Прайшла чарговая справаздачна-выбарчая канферэнцыя Сенненскай раённай ветэранскай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў
Прайшла VII-я справаздачна-выбарчая канферэнцыя Сенненскай раённай ветэранскай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. Удзел у яе рабоце прымалі не толькі дэлегаты ад пярвічак. Былі запрошаны прадстаўнікі іншых грамадскіх арганізацый, дзяржаўных устаноў, уладных структур.
Са справаздачай аб дзейнасці арганізацыі за пяцігадовы перыяд выступіла Ядвіга Сыраваткіна, старшыня раённага савета ветэранаў. Яе дапоўнілі іншыя дэлегаты.
Нягледзячы на скарачэнне пярвічак у сельскай мясцовасці раённая арганізацыя прырасла дзякуючы райцэнтру. Справы ветэранскай арганізацыі былі важкімі, грамадсказначнымі дзякуючы няўрымслівасці і неабыякавасці людзей, што працуюць у ёй. У час выбараў Прэзідэнта, у перадвыбарчы перыяд ветэраны актыўна займаліся зборам подпісаў па вылучэнні кандыдатаў, працавалі ў камісіях, здзяйснялі назіранне. За гэтую работу Ядвізе Сыраваткінай, старшыні райсавета ветэранаў, уручана падзячнае пісьмо Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
За апошнія гады накірункі дзейнасці грамадскай арганізацыі ветэранаў прыкметна змяніліся. Створаная для падтрымкі ветэранаў вайны сёння яна шмат увагі надае патрыятычнаму выхаванню. А члены ветэранскай арганізацыі, як трапна заўважыла намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна, якая прымала ўдзел у рабоце канферэнцыі, з’яўляюцца «захавальнікамі высокіх маральных якасцей нацыі». Раённая ветэранская арганізацыя актыўна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Перамогі і Дню Незалежнасці. Сумесна з прадстаўнікамі ўладных структур, сацыяльнай службай члены прэзідыума ўдзельнічалі ў абследаванні ўмоў жыцця ветэранаў і інвалідаў вайны. Шырокі грамадскі рэзананс атрымала практыка правядзення мітынгаў на могілках воінаў-афганцаў, у прыватнасці, Леаніда Станкевіча ва Ульянавічах, Васіля Стаселькі ў Стрыгах. У гэтых мерапрыемствах удзельнічалі мясцовыя жыхары, школьнікі. Часта сустракаюцца з моладдзю ветэраны Міхаіл Куліш, Пётр Баркавец, Іван Міхалькоў, Паліна Касабуцкая і іншыя.
Раённы савет ветэранаў імкнецца падтрымліваць не толькі членаў грамадскай арганізацыі. Ветэраны-актывісты неабыякавыя да лёсаў усіх людзей пенсійнага ўзросту. А таму пры неабходнасці наладжваюцца кантакты з кіраўніцтвам арганізацыі, дзе яны працавалі, шукаюцца спонсары, калі ёсць патрэба ў матэрыяльнай падтрымцы. Сёлета да Новага года райспажыўтаварыства па ініцыятыве раённага савета ветэранаў прэзентавала невялікія падарункі ўсім ветэранам і інвалідам вайны.
Добрымі справамі і грамадскай актыўнасцю вызначаецца большасць пярвічных арганізацый. Васіль Шарэнда, які ўзначальвае пярвічку саўгаса імя Машэрава, не хаваў, што многае для мясцовых ветэранаў робіцца дзякуючы кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства. Свае падыходы да наладжвання стасункаў, узаемнай падтрымкі ў пярвічцы РАУС. Добра ведаюць у раёне ветэранаў, аб’яднаных па інтарэсах. «Вандроўнікі» пад кіраўніцтвам члена прэзідыума раённага савета ветэранаў Галіны Шынкевіч пабывалі ў Полацку і Мінску, Віцебску і Магілёве. Іх цікавіць культурная і гістарычная спадчына самых аддаленых куткоў нашай краіны. Валянціна Латышава, якая ўзначальвае групу ветэранаў-педагогаў «Аптымісты», так вызначыла крэда аднадумцаў: «Мы — таленавітыя, мы — нястомныя. Калі ў вас ёсць амбіцыі, прыходзьце да нас, мы дапаможам іх рэалізаваць».
Знайсці паплечнікаў запрашаюць і іншыя аб’яднанні ветэранаў. Многія з іх працуюць не першы год, утвораны дзякуючы супрацоўніцтву з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі і замежнымі партнёрамі. У якасці прыкладу называлася ініцыятыўная група «Родник», члены якой дапамагаюць хворым і састарэлым, што не могуць абысціся без старонняй дапамогі. Высокі аўтарытэт у ветэранаў, што аб’ядналіся ў групу «Мы — вместе».
На канферэнцыі выступалі не толькі ветэраны. Старшыні Нямойтаўскага і Багушэўскага сельвыканкамаў Анатоль Бараноўскі і Вячаслаў Багданаў падзяліліся вопытам узаемадзеяння з мясцовымі ветэранамі-актывістамі і ветэранскімі арганізацыямі. Цесныя стасункі з ветэранамі маюць установы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, сацыяльнай сферы, рэдакцыя. Ветэранская арганізацыя не супраць мець у «ГС» тэматычную старонку. Журналісты раённага выдання гатовы падтрымаць гэту ініцыятыву. Аднак нам важна, каб у яе была пастаянная, а галоўнае, немаленькая група чытачоў.
На канферэнцыі былі разгледжаны і іншыя пытанні. У прыватнасці, пасля справаздач і іх абмеркавання прайшлі выбары ў раённы савет ветэранаў, прэзідыум, дэлегатаў на абласную справаздачна-выбарчую канферэнцыю. Кіраваць ветэранскай арганізацыяй Сенненшчыны зноў даверана Ядзвізе Сыраваткінай.
Дзейнасць раённай ветэранскай арганізацыі прызнана здавальняючай. Але ў рабоце ёсць і недахопы. Аб іх таксама ішла размова на канферэнцыі. Асаблівая ўвага была звернута на праблемы пярвічак, што дзейнічаюць у сельскай мясцовасці. У гэтым напрамку мяркуецца сканцэнтравацца ў бліжэйшыя гады, актыўна выкарыстоўваючы магчымасці іншых грамадскіх арганізацый, абапіраючыся на дапамогу сельскай і раённай улад.
Станоўча ацэнена работа раённай ветэранскай арганізацыі і райвыканкамам, абласным саветам ветэранаў. Такая ацэнка прагучала з вуснаў Зоі Фаміной, намесніка старшыні райвыканкама, і Міхаіла Ляшчынскага, намесніка старшыні абласной ветэранскай арганізацыі. У аснове такой ацэнкі добрыя справы, па якіх сенненскіх ветэранаў ведаюць не толькі на Віцебшчыне, грамадская актыўнасць.
Аляксандр ІЎЕЎ.
Здымкі аўтара