Сегодня спасатели Беларуси отмечают свой профессиональный праздник
У Вячаслава Цыплякова, жыхара райцэнтра, пытання аб выбары прафесіі пасля заканчэння школы ніколі не ўзнікала. Ён заўсёды быў упэўнены, што звяжа сваё жыццё з працай у МНС. І сёння, маючы за плячыма восем гадоў службы, малады чалавек сцвярджае, што прафесійны шлях абраў свядома.
У яго было з каго браць прыклад, на каго раўняцца: заўсёды хацелася быць падобным на свайго бацьку-ратавальніка. Той усё жыццё прысвяціў працы ў Сенненскім РАНС, годна нёс службу. Быў кіроўцам. Вось ужо як пяць гадоў на пенсіі. А ў свой час і дзядуля Уладзімір уваходзіў у каманду пажарных, якая была сфарміравана пры калгасе ў Алексінічах.
Дапамагаць людзям, што б ні здарылася, нават, калі і давядзецца ахвяраваць сваім жыццём – у гэтым і ёсць бацькоўская навука. Сапраўдны мужчына ва ўсіх сітуацыях павінен заставацца мужчынам: самаадданым, разважлівым. Менавіта гэтага і прытрымліваўся Вячаслаў, калі пасля службы ў арміі пайшоў уладкоўвацца на працу ў Сенненскі РАНС. Праўда, тут маладому чалавеку адмовілі, бо не было месца. Прапанавалі заняць пасаду камандзіра аддзялення ПАВЧ у Чашніках. Адлегласць не стала перашкодай.
Бацькі да таго, што сын звязаў сваё жыццё з МНС, аднесліся станоўча. Ні тата, ні маці не пярэчылі. Адобрылі, толькі і сказаўшы, што гэта годны выбар.
Тры гады Вячаслаў ездзіў на працу ў суседні раён. Тут жа прайшоў, так мовіць, баявое хрышчэнне. Літаральна ў першы месяц службы давялося тушыць пажар. Як і сёння памятае той дзень. «Нам паступіла паведамленне аб узгаранні жылога дома, — расказвае мой суразмоўца. – Безумоўна, я хваляваўся, калі разам са сваімі напарнікамі ехалі на выклік. Ніколі не ведаеш, што давядзецца ўбачыць і з чым прыдзецца мець справу». Тады ж з начальнікам каравула яны выратавалі з палаючага дома чалавека. Своечасова перадалі медыкам. З дыягназам «атручванне ўгарным газам» ён быў дастаўлены ў бальніцу.
На службу ў раённы аддзел на малой радзіме Вячаслава ўзялі ў якасці вадзіцеля. Спачатку працаваў у аграгарадку Янова, потым яго перавялі ў ПАВЧ-1 у Сянно. Сёння ён кіроўца пажарнай аўтамашыны.
Надзвычайныя сітуацыі бываюць розныя: аварыі на дарозе, трагедыі на вадзе, тонкім лёдзе і гэтак далей. І ўсё ж самае страшнае, па словах Вячаслава, мець справу з агнём. А ў прыватнасці, заходзіць у палаючы дом, дзе ёсць газавы балон. Гэта як міна затарможанага дзеяння, бо не ведаеш, дзе і калі яна ўзарвецца. А наступствы пасля ўзрыву могуць быць крайне трагічнымі.
«Разбушаваўшыйся пажар – жахлівы малюнак, — адзначае Вячаслаў. – Агонь моцная сіла, якая бязлітасна знішчае на сваім шляху ўсё. І калі не падаспеюць своечасова ратавальнікі, людзі могуць застацца без жылля, сваёй маёмасці. Але самае страшнае, што можа здарыцца, — чалавек можа загінуць. Наша праца і заключаецца ў тым, каб аказаць дапамогу, справіцца з гэтай вогненнай стыхіяй».
Дынастыю моцных, адважных Цыпляковых-ратавальнікаў працягвае і малодшы брат Вячаслава Ягор, які працуе ў Полацку. Мае сыны – мой гонар, адзначае іх маці Таццяна. «Я заўсёды ведала, што свой прафесійны шлях яны звяжуць са справай выратавання жыццяў людзей, — гаворыць жанчына. — Праца ў МНС – лепшае пацверджанне таго, што тут працуюць людзі з вялікім сэрцам, па-сапраўднаму адважныя, адказныя, моцныя духам, гатовыя першымі прыйсці на дапамогу».
Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.