21 студзеня ў нашай краіне адзначаецца Адзіны дзень здароўя
21 студзеня ў нашай краіне адзначаецца Адзіны дзень здароўя.
— Ад якіх хвароб трэба засцерагацца ў зімовы перыяд? — пацікавіліся мы ў Сняжаны Мяцеліца, галоўнага ўрача Сенненскага РЦГЭ.
— Вострыя рэспіраторныя інфекцыі і грып — зімой найбольш небяспечныя для чалавека. Менавіта яны складаюць 95% усіх інфекцыйных захворванняў у свеце. Штогод на іх хварэюць да 500 млн людзей, з якіх 2 млн — паміраюць. Эпідэмія грыпа звычайна ўзнікае ў халодную пару года і ахоплівае да 15 % насельніцтва планеты.
— Людзі, далёкія ад медыцыны, не зусім уяўляюць, што такое прастуда, грып, вострыя рэспіраторныя інфекцыі.
— Прастуда — гэта не хвароба, а рэзкае ахаладжэнне цела, якое спрыяе ўзнікненню захворвання. Прастуда часта правакуе грып, які з’яўляецца разнавіднасцю рэспіраторнага інфекцыйнага захворвання. Узбуджальнікам яго з’яўляюцца вірусы некалькіх тыпаў — А, В, С.
Вострае рэспіраторнае захворванне, інакш — вострая рэспіраторная інфекцыя ахоплівае вялікую колькасць захворванняў, якія маюць падобную з грыпам клінічную карціну. Але выклікаюць іх абсалютна іншыя вірусы.
— Чаму трэба баяцца грыпу?
— Грып небяспечны сваімі наступствамі, якія праяўляюцца ў выглядзе бранхітаў, пнеўманій, паражэння сардэчнай мышцы і г.д., а таксама абвастрэннем наяўных хранічных захворванняў. Для сталых людзей, людзей з аслабленай імуннай сістэмай, дзяцей грып асабліва небяспечны і, бывае, прыводзіць да смерці.
— Як адбываецца заражэнне віруснымі захворваннямі?
— Трапляючы на слізістую абалонку верхніх дыхальных шляхоў вірус укараняецца ў іх эпітэльныя клеткі, трапляе ў кроў і выклікае інтаксікацыю.
— Хто з’яўляецца распаўсюджвальнікам інфекцыі?
— Трэба баяцца хворых людзей. Заражэнне грыпам адбываецца пры чыханні, кашлі, вірусы перадаюцца праз посуд, сродкі асабістай гігіены. Менавіта таму медыкі рэкамендуюць ізаляваць хворых.
— Як звычайна праяўляецца грып?
— У тыповых выпадках хвароба пачынаецца раптоўна з павышэння тэмпературы цела да 38-40о, з’яўляецца моцны галаўны боль, галавакружэнне. Боль адчуваецца нават у мышцах, вачах.
— У чалавека з’явіліся першыя сімптомы захворвання на грып. Што рабіць? Бегчы ў аптэку за медыкаментамі, у паліклініку да ўрача?
— Ніякага самалячэння! Спачатку — да доктара, атрымаўшы прызначэнне — за медыкаментамі. Пераносіць хваробу «на нагах», значыць спрыяць распаўсюджванню інфекцыі, шкодзіць уласнаму здароўю. Пры грыпе абавязкова трэба захоўваць пасцельны рэжым і дакладна выконваць рэкамендацыі медыкаў.
Я ўжо казала, што грып небяспечны ўскладненнямі. А яшчэ трэба помніць — развіццё захворвання непрадказальнае. Таму хворы павінен знаходзіцца пад пастаянным наглядам урача.
Пры самалячэнні нярэдка выкарыстоўваюць антыбіётыкі, што не заўжды апраўдана. Да таго ж яны могуць выклікаць алергічную рэакцыю, садзейнічаць пераходу захворвання ў хранічную форму, дызбактэрыёзу, фармаванню ўстойлівых форм бактэрый.
— Грып вельмі хутка распаўсюджваецца. Як трэба весці сябе людзям у перыяд распаўсюджвання інфекцыі?
— Калі сярод вашых родных, блізкіх, сяброў, калег па працы з’явіліся хворыя, строга выконвайце правілы асабістай гігіены, бо інфекцыя лёгка перадаецца праз гразныя рукі. Падлічана, што рукі да 300 разоў у дзень кантактуюць з выдзяленнямі з носа, вачэй, слінай. Хворы чалавек пакідае іх разам з бактэрыямі на дзвярных ручках, вопратцы, іншых прадметах. Гэта яшчэ адзін шлях распаўсюджвання грыпу. Таму трэба рэгулярна мыць рукі, на перыяд інфекцый пазбягаць нават поціску рук і карыстацца ватна-марлевымі маскамі. Не забывайце праветрываць памяшканні, часцей бывайце на свежым паветры, спажывайце больш прадуктаў харчавання з высокім утрыманнем вітаміна С: квашаную капусту, журавіны, лімоны, іншыя цытрусавыя. Умацуюць імунітэт, хутчэй дапамогуць выздаравець часнок і цыбуля. Рэкамендуецца прымаць вітамінна-мінеральныя комплексы. Гэта узмацніць ахоўныя сілы арганізма, асабліва калі загадзя не зроблена прышчэпка ад грыпу.
Гутарыў Аляксандр ІЎЕЎ.
А тым часам у сродках масавай інфармацыі Расійскай Федэрацыі і Украіны, на інтэрнэт-рэсурсах ужо стала з’яўляцца інфармацыя аб захворванні на свіны грып ва Украіне. Паведамляецца аб лятальных зыходах, выкліканых бурным развіццём пнеўманіі.