Ходцаўская «Хадчаначка» прыняла ўдзел у абласным свяце нацыянальных культур, беларускай кухні і гульні «Нас з’яднала зямля Беларусі»

Упершыню ў Віцебску прайшло абласное свята нацыянальных культур, беларускай кухні і гульні «Нас з’яднала зямля Беларусі». Да гэтага часу яго спраўлялі ў Міёрах.

     У мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 250 чалавек. Прадстаўнікі 12 нацыянальнасцей з’ехаліся ў абласны цэнтр з 18 раёнаў Прыдзвіння. У Культурна-гістарычным комплексе «Залатое кальцо Віцебска «Дзвіна» працавалі тры пляцоўкі – «Смачная», «Майстравая» і «Канцэртна-святочная», — дзе можна было пазнаёміцца з азербайджанскай, казахскай, польскай, рускай, украінскай, яўрэйскай і іншымі культурамі.

    Сенненскі раён у фестывалі прадстаўляў народны клуб беларускай нацыянальнай кухні, гульні і фальклору «Хадчаначка» Ходцаўскага СДК. Творчы калектыў аматарскага аб’яднання зрабіў акцэнт на здаровым харчаванні і прэзентаваў народныя беларускія стравы. Іх палатка з прысмакамі размясцілася на пляцоўцы «Смачная». Ходцаўскія гаспадыні частавалі гасцей і ўздельнікаў фестывалю стравамі, прыгатаванымі па мясцовых рэцэптах, сярод якіх каша «Груца», пірог «Сашэнь», сала з гарчыцай і хрэнам, духмяная гарбатая і, безумоўна, ходцаўскі «Спатыкач» (самагонка, настоеная на розных спецыях). Не адмаўляліся наведвальнікі фэсту паласавацца і сенненскім хлебам упрыкуску з машканскай каўбасой «пальцам піханай».

За ўдзел у фестывалі творчы калектыў клуба «Хадчаначка» адзначаны дыпломам за папулярызацыю беларускай нацыянальнай кухні свайго рэгіёна ў намінацыі «Здаровае харчаванне – сучасны стыль жыцця».

     А на днях у Ходцы прыйшла яшчэ адна прыемная навіна: клуб беларускай нацыянальнай кухні, гульні і фальклору «Хадчаначка» Ходцаўскага СДК пацвердзіў ганаровае званне «Народны». З чым іх і віншуем.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.