарам, начальнікам інспекцыі дзяржпажнагляду. Расследаваў не толькі прычыны ўзнікнення пажараў. Загружалі і па лініі міліцыі: дзяжурствамі па райаддзелу, рэйдамі з інспектарамі ДАІ. Дапамагаў участковым інспектарам, добраахвотным пажарным дружынам.
Ветэрану пажарнай службы ёсць што ўспомніць. У 1965 годзе ў в.Обаль зга рэў свінарнік, дзе загінула больш двухсот галоў свіней. У 1970-х быў моцны пажар на Сенненскім льнозаводзе. Тушыць яго прыехала каля 20 адзінак пажарнай тэхнікі, у тым ліку з абласнога цэнтра. Ваду бралі з Тухінскага возера. Вячаслаў Міхайлавіч тады ледзь выбраўся з агорнутага агнем завода. Не забудзе выпадак, як на пажары фермы ў в.Цясы жывёлаводы выратавалі больш сотні галоў жывелы да прыезду выратавальнікаў. За гэта яны былі ўзнагароджаны медалямі «За адвагу».
Шэраг узнагарод мае і Вячаслаў Лях. У большасці — юбілейныя.
У 1984 годзе Вячаслаў Міхайлавіч пайшоў на пенсію. Аднак адпачываць не збіраўся. Працаваў у міліцыі, вартаўніком. Дома заўсёды была гаспадарка, агарод, якія не давалі сумаваць. Сёння час ад часу ходзіць на рыбалку. Асабліва ўлетку, бо зімой «ногі буксуюць».
Захандрыць не даюць і родныя Вячаслава Ляха. Жыве ён разам з дачкой і яе сям’ёй. Недалёка, у Багушэўску, і другая дачка. І гэта радуе, бо часта ў сталым узросце людзі жывуць плячо ў плячо з адзінотай. Ды і з боку маладых калег Вячаслаў Міхайлавіч не застаецца без увагі, што для яго таксама важна!
Ірына ХАСАНАВА.
Фота аўтара.