Гаспадыня засекаў
У 2015-м жыхарка аграгарадка Студзёнка Алена Пагарэльская адзначыць юбілей — 30-годдзе сваёй працы ў сельскай гаспадарцы. У ААТ «Студзёнка» (тады калгас імя Кірава) яна прыйшла адразу пасля заканчэння Лужаснянскага сельскагаспадарчага тэхнікума ў далёкім 1985 годзе. З 2000 года і па сённяшні дзень Алена Пятроўна загадвае цэнтральным складам сельгаспрадпрыемства.
На яе адказназнасці — захаванне камбікармоў, ядахімікатаў і, канешне, насення — асновы будучага ўраджаю. У засеках пад пільным наглядам Алены Пятроўны — 261 тона зерня ячменю, усё акуратна рассартыравана і пазначана інфармацыйнымі таблічкамі. Ва ўсіх васьмі складскіх памяшканнях пануе парадак.
У час пасяўной і ўборачнай кампаній клопату дабаўляецца. Але і зімой, прызнаецца Алена Пятроўна, без працы сядзець не прыходзіцца. Трэба выдаць кармы, добраўпарадкаваць прылягаючую тэрыторыю, праверыць умовы захоўвання даверанага ёй насення. Нягледзячы, што пад яе началам працуе брыгада з 4 чалавек, яна прывыкла ўсё рабіць добрасумленна і правяраць асабіста. Мабыць таму, у сферы сваёй дзейнасці Алена Пагарэльская лічыцца адной з лепшых у раёне. Гэта пацвярджае і начальнік раённай інспекцыі аховы раслін Алег Кісель.
У вольны ж час Алена Пятроўна любіць займацца вязаннем і чытаць газеты. Да слова, спадарыня Пагарэльская з’яўляецца адданай і пастаяннай падпісчыцай «Голасу Сенненшчыны».
Наш кар.
Фота Алы ЯКАЎЛЕВАЙ.