Прэс-канферэнцыя Лукашэнкі для расійскіх рэгіянальных СМІ прадаўжалася больш як пяць з палавінай гадзін

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 кастрычніка правёў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі — удзельнікаў традыцыйнага прэс-туру ў Беларусь. Яна прадаўжалася больш як пяць з палавінай гадзін. Журналісты задалі каля 30 пытанняў, якія датычыліся сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, беларуска-расійскага ўзаемадзеяння па розных напрамках, інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве, дамоўленасцей у рамках ЕАЭС, украінскай тэматыкі і іншых важных тэм.

У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел больш як 100 прадстаўнікоў СМІ з 50 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. Прэс-канферэнцыі папярэднічаў 12-ы прэс-тур расійскіх журналістаў у Беларусь. На гэты раз яны азнаёміліся з сацыяльна-эканамічным развіццём Віцебскай вобласці. А пытанні, якія засталіся пасля наведвання беларускіх рэгіёнаў, журналісты змаглі асабіста задаць Прэзідэнту Беларусі.

Лукашэнка просіць расійскіх журналістаў паказаць Беларусь аб’ектыўна: не прыхарошваючы, але і не прыніжаючы дасягненняў

«Вас, дарагія браты-расіяне, прашу толькі аб адным: пакажыце нашу краіну без усялякіх прыкрас, прыхарошванняў, але не так, як часам гэта робяць, на жаль, федэральныя сродкі масавай інфармацыі. У лепшым выпадку яны замоўчваюць, што ёсць такая брацкая і самая блізкая для Расіі краіна, ну а ў горшым выпадку — вы ўсё бачыце самі, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Таму я хацеў бы, каб нашы браты-расіяне даведаліся праўду аб Беларусі без прыхарошвання рэчаіснасці, але і не прыніжаючы таго, што нам у гэтых складаных умовах удалося дасягнуць».

«Для нас гэта важна. Няма чаго граху таіць: аб’ектыўнай інфармацыі ў Расіі аб Беларусі не хапае, на жаль», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што такія прэс-туры журналістаў расійскіх СМІ па Беларусі праводзяцца ўжо 12 гадоў. Прэзідэнт Беларусі адзначыў іх станоўчы эфект у збліжэнні народаў дзвюх дзяржаў, развіцці ўсебаковага супрацоўніцтва, узаемаразумення і добрасуседства.

«Вы, вядома, пераканаліся, што расіяне ніколі не будуць і не павінны адчуваць сябе ў Беларусі чужымі людзьмі», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Упэўнены, што кожны раз Беларусь адкрываецца вам як брацкая, блізкая па духу краіна, здольная, магчыма, некага і здзіўляць у добрым сэнсе слова, — сказаў беларускі лідар. — Думаю, што тыя з вас, хто часта бывае ў нас, ужо самі сталі крыху беларусамі».

Аляксандр Лукашэнка выказаў асаблівую ўдзячнасць тым журналістам, якія пераадолелі тысячы кіламетраў, каб прысутнічаць на прэс-канферэнцыі.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што заўсёды стараецца адказваць на ўсе пытанні шчыра і адкрыта. «Гэта галоўны прынцып нашай прэс-канферэнцыі. Так будзе і сёння», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: Беларусі патрэбна ўласная нацыянальная ідэя

«У Беларусі няма цэнтральнай ідэі, вакол якой усё фарміравалася б. Нам трэба працаваць, каб выкрышталізаваць гэту ідэю. Патрэбна такая ідэя, якая была б успрынята ўсім грамадствам і да якой імкнуліся б. Але я пакуль не магу назваць гэту канцэпцыю. Перабіраю розныя варыянты, і ўсе здаюцца правільнымі — ёсць і патрыятызм, і павага да мінулага. Але гэта ва ўсіх. А нам трэба ўласную, адметную ідэю, якая характарызавала б беларускі народ. Раней мы гаварылі аб пабудове незалежнай дзяржавы. Сёння мы канстатуем, што пабудавалі ўжо суверэнную дзяржаву», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што цяпер задача спецыялістаў па ідэалогіі — не дапусціць ганьбавання таго, што зроблена і што падтрымліваецца большасцю народа. «Мне гавораць, што наша ідэалогія — гэта найглыбейшы патрыятызм. Але я не згодны — патрыятызм зразумелы і без ідэалогіі. Ні мне, ні маім памочнікам не ўдалося прыдумаць чагосьці вартага. Але тыя, хто займаецца ідэалогіяй, лічаць, што дзяржаўная ідэя ёсць», — сказаў беларускі лідар.

Закранаючы ідэалогію, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта пытанне будзе асабліва актуальнае і ў год святкавання 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. «Мы вырашылі пабудаваць новы будынак Музея гісторыі ВАВ па некалькіх прычынах. Людзі (асабліва моладзь) пачалі ўжо забываць аб нашай перамозе, аб тым, якой цаной яна нам дасталася. Другая прычына ў тым, што ў нас хочуць забраць Перамогу. Настане час, калі нас будуць абвінавачваць, што мы развязалі тую крывавую вайну», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

У год святкавання 70-годдзя Перамогі, паводле слоў Прэзідэнта, важна дайсці да кожнага помніка. «Усе помнікі ў Беларусі, наколькі гэта магчыма, у ідэальным стане. Мы даглядаем іх. Гэта трэба рабіць пастаянна, рукамі школьнікаў, рукамі мясцовага насельніцтва, каб яны разумелі, што гэта такое, каб яны памяталі», — падкрэсліў ён.

Лукашэнка лічыць, што за гады яго прэзідэнцтва ў Беларусі не было дапушчана глабальных памылак

На пытанне аб тым, ці даводзілася яму за гады незалежнасці Беларусі прымаць рашэнне, якое ў далейшым магло б здавацца памылковым, Аляксандр Лукашэнка адказаў: «Паколькі мы выбралі тактыку «ісці ад жыцця», вырашаючы тыя пытанні, якія трэба вырашаць, мы не дапусцілі глабальных памылак і дзейнічалі, зыходзячы з абстаноўкі і сітуацыі».

Пры гэтым, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, аднойчы ён злавіў сябе на думцы, што ў свой час Беларусь дарэмна добраахвотна і без усялякіх умоў адмовілася ад валодання ядзернай зброяй, якая была размешчана на яе тэрыторыі. «Мы ж гэта зрабілі абсалютна бясплатна», — заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што для яго пагадзіцца з вывадам ядзернай зброі з краіны было складана, аднак Леанід Кучма аднойчы сказаў яму: «Што ты чапляешся за гэту зброю? Мы яе абслугоўваць не зможам». «Цяпер з вышыні пражытых гадоў разумею: усё мы абслужылі б, усё было б нармальна. Намі ніхто не панукваў бы, як цяпер», — сказаў ён.

«Напэўна, былі і іншыя моманты, аб якіх я мог бы шкадаваць», — прызнаўся Прэзідэнт. Напрыклад, паводле яго слоў, іншым часам ён праводзіў вельмі строгую кадравую палітыку. «Але, калі бачыў, што няправільна рабіў, прасіў прабачэння, нават публічна», — адзначыў пры гэтым кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: не пераношу злодзеяў і грабежнікаў

Работа па барацьбе з карупцыяй вядзецца ў Беларусі пастаянна. «Яшчэ да свайго прэзідэнцтва я ўзначальваў камісію па барацьбе з карупцыяй. Я ўнутрана не пераношу злодзеяў, грабежнікаў і іншых. Таму работа па барацьбе з карупцыяй вядзецца намі пастаянна. Але мы не плануем рабіць пераварот у заканадаўстве. Мы будзем яго ўдасканальваць кожную гадзіну», — адзначыў ён.

Цяпер у Беларусі ідзе ўсенароднае абмеркаванне праекта закона аб барацьбе з карупцыяй.

«Грамадства прапануе шмат цікавых і слушных прапаноў. Я звярнуўся да народа, таму што закон пішуць і рыхтуюць чыноўнікі. А яны, паводле нашых даследаванняў, займаюць другое месца ў карупцыйных праявах. Таму хацелася б пачуць меркаванне радавых грамадзян. Лепшыя ідэі будуць унесены ў законапраект. Што застанецца, народ будзе бачыць. У мяне няма дамоўленасцей з жулікамі — гэта ўнясём, гэта не ўнясём», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з цягам часу з’яўляюцца новыя праявы ў карупцыі, якія не ўлічаны ў законе, таму ўзнікае неабходнасць удасканальваць нарматыўна-прававую базу.

«Жыццё шматграннае, з’яўляюцца новыя карупцыйныя з’явы. Мы не першы раз мадэрнізуем заканадаўства. Я займаюся гэтым пытаннем яшчэ і таму, што даўно засвоіў: якія б ты рэформы не праводзіў, калі ў краіне высокі ўзровень карупцыі — гэта сапсаванае грамадства і, як вынік, напрыклад, ва Украіне, бяда, — упэўнены Прэзідэнт. — Карупцыя, як іржа, раз’ядае любую сферу грамадства, эканоміка гэта ці сацыяльнае жыццё».

«Ніхто не зможа прывесці хаця б адзін факт, што я раблю ў барацьбе з карупцыяй адно, а для сябе нешта раблю іншае. Ніхто ў краіне або за мяжой не скажа, што я ў некага нешта ўзяў. Для мяне і маіх дзяцей гэта непрымальна», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт упэўнены, што ў краіне могуць быць ідэальныя законы, але, калі першая асоба ў дзяржаве будзе карумпіравана, зло будзе працвітаць. «Улада і ўсё яе акружэнне павінны быць абсалютна чыстыя. Нікому потым літасці не будзе. Але я вельмі баюся, што недзе будзе перабор. Таму я папярэдзіў старшыню КДК, каб не было абвінаваўчага ўхілу — толькі па канкрэтным факце», — дадаў ён.

Павышаць пенсійны ўзрост з пункту гледжання эканомікі трэба, але людзі гэтага не хочуць

«Пенсійны ўзрост у Беларусі не павышаецца, паколькі людзі гэтага не хочуць, а я кляўся, што ніколі не пайду наперакор людзям па асноўных, хвалюючых пытаннях, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Дзяржава будзе павышаць пенсіі, што мы і робім у залежнасці ад работы эканомікі, паколькі лішніх грошай няма. Таму ёсць у эканоміцы грошы — будуць і зарплаты, будуць і пенсіі. Другі шлях — павышэнне пенсійнага ўзросту. Не хочаце? Разумею, не раблю. Але тады крыху меншая пенсія».

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, павышэнне пенсійнага ўзросту не панацэя, але ад гэтага будуць пэўныя выгады. «Гэта ненармальна, калі адзін-два працуючыя забяспечваюць аднаго пенсіянера. Пажадана, каб на аднаго пенсіянера было хаця б трое працуючых, а ў нас паўтара ўжо, ды і ў вас (у Расіі. — Заўвага БЕЛТА), напэўна, блізка да гэтага», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Многія людзі працуюць пасля дасягнення ўзросту 55-60 гадоў, дадаў ён.

У Беларусі ўдзяляецца вялікая ўвага ўладкаванню сірот на сямейныя формы выхавання

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што развіццё сямейных форм жыццеўладкавання дзяцей-сірот — адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі па абароне іх інтарэсаў. Цяпер у рэспубліканскім банку даных дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, змешчана інфармацыя аб 23 тыс. хлопчыкаў і дзяўчынак. «У дзіцячых дамах застаецца амаль 5 тыс. дзяцей. Мы стымулюем, каб дзяцей забіралі ў сем’і», — сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, 9744 дзіцяці знаходзяцца на выхаванні ў апякунскіх сем’ях, 6349 — у прыёмных сем’ях, 1544 — у дзіцячых дамах сямейнага тыпу. У сем’ях усынавіцеляў выхоўваюцца 6656 дзяцей (толькі ў 2013 годзе ўсыноўлена 551 дзіця). Дзяржпадтрымка ўсыноўленых дзяцей і сем’яў-усынавіцеляў захоўваецца. Так, у 2014 годзе ўведзены сацыяльны водпуск для ўсынавіцеляў.

Акрамя таго, у кожнай вобласці рэспублікі прадугледжана за кошт сродкаў бюджэту будаўніцтва двух дзіцячых дамоў сямейнага тыпу штогод, у Мінску — двух кватэр. Колькасць такіх дамоў павялічылася з 57 у 2005 годзе да 220 на гэты час.

«Клопат аб дзецях і старых — гэта прыярытэт нашай дзяржавы не на словах, а на справе. Для дзяцей і старых мы ствараем простую і даступную сістэму дапамогі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Так, пажылым людзям і інвалідам паслугі аказваюцца ў дамах-інтэрнатах, сацустановах, развіваецца сетка бальніц сястрынскага догляду.

Лукашэнка больш давярае кіраўнікам жанчынам

«Я больш на чале ўлады давяраю жанчынам. Яны больш акуратныя, больш асцярожныя, менш авантурныя. Яны ніколі па вялікім рахунку ў карупцыю не ўвяжуцца. Я ўжо на чале ўлады не першы год. Ведаю, што ёсць розныя жанчыны, але ў пераважнай большасці я давяраю ім больш», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Жанчыны ва ўладных структурах Беларусі — гэта звычайная з’ява. «У нас у парламенце больш як 30 працэнтаў жанчын», — прывёў прыклад беларускі лідар. Пры гэтым ён адзначыў, што ўсё ж ёсць пасады, якія не зусім падыходзяць жанчынам, таму што на іх вельмі цяжка працаваць. Напрыклад, гэта старшыні аблвыканкамаў. Аднак Прэзідэнт дадаў: «Улічваючы тое, што мужчына — галава, а жанчына — шыя, у нас жанчыны вельмі ўплываюць на палітыку».

Лукашэнка: калі я буду здаровы, у мяне няма падстаў адмовіцца ад выбараў

«Калі б выбары былі заўтра — так, я ўдзельнічаў бы. Што будзе праз год, шчыра вам кажу, я спадзяюся, што не перавернецца свет і Беларусь не апынецца дзесьці на дне… Але калі ўсё будзе нармальна, і я буду здаровым, дык у мяне няма падстаў адмовіцца ад перадвыбарнай кампаніі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пасля 21 года прэзідэнцтва ён спакойна паставіцца да выбрання іншага кандыдата. «Не прагаласуюць — ну і добра, у мяне яшчэ ёсць магчымасць пажыць. Калі ў мяне будзе такое здароўе, як сёння, я яшчэ нямала пражыву, займуся якой-небудзь справай. Магчыма, нават адпачну, калі змагу», — сказаў ён.

Беларускі лідар нагадаў аб сваім нядаўнім абяцанні не праводзіць датэрміновых выбараў. «Мне прапаноўвалі на выбары пайсці ў сакавіку, але гэта будзе несумленна», — упэўнены ён. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, як бы ні склалася сітуацыя, выбары пройдуць у кастрычніку-лістападзе будучага года.

Лукашэнка назваў якасці, уласцівыя сапраўднаму прэзідэнту

У сувязі з тым, што ў 2015 годзе будуць праходзіць прэзідэнцкія выбары, супрацоўнікі сродкаў масавай інфармацыі пацікавіліся ў Аляксандра Лукашэнкі, хто мог бы тэарэтычна заняць пасаду кіраўніка дзяржавы. Ён адзначыў, што канкрэтнага чалавека пакуль назваць не можа, але прызнаўся, што ў вузкім коле ўжо ўзнімаў гэта пытанне. «Не можа быць усё завязана на адным чалавеку. Калі не Лукашэнка, то хто?» — задаўся пытаннем беларускі лідар.

Гаворачы аб тым, якімі якасцямі павінен валодаць чалавек, які меціць у прэзідэнцкае крэсла або ўжо заняў яго, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такі чалавек павінен мець аўтарытэт сярод людзей. «Не хачу сказаць, што я гэтага дасягнуў, але ў прэзідэнта з народам ёсць пэўная сувязь, якую я не бяруся ахарактарызаваць. Калі ты гаворыш, народ адразу цябе разумее і ўспрымае», — адзначыў ён. «Гэта рыса павінна быць у чалавеку ад нараджэння. І калі народ яго выбірае, то будзе заўсёды падтрымліваць і дараваць яму памылкі. Я не пра сябе кажу. Я наогул у развагах прыйшоў да гэтай высновы», — сказаў Прэзідэнт.

Акрамя таго, насуперак меркаванню аб тым, што сапраўдным прэзідэнтам не нараджаюцца, а становяцца, Аляксандр Лукашэнка лічыць наадварот. Ён адзначыў, што ў ходзе работы, сапраўды, можна многаму навучыцца, але калі пры нараджэнні чалавеку не закладзены адпаведныя здольнасці, стаць сапраўдным прэзідэнтам яму наўрад ці ўдасца.

Аб сітуацыі ва Украіне

Баявыя дзеянні і гібель людзей на ўсходзе Украіны павінны быць спынены канчаткова і беспаваротна

«Наша пазіцыя такая: баявыя дзеянні і гібель людзей на ўсходзе Украіны павінны быць спынены канчаткова і беспаваротна. Мы і так ужо ўскладнілі адносіны з Украінай да немагчымага! Ужо не проста эліты Украіны, а нават суперэліты, якія вельмі добра ставяцца да Расіі і да нас і залежаць ад Расіі і ад нас, гавораць, што мы сапсавалі адносіны з украінскім народам, з украінскай дзяржавай назаўсёды», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Канфлікт ва Украіне можа быць вырашаны толькі шляхам перагавораў. Пераможцаў у гэтай вайне не будзе», — падкрэсліў беларускі лідар. «Менавіта таму, а не дзеля лаўраў нейкіх міратворцаў, мы заўсёды і ўсюды выступаем за дыялог і робім усё, што ў нашых сілах, каб садзейнічаць гэтаму складанаму перагаворнаму працэсу», — адзначыў ён.

«Усе мы, беларусы, рускія, украінцы, выйшлі, па сутнасці, з аднаго «гнязда» — славянскага. Таму проста па-чалавечы балюча глядзець на тое, што адбываецца сёння ва Украіне», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

«Відавочна, што ўбіць клін у адносіны паміж нашымі краінамі спрабуюць звонку, каб пасяліць варожасць і нянавісць у сэрцах гістарычна блізкіх і роднасных па духу народаў. Але пры гэтым і мы добрыя: мы для гэтага даём падставу, а часам, як ва Украіне, ствараем для гэтага глебу, для гэтага націску звонку», — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Неабходна заняцца аднаўленнем ва Украіне гарадоў і вёсак. Калі гэтага не зрабіць як мага хутчэй, вынікі могуць стаць сапраўды катастрафічнымі, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

— Ужо тысячы бежанцаў з Украіны прыехалі ў Расію і Беларусь, ратуючы ўласнае жыццё і жыцці сваіх дзяцей. І мы не маем права адмахнуцца ад гэтых людзей. Мы павінны па-брацку, па-суседску ім дапамагчы. Тым больш гэта нашы людзі, якія не чужыя нам».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі было прынята рашэнне аб рэалізацыі дарожнай карты для сацыяльнай рэабілітацыі бежанцаў з суседняй краіны. «І, наколькі я ведаю са сродкаў масавай інфармацыі, у асноўным гэтыя бежанцы вельмі станоўча ўспрынялі нашы сустрэчныя дзеянні па іх падтрымцы», — заўважыў Прэзідэнт Беларусі.

Трэба спакайней ставіцца да таго, што адбываецца ва Украіне ў сферы палітыкі

«Нам трэба спакайней ставіцца сёння да таго, што адбываецца ва Украіне ў плане палітыкі. Вы ведаеце, яны заўсёды бурлілі напярэдадні выбараў, тым больш парламенцкіх. Тое, што яны сёння гавораць, гэта не значыць, што заўтра яны будуць праводзіць такую палітыку. Гэта зразумела. У нас у Беларусі гэтага няма, таму што ў нас зусім іншая абстаноўка», — сказаў Прэзідэнт.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што заўсёды знаходзіў агульную мову з украінскімі палітыкамі, якія былі на чале ўлады. Беларускаму лідару не давялося працаваць з Леанідам Краўчуком. «Усіх іншых прэзідэнтаў я добра ведаў і вельмі цесна з імі супрацоўнічаў. І не толькі з Кучмам і Януковічам, але і з Юшчанкам, з Турчынавым». Таксама Аляксандр Лукашэнка быў знаёмы з Пятром Парашэнкам яшчэ да таго, як апошні стаў прэзідэнтам. «Я заўсёды падтрымліваў кантакты з гэтымі кіраўнікамі, хоць вельмі крытычна выказваўся па іх пазіцыі, калі яна не адпавядала нашай», — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Расіі не заўсёды пазітыўна ўспрымаюць яго кантакты з украінскім бокам. «Гэта што, на шкоду Беларусі і Расіі? Што тут дрэннага? Апошнія падзеі ва Украіне паказалі, што нічога дрэннага няма», — падкрэсліў беларускі лідар. Прэзідэнт нагадаў, што паміж Расіяй і Украінай апошнім часам узніклі вельмі сур’ёзныя праблемы па супрацоўніцтве ваенна-прамысловых комплексаў. «Мне давялося падключацца да гэтых пытанняў», — адзначыў ён.

У антыканстытуцыйным перавароце ва Украіне вінаваты толькі Януковіч

«Адбыўся антыканстытуцыйны пераварот. Хто вінаваты? Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч. Ён вінаваты. Толькі ён», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Пры гэтым беларускі лідар падкрэсліў, што раней адкрыта гаварыў Аляксандру Турчынаву, калі той выконваў абавязкі ўкраінскага прэзідэнта, што падзеі ва Украіне былі менавіта антыканстытуцыйным пераваротам.

Гаворачы аб майдане, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Помніце гэту стральбу? У гэтай стральбе цяжка разабрацца. Нават вам — уедлівым журналістам. Калі пачынаецца сутыкненне, то цяжка разабрацца: хто ў каго страляе і з якой мэтай», — сказаў ён. Прэзідэнт Беларусі дадаў, што на гэтым фоне ідзе інфармацыйная вайна, калі кожны выкарыстоўвае падзеі ў сваіх мэтах. Акрамя таго, беларускі лідар звярнуў увагу, што ў цэлым украінскія падзеі прывялі да вялікіх чалавечых ахвяр, маштабы якіх да гэтага часу дакладна не вызначаны. «Настане час — людзі даведаюцца аб гэтым усю праўду», — лічыць ён.

Калі б не Расія, дні ЛНР і ДНР былі б даўно злічаны

«Давайце не будзем цямніць адзін перад адным: калі б не Расія, то дні ДНР і ЛНР былі б злічаны даўно. Расія проста вымушана (або не вымушана, але я лічу, што вымушана) абараняць і падтрымліваць гэтыя тэрыторыі. Па розных прычынах. Пачынаючы ад асабістага іміджу, рэйтынгу і завяршаючы самым святым — там жывуць браты, і ў бядзе Расія іх кінуць не можа», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што калі ўкраінскі канфлікт толькі пачынаўся і выбудоўваліся барыкады пры пераходзе з Крыма ва Украіну, ён заяўляў аб недапушчальнасці пачатку ваенных дзеянняў і матываваў гэта тым, што ў адваротным выпадку «мы пэўным ігракам на міжнароднай арэне або пэўным дзяржавам так дапаможам, што далей няма куды». На думку Прэзідэнта, на ўкраінскай тэрыторыі першапачаткова не збіраліся ў адкрытую ваяваць глабальныя ігракі, якія маглі б процістаяць Расіі. «Напрыклад, Амерыка ніколі не пойдзе на сутыкненне ў адкрытую. Але некаторыя дзяржавы і блокі вельмі будуць зацікаўлены ў тым, каб мы ўласнымі рукамі перабілі адзін аднаго», — сказаў беларускі лідар.

Акрамя таго, паводле яго слоў, раней ужо выказвалася меркаванне аб тым, што шляхам канфлікту ва Украіне ствараецца глабальная варонка ў цэнтры Еўропы, якая будзе зацягваць дзяржавы і, у прыватнасці, славян у ваенныя дзеянні. «Не паслухалі, вось і здарылася гэта бойня», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым беларускі лідар падкрэсліў, што калі ў крытычны момант у адрас Беларусі ў сувязі з абазначанай пазіцыяй краіны паступілі прапановы выступіць у якасці міратворчай пляцоўкі, ён адназначна падтрымаў гэту ідэю. «Я сказаў: добра. Толькі скажыце, што зрабіць, і я зраблю. Не я выступіў міратворцам, не трэба мне лаўры чужыя прыпісваць, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

— Я не прымаю гэтай вайны, і не толькі таму, што там гінуць ні ў чым не вінаватыя дзеці і старыя, а таму, што гэта прычына глабальнага канфлікту, варонка, аб якой я сказаў».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для ўрэгулявання ўкраінскага крызісу ў Мінску не раз збіралася кантактная група, для работы якой былі створаны спрыяльныя ўмовы. «Мы прадаставілі магчымасць для размовы, — сказаў ён. — І мы павінны ў гэтых адносінах падзякаваць еўрапейцам, што яны згадзіліся ў «апошняга дыктатара Еўропы» ўсё ж такі сабрацца і пагаварыць».

«Як вынік — так, там (ва Украіне. — Заўвага БЕЛТА) цяпер ідзе перастрэлка, вайна за Данецкі аэрапорт… Але тое, чаго ўдалося дасягнуць тут, у Мінску, дзякуючы перагаворнай кантактнай групе, — гэта ўжо добра. Мірны працэс пайшоў», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Ні Захад, ні Расія не прынялі план Беларусі па вырашэнні ўкраінскага канфлікту

Беларускі лідар адзначыў, што, калі яму пазванілі пэўныя людзі з пытаннем, як магчыма стабілізаваць сітуацыю ва Украіне, ён заявіў, што ў Беларусі ёсць уласнае бачанне і план па вырашэнні ўкраінскага канфлікту. «Але я сказаў, што па тэлефоне гаварыць аб гэтым не будзем, а прышлю свайго чалавека, гэта быў міністр замежных спраў, ён выкладзе наш план. І Захад гэты план не прыняў, хоць я запэўніваў, што мы стабілізуем там сітуацыю. Не паглыбляючыся ў падрабязнасці, я гэта прапаноўваў і Расіі, Расія яго (план. — Заўвага БЕЛТА) не прыняла», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Я папярэджваў, што ў хуткім часе адбудзецца сутыкненне ва Украіне дзвюх магутных сіл. Дапускаць знішчэння краіны нельга, але план Беларусі прыняты не быў, значыць, гэта бойня некаму патрэбна», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Палітычны аспект парламенцкіх выбараў ва Украіне негатыўна ўплывае на ход мірнага ўрэгулявання

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, нягледзячы на перастрэлкі, якія прадаўжаюцца ва Украіне, і барацьбу за аэрапорт у Данецку, пазітыўныя зрухі па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу ўсё ж ёсць, і гэтаму нямала садзейнічалі вынікі работы кантактнай групы, што збіралася ў Мінску ў складзе Расія-Украіна-АБСЕ з удзелам прадстаўнікоў самаабвешчаных рэспублік. «Але чаму тым не менш гэтыя перастрэлкі ідуць? Калі б не было парламенцкіх выбараў, працэс (мірны. — Заўвага БЕЛТА) ішоў бы хутчэй. Палітычны аспект выбараў ва Украіне вельмі ўплывае на цяперашні стан спраў», — лічыць ён.

Беларускі лідар растлумачыў, што ў святле ўкраінскага канфлікту многім палітыкам хочацца захаваць свой твар і паказаць, што яны гатовы ваяваць да канца, каб захаваць тую ці іншую частку тэрыторыі краіны, хоць ведаюць, што ў выніку ваенных дзеянняў гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі. «Магчыма, і трэба твар захаваць, але толькі не ў гэтай сітуацыі. Я гэтага не вітаю і не разумею», — сказаў Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка чарговы раз падкрэсліў, што перспектывы вырашэння канфлікту ва Украіне ваенным шляхам няма. Ён таксама дадаў, што ніколі не падзяляў украінскі народ на заходні і ўсходні. І ў абедзвюх частках краіны, як і за яе межамі, ёсць людзі, якія замешаны ў канфлікце і ваююць на тэрыторыі Украіны за грошы.

Грамадзянам Украіны, якія прыбылі ў Беларусь, прадастаўляюцца ўсе ўмовы для працаўладкавання

Грамадзянам Украіны, якія прыбылі ў Беларусь, «прадастаўляюцца ўсе ўмовы (прычым не горшыя, чым ва Украіне), каб працаваць і зарабляць на сябе і на сваіх дзяцей», адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што былі адзінкавыя выпадкі, калі прыбыўшыя з Украіны хацелі нейкіх выключных умоў для сябе. «Але мы гаворым адразу: у Беларусі амаль 10 тыс. вакансій для прыбыўшых з Украіны (яны размешчаны ў адкрытым доступе ў інтэрнэце), каля палавіны з іх — з прадастаўленнем жылля. Выбірайце, едзьце, працуйце, зарабляйце, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У Мінску вельмі цяжка, зразумела, уладкавацца (як і ў Маскве), а ў рэгіёнах прасцей. Людзі — 99,9 працэнта — гэта разумеюць, але ёсць некаторыя, якія хацелі б у Мінску кватэру і дапамогі… Але тыя, хто можа працаваць, павінны працаваць». Тым больш што вакансіі ёсць у розных сферах, пераважна па рабочых спецыяльнасцях, у першую чаргу ў сельскай гаспадарцы, будаўніцтве.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі ліквідаваны бюракратычныя перашкоды пры перасячэнні граніцы, уладкаванні на работу, уладкаванні дзяцей у школу або дзіцячы сад, атрыманні медыцынскай дапамогі для прыбыўшых з Украіны. «Чыста па-чалавечы мы паставілі іх у аднолькавыя ўмовы з беларусамі. Я лічу, што гэта нармальна», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён запэўніў, што такая палітыка будзе праводзіцца і ў далейшым.

Паводле розных ацэнак, у Беларусі цяпер 27-30 тыс. чалавек, якія прыбылі з Украіны.

Лукашэнка быў гатовы выкарыстоўваць ва Украіне Узброеныя Сілы Беларусі для «развядзення канфліктуючых бакоў»

Гаворачы аб плане Беларусі па вырашэнні ўкраінскага канфлікту, які ў свой час не быў прыняты ні Захадам, ні Расіяй, Прэзідэнт адзначыў: «Я гатовы быў вельмі далёка пайсці, аж да выкарыстання сваіх Узброеных Сіл для таго, каб развесці канфліктуючыя бакі», — сказаў ён, дадаўшы пры гэтым, што такая мера магла быць прыменена ў самым пачатку канфлікту.

Цяпер, паводле яго слоў, на паўднёвым усходзе Украіны «такая мітусня, што наогул няма з кім размаўляць». Прэзідэнт падкрэсліў, што на гэтым этапе адпраўляць у гэты пункт свае войскі, нават у мірных мэтах, было б вельмі рызыкоўна, таму што ў канфлікце задзейнічаны сілы, якія наогул нікому не падпарадкоўваюцца і кіраваць якімі немагчыма.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, мірны план Беларусі па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне быў прапанаваны да разгляду бакоў, аднак аказаўся непатрэбным, паколькі некаторыя ігракі на геапалітычнай прасторы хацелі вайны. Звяртаючыся да журналістаў, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Калі б я мог выкласці дэталі гэтага плана, вы зразумелі б, але за гэты план я закладваў сваю галаву».

Лукашэнка лічыць, што Украіне патрэбны строгі палітычны курс

Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што складана прагназаваць, што ён стаў бы рабіць, будучы кіраўніком украінскай дзяржавы, паколькі трэба быць глыбока ўключаным у тыя працэсы, якія там адбываюцца.

«Але я цяпер лаўлю сябе на думцы, што наўрад ці мне ўдалося б рэалізаваць строгі курс, на які я быў бы настроены», — адзначыў беларускі лідар.

На яго думку, Украіне трэба адхіліць ад улады алігархічныя кланы. «Трэба змесці ўсе алігархічныя кланы, адхіліць іх ад улады. Гэта перш за ўсё. Але трэба на каго-небудзь абапірацца. Але там без сілавых структур не абыдзешся. А іх няма. Дзе іх узяць? — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Ва Украіне ж нямала людзей, здольных на гэта, але патрэбны час, каб іх сабраць вакол сябе і глядзець, каб цябе не ўстаранілі і не прыстрэлілі раней, чым ты іх збярэш».

«Другое: прыватызаваў, вось вынік, вось планка — скачы, не скокнуў — адыходзь. Вельмі строгая павінна быць палітыка», — адзначыў беларускі лідар.

Але самае галоўнае, лічыць Аляксандр Лукашэнка, — заручыцца падтрымкай насельніцтва. «Трэба ўзняць народ, каб ён цябе падтрымаў, — лічыць Прэзідэнт Беларусі. — Як гэта зрабіць? Хоць для гэтага ёсць шмат прычын: людзі нацярпеліся там. Але пойдуць, не пойдуць пасля гэтай крыві… Таму вельмі цяжка сёння гаварыць аб тым, што ты зрабіў бы як прэзідэнт».

«І Парашэнка ж не дурны чалавек, і ў яго людзі недурныя, і, напэўна, яны бачаць гэтыя праблемы, але чаму не ідуць гэтым шляхам: або не хочуць, не могуць, або разумеюць, што гэта немагчыма. Інакш кажучы, трэба быць у гэтым катле, каб намеціць шляхі выхаду з яго. Таму я не спяшаўся б, дапусцім, сёння даваць нейкія рэкамендацыі», — дадаў беларускі лідар.

Аб інтэграцыйных аб’яднаннях

Лукашэнка падкрэслівае важнасць няўхільнага выканання ўсіх дамоўленасцей у ЕАЭС

«Вельмі важна, каб усе дасягнутыя дамоўленасці няўхільна выконваліся. Інакш мы не толькі можам страціць давер у рамках нашага саюза, але і прыкметна знізіць яго прывабнасць у вачах кандыдатаў на ўступленне ў ЕАЭС», — сказаў беларускі лідар.

«Шчыра кажучы, вельмі гэтага не хацелася б», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта Беларусі, хоць краіны і стаяць на парозе ўступлення ў сілу Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, нельга забываць аб Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі. «Як ні круці, а такой глыбіні інтэграцыі мы пакуль не дасягнулі ні ў Мытным саюзе, ні ў Адзінай эканамічнай прасторы, ды і ў тым саюзе, які пачне функцыянаваць з 1 студзеня 2015 года», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка лічыць Саюзную дзяржаву сапраўды ўнікальным інтэграцыйным утварэннем на постсавецкай прасторы, якое дае магчымасць забяспечыць на справе роўнасць сацыяльных правоў грамадзян дзвюх краін.

«З партнёрамі па еўразійскай інтэграцыі — Расіяй і Казахстанам — мы хоць і зрабілі каласальны крок наперад, але ўсё яшчэ застаёмся ў пачатку вялікага шляху. Як мы пройдзем гэты шлях, убачыце, думаю, ужо ў бліжэйшы час, — адзначыў беларускі лідар.

— Шэраг хвалюючых пытанняў па ўзаемным гандлі аднесены на перспектыву або вырашаюцца на ўзроўні двухбаковых адносін з Расіяй. Перш за ўсё гэта датычыцца энергетычных рэсурсаў і руху капіталаў».

Лукашэнка выступае за больш эфектыўную інтэграцыю ў Саюзнай дзяржаве і ЕАЭС

«ЕАЭС — чыста эканамічны саюз. На гэты момант мы не дасягнулі нават палавіны ўзроўню той інтэграцыі, якая сфарміравалася ў рамках Саюзнай дзяржавы. У грамадзян Беларусі і Расіі практычна абсалютна роўныя правы. У краін адзіная абаронная прастора. Мы працуем разам у галіне адукацыі, аховы здароўя, перамяшчэння людзей», — адзначыў Прэзідэнт.

Больш таго, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, дагавор аб стварэнні ЕАЭС адрозніваецца ад Мытнага саюза меншай глыбінёй інтэграцыі. «Я гаварыў гэта Пуціну і Назарбаеву — і ім гэта не спадабалася. Мы папракалі нашых партнёраў у адступленні ад прынцыпаў Мытнага саюза. Расія — «таму што нафта і газ рэчы дарагія», Казахстан — па сваіх прынцыпах. Дык навошта задумваць гэты мытны, эканамічны саюз, калі яго баіцеся?» — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што народы Беларусі і Расіі не задаволены ўзроўнем рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве.

«Працэсы аб’яднання павінны ісці хутчэй, эфектыўней. А самае галоўнае — людзі павінны бачыць карысць ад гэтага саюза», — падкрэсліў ён. Беларускі лідар лічыць, што галоўны прынцып пабудовы любога саюза — раўнапраўе дзяржаў.

«Мы павінны былі ўнесці на рэферэндум Беларусі і Расіі Канстытуцыю будучай Саюзнай дзяржавы. У ёй трэба было прапісваць усё: тэрыторыя, улада, парламент. Расія на гэта не пайшла. Мы дамаўляліся аб адзінай валюце. Але гэта павінна была быць, як у Еўропе, незалежная адзіная валюта. Неабходна, каб эмісійны цэнтр ствараўся на раўнапраўных умовах, гэта значыць усе пытанні вырашаліся ў інтарэсах двух народаў. Але ў Расіі хацелі, каб эмісійны цэнтр быў у Піцеры або ў Маскве, а Цэнтральны банк кіраваў усім. Якое ж гэта раўнапраўе? Таму яшчэ тады мы не стварылі галоўныя асновы нашай будучай інтэграцыі, і цяпер працэсы праходзяць больш павольна, чым хацелася б», — заўважыў Прэзідэнт.

Аб Беларусі і Расіі

Беларусі і Расіі не час «шчыпаць» адзін аднаго па дробязях, трэба быць як ніколі з’яднанымі

Беларусь і Расія перад тварам новых пагроз павінны быць з’яднанымі як ніколі і па-партнёрску вырашаць усе ўзнікаючыя рознагалоссі, заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

«Цяпер не час «шчыпаць» адзін аднаго па дробязях, успамінаць старыя крыўды або ўносіць нервовасць у нашы адносіны, прыдумваючы для гэтага прычыну», — адзначыў беларускі лідар.

«Вы цудоўна бачыце, што сёння адбываецца на планеце. Яе літаральна трасе ад міжусобіц і ўзброеных канфліктаў. Гэта вынікі рэалізацыі той «стратэгіі кіруемага хаосу», што наносяць вялікі ўрон многім дзяржавам розных кантынентаў, на жаль, уключаючы сёння і Еўропу. Мы таксама ведаем, хто кіруе гэтым хаосам, хто стварае, хто вырашае такім чынам свае праблемы за кошт дэстабілізацыі вялікіх рэгіёнаў і нацкоўвання адных народаў на іншыя», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«У гэты няпросты час, я ўпэўнены, беларусам і расіянам трэба быць разам. Перад тварам новых пагроз мы павінны быць з’яднанымі як ніколі, мы павінны быць гатовы падставіць адзін аднаму плячо, па-партнёрску вырашаць усе ўзнікаючыя рознагалоссі. Нам трэба быць абавязкова моцнымі, не саромецца адстойваць свае інтарэсы разам — як эканамічныя, так і палітычныя. Нашы народы павінны жыць у згодзе», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, гэтаму вучаць і гістарычныя ўрокі Вялікай Айчыннай вайны, 70-годдзе Перамогі ў якой будзе ўрачыста адзначацца 9 мая 2015 года. «Нельга забываць, што толькі дзякуючы адзінству нашых народаў мы выстаялі пад ударамі фашысцкіх полчышчаў, разграмілі ворага ў яго ж логаве і вызвалілі Еўропу, выратавалі ўвесь свет ад нацызму, усё чалавецтва ад прыгнёту. Яшчэ раз падкрэслю — наша сіла ў адзінстве і з’яднанасці!» — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь выконвае дамоўленасці з Расіяй у рамках Саюзнай дзяржавы, Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы і АДКБ. «І разам адэкватна рэагуем на ўзрастаючую актыўнасць нашых праціўнікаў каля нашых граніц», — сказаў ён.

«Мы адстойваем эканамічныя інтарэсы Расіі, спыняючы спробы ўвозу заходніх тавараў, якія падпалі пад эмбарга. Ідзём насустрач нашым партнёрам па пытанні замяшчэння такой прадукцыі беларускімі таварамі, што асабліва актуальна, напрыклад, для Калінінградскай вобласці, улічваючы яе асаблівае геаграфічнае становішча», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

«Мы дзейнічаем у духу саюзніцкіх адносін і стараемся з прычыны нашых далёка не бязмежных магчымасцей забяспечыць вас якаснымі беларускімі прадуктамі харчавання і сельгаспрадукцыяй. У Расіі на іх існуе высокі попыт», — падкрэсліў беларускі лідар.

Лукашэнка не дапускае думкі, што Расія можа забраць у Беларусі частку тэрыторыі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць глупствам домыслы аб тым, што Расія па нейкіх прычынах можа забраць у Беларусі частку тэрыторыі.

«Не думайце, што я баюся, як некаторыя ў Расіі гавораць, а асабліва ў нас тут — наша апазіцыя, нашы нацыяналісты мяне палохаюць, што сёння — Украіна, заўтра — Беларусь, паслязаўтра — Казахстан або наадварот. Глупства поўнае. У нас нават не разглядаюцца на палітычным узроўні такія варыянты. Я не дапускаю, каб Беларусь стала чарговай дзяржавай, у якой Расія забярэ частку тэрыторыі або ўсю. Такога няма», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў 1994 годзе ў Будапешце прайшла канферэнцыя, на якой у тым ліку Беларусі і Украіне з боку Вялікабрытаніі, Расіі і ЗША былі дадзены гарантыі па захаванні тэрытарыяльнай цэласнасці ў абмен на вывад ядзернай зброі. Гэта значыць, фактычна была абвешчана непарушнасць граніц Беларусі, Казахстана і Украіны, якія былі на той момант. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што часта ў Расіі гавораць аб няправільным кроку Мікіты Хрушчова, які перадаў Крым УССР, а значыць, трэба забраць паўвостраў назад. «Гэта не матыў», — заявіў Прэзідэнт Беларусі. Ён яшчэ раз нагадаў, што ў 1994 годзе былі дадзены гарантыі тэрытарыяльнай цэласнасці.

Аднак, закранаючы сітуацыю з Крымам, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў задумацца, чаму Расія пайшла на такі крок. Ён нагадаў, што ўжо раней звяртаў увагу журналістаў украінскіх СМІ на тое, што Крым быў здадзены практычна без бою. «Чаму вы (украінцы. — Заўвага БЕЛТА) не ваявалі за гэты Крым? Чаму вы яго аддалі Расіі без адзінага выстралу? Значыць, вы не лічыце, што гэта ваша тэрыторыя», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка задаў рытарычныя пытанні: «Навошта вы накіравалі вастрыё сваёй рэвалюцыі супраць нашых людзей — рускіх і рускамоўных беларусаў? Навошта вы пачалі забараняць рускую мову? Што, больш не было праблем? Вы пачалі пагражаць жыццю гэтых людзей». Кіраўнік дзяржавы закрануў і другі аспект крымскай праблемы: «Вы што хацелі размясціць у Крыме падраздзяленні НАТА? Вы ведаеце нашу пазіцыю. Таму шукайце прычыну не ў Расіі, а ў сябе. Вы як мінімум далі падставу для таго, каб Расія далучыла Крым».

Акрамя таго, Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што сітуацыя ў Крыме можа ўскладніцца з-за таго, што перарваны традыцыйныя камунікацыі і каналы забеспячэння паўвострава. Гэта праблема ўскладняецца з набліжэннем зімы. Хоць Расія, маючы вялікія рэсурсы, будзе рабіць усё, каб забяспечыць Крым. Але для Расійскай Федэрацыі гэта будзе цяжкая ноша. «І гэта трэба мець на ўвазе, калі некаторыя робяць заявы, што Расія хоча забраць яшчэ і Усходнюю Украіну», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што пытанне нават не ў самім далучэнні чужой тэрыторыі, а ў тым, што будзе пасля.

Акрамя таго, гаворачы аб вывадзе ядзернай зброі і канферэнцыі 1994 года, беларускі лідар растлумачыў: «Я ўжо дэ-факта вымушаны быў выконваць тыя абавязацельствы па вывадзе ядзернай зброі, якія мы ўзялі (да выбрання Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкую пасаду. — Заўвага БЕЛТА). Я быў катэгарычна супраць гэтага. Самы жорсткі націск, які я адчуваў, затрымліваючы вывад ядзернай зброі, ішоў з боку расійскага кіраўніцтва». Ён дадаў, што размова ідзе не толькі аб Барысе Ельцыне, але і яго асяроддзі. Націск заключаўся, у прыватнасці, у пагрозах перакрыць пастаўкі газу і нафты. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ЗША было выгадна сабраць ядзерную зброю з постсавецкіх рэспублік у адным месцы — на тэрыторыі Расіі. Амерыканскае кіраўніцтва лічыла, што можа лёгка дагаворвацца з Ельцыным. «Гэта быў вельмі прымітыўны погляд. Ельцын быў не той чалавек, які гатовы быў здаць інтарэсы Расіі. Паверце, я вельмі добра гэта ведаю. Але Расі была тады слабая, таму ёй дыктавалі ўмовы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка просіць не націскаць на яго ў пытанні вызначэння статусу Крыма

«Не трэба мяне дзяўбці, як па Абхазіі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Вы толькі што сказалі, што вам, расіянам, і кіраўніцтву Расіі такі пасрэднік патрэбны. Таму вы мяне не вельмі напружвайце наконт Крыма — і будзе пасрэднік захаваны як мага даўжэй», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы не выключыў, што «калі-небудзь нейкае пытанне паўстане». «Але ў плане вызначэння — мы вызначыліся даўно. Нашу пазіцыю я вам выказаў. За выключэннем нюансаў, гэта была закрытая тэма перагавораў з Пуціным, тады я яму адкрыта сказаў мае пазіцыі наконт Крыма, і як бы я там дзейнічаў, і што трэба было зрабіць, але сёння, выбачайце, я аб гэтым сказаць не магу», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі падрабязна расказаў аб сітуацыі, якая складвалася ў свой час адносна прызнання Абхазіі, адзначыўшы, што, магчыма, гэта праліе святло і на пытанне наконт Крыма. Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, пазіцыя Захаду адносна Беларусі ў выпадку прызнання Абхазіі была зразумелай.

«Мы паклалі тагачаснаму Прэзідэнту Мядзведзеву спіс на стол: мы заўтра прызнаём Паўднёвую Асецію і Абхазію — вось што здарыцца. Амаль тое, што цяпер адбываецца з Расіяй пры санкцыях, толькі ў квадраце. Я кажу: «Вось што будзе: долара не будзе, нам закрываюць усё, усюды. Скажыце: як вы дапаможаце мне? Паасобку — гэта ўсё, дзяржавы няма!»- адзначыў Аляксандр Лукашэнка. «Але калі гэта для вас вельмі важна (а гэта лёгкае было пытанне для Расіі, як гэта потым і аказалася, не ведаю, навошта было нас напружваць па гэтым пытанні), я гатовы, вы нашы саюзнікі. Але вы гатовы падставіць плячо? — прадоўжыў Прэзідэнт Беларусі.  — Не гатовы. Нават абмяркоўваць не гатовы».

«Расіяне аказаліся няздольнымі нас падтрымаць у гэтай сітуацыі. Таму што відавочны быў бы выпад супраць Захаду — падтрымка Беларусі. Расія не хацела ісці на канфлікт з Захадам з-за Беларусі», —  растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Сітуацыя з падатковым манеўрам з’яўляецца праявай імперскіх амбіцый Расіі

Такое меркаванне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў на прэс-канферэнцыі. «У выніку манеўру правай рукой усё забралі з бюджэту Беларусі ў Расію… Вярнулі кампенсацыю, што забралі гэтым манеўрам. Ну што — гэта нармальна? Гэта ненармальныя адносіны… Такія паводзіны часта ў суседніх краінах, былых рэспубліках Саюза, называюць імперскімі амбіцыямі», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама лічыць, што такія дзеянні трэба назваць несправядлівымі. «Ніхто проста так і незваротна Беларусі нічога не аддае. Наадварот, стараюцца недзе нахіліць, унізіць, каб на каленях пастаялі, нешта папрасілі… Гэта няправільна. Гэта заўсёды засмучае і прыўносіць у нашы адносіны не проста неразуменне, а нейкую крыўду», — дадаў Прэзідэнт.

У сярэдзіне верасня ў Расіі было прынята рашэнне аб змяненні ўмоў здабычы, перапрацоўкі, рэалізацыі, экспарту нафты і нафтапрадуктаў. Расійскі ўрад унёс у Дзярждуму прапановы па правядзенні так званага падатковага манеўру, сутнасць якога заключаецца ў павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў, у тым ліку нафты, пры паралельным зніжэнні вывазных пошлін пры экспарце нафты і нафтапрадуктаў. Гэта значыць з аднаго боку павышаецца кошт нафты, з іншага — змяншаюцца вывазныя пошліны на нафтапрадукты.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Андрэй Кабякоў раней пракаменціраваў, што вынікам гэтага падатковага манеўру аказалася істотнае пагаршэнне ўмоў гандлю нафтай і нафтапрадуктамі для Беларусі, што выяўляецца стратамі ў памеры больш як $1 млрд.

У выніку перагавораў бакоў на ўрадавым узроўні было прынята рашэнне, каб усе вывазныя пошліны, якія генерыруюцца пры экспарце нафтапрадуктаў з Беларусі, у 2015 годзе пералічваліся ў беларускі бюджэт. Сума вывазных мытных пошлін для Беларусі складзе прыкладна $2,5 млрд — яны паступяць у бюджэт рэспублікі і «поўнасцю кампенсуюць той $1 млрд, на які пагоршыліся для нас умовы гандлю», — сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.

У той жа час застаецца ў сіле пратакол да пагаднення, разлічаны да 2024 года ўключна, па якім $1,5 млрд вывазных мытных пошлін будзе паступаць у беларускі бюджэт, толькі з невялікім выключэннем на 2015 год. «Гэта значыць на 2016 год прадаўжаецца дзеянне дагавора, які быў падпісаны яшчэ ў маі 2014 года. Гэта своеасаблівая страхавая гарантыя для Беларусі», — заўважыў Андрэй Кабякоў. Бакі таксама дамовіліся аб правядзенні ў пачатку 2015 года дадатковых перагавораў па гэтай тэме.

Рост цэн на беларускія прадукты харчавання ў Расіі адбываецца не па віне Беларусі

Прэзідэнт заклікаў шукаць прычыну, перш за ўсё, у Расіі: «Як мяне інфармуюць, прыкладна на 6-7 працэнтаў выраслі цэны на нашу прадукцыю. Але мы ж пастаўляем не ў сеткі, а вашым аптавікам у асноўным. Таму вы шукайце павышэнне цаны ў сябе. Гэта вашы сеткі».

«Скажу вам шчыра, прычына адна — у вашай бязладнасці і бескантрольнасці. Калі прыватнік, рынак — не маеш права, не чапаеш. Што хочам, тое і робім. У Беларусі гэтага няма», — адзначыў беларускі лідар.

У Беларусі імкнуцца, па-першае, не дапусціць манаполій сетак, якія могуць выцесніць магазіны крокавай даступнасці. Па-другое, дзяржава захоўвае разумны кантроль над рынкам. «Нас часта расіяне асабліва дасведчаныя папракаюць: вось, няма рыначнай эканомікі, дзяржава ўмешваецца. А я гаварыў: умешваліся і будзем умешвацца. Трэба кантраляваць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар назваў яшчэ адну прычыну росту цэн на беларускую прадукцыю ў Расіі, звязаную з сеткамі. «Што вы не ведаеце, што недзе наверсе ў іх «крыша»? І гэтай «крышы» выгадна тое, што адбываецца сёння ў Маскве. Чым вышэйшая цана, тым большыя адкаты, дзяльба прыбыткаў. Таму патрэбны кантроль», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прычым кантроль галоўным чынам павінен заключацца ў тым, каб тавар з Беларусі і іншых краін СНД, з расійскай глыбінкі трапляў у сеткі. «Вось што самае галоўнае — каб не ствараўся штучны дэфіцыт па прычыне эмбарга, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. —Тавару ў свеце дастаткова, каб закрыць нішу, якая ўтварылася ў выніку эмбарга ў Расіі».

«Вашы лабісты баяцца вялікіх паставак, таму што цэны спадуць, а прыватнікам гэта не патрэбна. Вось у чым глыбінная прычына гэтага. А ў кожнага «крыша» наверсе. У нас гэта немагчыма і недапушчальна. Таму мы заклікаем проста да адкрытасці», —рэзюмаваў Прэзідэнт.

Беларусь не падтрымлівае ніякага рээкспарту падсанкцыйных прадуктаў харчавання ў Расію — Лукашэнка

«Рээкспарт немагчымы. Ён адсочваецца», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. У той жа час Прэзідэнт нагадаў, што Беларусі не забаронена купляць прадукцыю, што падпала пад расійскія санкцыі, перапрацоўваць яе і пастаўляць на расійскі рынак.

Беларусь і раней купляла і перапрацоўвала ў сябе прадукцыю з краін Захаду, напрыклад малако з Літвы, але ў нязначных аб’ёмах. «Гэтага  было вельмі мала, таму што нашы перапрацоўчыя прадпрыемствы былі амаль на 100 працэнтаў загружаны. Мы на Захадзе за перыяд расійскага эмбарга ў асноўным у Літве купілі малака для перапрацоўкі 0,84 працэнта ўсяго экспарту малочных прадуктаў у Расію. Скажыце, гэта пытанне варта наогул абмеркавання?»— задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.

Каменціруючы паведамленні, якія перыядычна з’яўляюцца ў СМІ, аб тым, што Беларусь нібыта займаецца рээкспартам забароненай прадукцыі, Прэзідэнт заявіў, што гэта «бяздумная прапаганда і націск на Беларусь толькі ў інтарэсах лабістаў, жулікаў, якія сёння вырабляюць аналагічную прадукцыю ў Расіі».

«Гэта да простага чалавека не мае ніякага дачынення. Вам чым больш і танней, тым лепш. А ім трэба менш, таму што тады будзе высокая цана», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 6 жніўня падпісаў указ «Аб прымяненні асобных спецыяльных эканамічных мер у мэтах забеспячэння бяспекі РФ». Дакумент уводзіць на год абмежаванні на ўвоз у краіну сельгаспрадукцыі дзяржаў, якія падтрымалі антырасійскія санкцыі. Ва ўказе адзначаецца, што гэтыя меры прыняты ў мэтах абароны нацыянальных інтарэсаў Расійскай Федэрацыі. У пералік замежнай сельгаспрадукцыі, адносна якой уводзіцца поўная забарона на пастаўкі, уключылі ялавічыну, свініну, мяса птушкі, рыбу, сыры, малако і плодаагароднінную прадукцыю з Аўстраліі, Канады, ЕС, ЗША, Нарвегіі. З гэтага спіса 20 жніўня былі выключаны малькі, безлактознае малако і безлактозная малочная прадукцыя, насенная бульба, цукровая кукуруза, гарох, БАДы і вітаміны.

Беларускі бок неаднаразова заяўляў, што не дапусціць рээкспарту праз тэрыторыю сваёй краіны харчовых тавараў, забароненых да ўвозу Расіяй. У канцы верасня Рассельгаснагляд звярнуўся ва ўрад Беларусі, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і ў Еўразійскую эканамічную камісію з прапановай аб арганізацыі сумеснага каранціннага фітасанітарнага кантролю спецыялістамі Рассельгаснагляда і ЕЭК на знешняй граніцы Мытнага саюза для ўліку прадукцыі, якая паступае на тэрыторыю Беларусі. Як заявіў пазней міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц, Беларусь не бачыць у гэтым неабходнасці. «У нас дастаткова  кампетэнтныя спецыялісты, якія прадстаўляюць інтарэсы нашай краіны ў плане прыняцця правільных рашэнняў наконт увозу той ці іншай прадукцыі», — сказаў ён, дадаўшы, што перш чым выдаць дазвол на ўвоз у краіну прадукцыі, праводзіцца дасканалы яе кантроль.

13-16 кастрычніка ў Мінску праходзіла першае пасяджэнне сумеснай рабочай групы фітасанітарных і ветэрынарных службаў Беларусі і Расіі, што павінна кантраляваць пастаўкі прадукцыі ў МС. Беларускі бок, у прыватнасці, выступіў з прапановай узмацніць адказнасць за пастаўкі ў РФ праз тэрыторыю Беларусі падсанкцыйных тавараў аж да канфіскацыі незаконна ўвозімага тавару і аўтамабіля.

Беларусь гатова нарасціць экспарт прадуктаў харчавання ў Калінінградскую вобласць — Лукашэнка

Расійскі журналіст заўважыў, што найбольш залежным рэгіёнам у частцы імпарту прадуктаў харчавання з’яўляецца Калінінградская вобласць. На пытанне, ці гатова Беларусь павялічыць у гэту вобласць экспарт прадуктаў харчавання, Прэзідэнт адказаў: «Калі ёсць праблемы — гэта толькі таму, што кіраўніцтва вобласці не варушыцца. Прыязджайце, мы дамовімся абсалютна легітымна і законна, не парушаючы ніякіх эмбарга. Ну не паставім мы нейкую частку — 1-2 працэнты — у Расію (на асноўную яе тэрыторыю. —Заўвага БЕЛТА), а Калінінграду гэта будзе адчувальна».

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь можа забяспечыць Калінінградскую вобласць усім неабходным. Ён таксама звярнуў увагу, што Калінінград можна назваць зонай адказнасці Беларусі.

Санкцыі супраць Расіі балюча б’юць па Беларусі — Лукашэнка

«Нам няпроста. І гэтыя санкцыі супраць вас вельмі балюча б’юць па нас, таму што наш асноўны рынак — Расія», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Адказваючы на пытанне, як Беларусі ўдалося выстаяць ва ўмовах санкцый, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне «вельмі жорстка пайшлі на дыверсіфікацыю экспарту».

«Але ёсць яшчэ адна вельмі важная рэч. Мы з’ядналіся, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Удалося аб’яднацца і выстаяць». Для Расіі, якая падпала пад міжнародныя санкцыі, з’яднанасць — гэта таксама важна. «Галоўнае — з’яднацца. Хопіць у вас духу, каб з’яднацца? Ідэя ёсць. Але цяпер патрэбны канкрэтныя дзеянні. Гэта вельмі важна і няпроста», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь будзе свята выконваць дамоўленасці з Расіяй, маючы свой пункт гледжання

Калі ў Расіі пачалі гаварыць, што Беларусь не падтрымлівае пазіцыю Расіі па Украіне, Аляксандр Лукашэнка заявіў: калі Расіі спатрэбіцца падтрымка з боку Беларусі, яна яе акажа.

«Мы з Расіяй саюзнікі і будзем свята выконваць нашы дамоўленасці, гэта наша пазіцыя. Але ў нас ёсць і ўласны пункт гледжання, часам ён можа адрознівацца ад Расіі. Але мы стратэгічныя партнёры і саюзнікі. І мы не можам дапусціць, каб нехта пакутаваў, а мы збоку глядзелі. Гэтага не будзе», —заявіў Прэзідэнт.

Гаворачы аб узаемадзеянні Беларусі з іншымі краінамі, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што падзеі ва Украіне сталі падставай для таго, каб Захад пачаў рабіць крокі насустрач Беларусі. «Наша пазіцыя па Украіне, відаць, стала штуршком і магчымасцю разважлівым людзям на Захадзе і ў Амерыцы заявіць аб супрацоўніцтве з намі. І яны гэтым скарысталіся, а не таму, што мы змяніліся або змянілі сваю палітыку. Мы самі і падзеі ў свеце павярнуліся такім чынам, што ўжо «трапаць» Беларусь і выціраць аб яе ногі непрыстойна, ніхто ўжо гэтага не зразумее, нават на Захадзе», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

admin

Recent Posts

В ЦИК рассказали, как отличить настоящих сборщиков подписей от мошенников

В Беларуси с 7 ноября стартует этап сбора подписей за выдвижение кандидатов в Президенты. Заниматься…

14 часов ago

В Сенно приступила к работе комиссия по выборам Президента

Первое заседание районной комиссии по выборам Президента Республики Беларусь состоялось в Сенно 5 ноября. На…

14 часов ago

Карпенко: самая многочисленная инициативная группа — за выдвижение кандидатом в Президенты Лукашенко

Самая многочисленная из зарегистрированных инициативных групп - за выдвижение кандидатом в Президенты Александра Лукашенко. Об…

16 часов ago

Наталья Груздёва из Богушевска дает вторую жизнь старым газетам

Наталья Груздёва из Богушевска дает вторую жизнь старым газетам — рукодельница плетет потрясающие вещи из…

16 часов ago

«Расслабляться ни в коем случае не надо». Лукашенко об избирательной кампании в Беларуси

Президент Беларуси Александр Лукашенко ориентирует органы власти на то, что в ходе избирательной кампании в…

16 часов ago

В 2024 году на территории Сенненщины реализуется ряд инвестиционных проектов

В 2024 году на территории Сенненщины реализуется ряд инвестиционных проектов. По словам начальника отдела экономики…

16 часов ago