В Сенненском историко-краеведческом музее разработано музейно-педагогическое занятие-фольклорный праздник

У Сенненскім гісторыка-краязнаўчым музеі распрацаваны музейна-педагагічны занятак-фальклорнае свята «Запрашаем на вячоркі», галоўныя задачы якога — выхаванне павагі да беларускіх традыцый і развіццё духоўна-маральных каштоўнасцей вучняў.

 

«Неразлучники» в интерьере музейной экспозиции

 Калі нашы продкі збіраліся на «вячоркі» ў адной хаце, яны не толькі ладзілі гульні, спевы, танцы, пралі кудзелю і вязалі розныя рэчы. Дарослыя жанчыны яшчэ рабілі лялькі з нітак для сваіх дзяцей. На музейным занятку вучні таксама спрабуюць рабіць такія вырабы. Акрамя таго, дзеці даведваюцца пра гісторыю лялькі, якая на працягу многіх стагоддзяў з’яўлялася часткай народнай культуры. Ёй адводзілася cакральная роля. Гэту адметнасць захавалі казкі, у сюжэце якіх дзейнічае лялька. Часцей за ўсё яна дапамагае галоўнай гераіні (звычайна гэта сірата) перажыць гора, ахоўвае ад усяго злога. Такім чынам, лялька ў народнай традыцыі ўспрымалася як абярэг.

 Гісторыя сведчыць, што ў вёсках з другой паловы 19-га стагоддзя самай распаўсюджанай цацкай сярод дзятвы была лялька, зробленая з тканіны. Яе бераглі, перадавалі з пакалення ў пакаленне. Лялька з тканіны была амаль у кожнай хаце, ёй надавалі ролю берагіні жылля, сям’і.

Авторская кукла О.Красновской

Яшчэ да нараджэння дзіцяці кожная маці рабіла ляльку-берагіню. Абавязкова — без выкарыстання ножніцаў і іголкі: ляльку нельга было ні ўкалоць, ні парэзаць, паколькі ў ёй захоўваліся мацярынская пяшчота і любоў. Рабілі ляльку, скручваючы яе з каляровых кавалачкаў тканіны. Затым клалі ў яшчэ пустую люльку, каб берагіня абагрэла яе для будучага дзіцяці. Калі дзіця было неспакойнае, часта не спала, тады маці рабіла ляльку-бяссонніцу. Кладучы яе спаць разам з дзіцём, жанчына прамаўляла пэўныя словы, якімі прасіла бяссоніцу гу­ляць з лялькай, а не з дзіцём.

 Часта ляльку-берагіню давала жанчына свайму мужу, сыну або брату, калі той быў ў вандроўцы або ішоў на вайну. Лічылася, што такім чынам берагіня ахоўвае мужчыну ў дарозе, нагадвае яму аб сям’і і роднай хаце.

 Калі ў сям’і здараліся частыя сваркі, то, застаўшыся адна, жанчына, адчыніўшы вокны, нібыта маленькім венікам, лялькай «вымятала» сваркі з хаты, праганяла негатыўную энергію, якая перашкаджае жыць у ладзе і згодзе.

 У народнай славянскай культуры была вялікая разнастайнасць лялек. У іх ліку — «стрыгушка» — лялька з травы. Нярэдка яе выкарыстоўвалі і ў лячэбных мэтах: калі дзіцё хварэла, то ў «стрыгушку» ўпляталі лекавыя травы. Атрымлівася і прыгожа, і карысна для здароўя. Была і лялька «кубышка-траўніца», напоўненая лекавымі травамі. «Кубышку» неабходна было пацерці ў руках, тады па пакоі разносіўся лекавы дух, які адганяў розныя хваробы.

 У народнай культуры былі і лялькі, якія дапамагалі гаспадыні спраўляцца з усімі хатнімі справамі. Гэта лялькі-«дзесяціручкі». Іх часта дарылі дзяўчыне ў час яе вяселля, каб яна, ужо маладая гаспадыня, з усім спраўлялася, каб у яе ўсё ладзілася.

 Для таго, каб у доме быў дастатак, жанчына рабіла ляльку «зернавушку» або «крупенічку». Рабілі іх пасля збору ўраджаю. У аснове «зернавушкі» быў мяшочак з зернем. Такую ж ляльку жанчына рабіла, каб у яе былі дзеці.

 У вясельным абрадзе выкарыстоўваліся лялькі-«неразлучнікі». Іх дарылі маладой пары. У гэтай лялькі мужчынская і жаночая фігуры сімвалічна аб’яднаны адной рукой, плячом: каб муж і жонка заўсёды ішлі па жыцці разам, падтрымліваючы адзін аднаго, каб у іх сям’і панавалі згода і лад.

 Дарэчы, яшчэ перад замужжам маці дарыла дачцэ ляльку-берагіню. Нявесце таксама было прынята дарыць лялек, каб у новай сям’і было шмат дзяцей. І цяперашні атрыбут любога вяселля — прыгожая лялька на капоце вясельнага аўтамабіля — адгалосак менавіта таго старадаўняга абраду.

 На працягу доўгага часу лялькі былі без твару. Лічылася, што твар ляльцы не патрэбны, бо ў доме не павінна быць лішніх вачэй. Паколькі вочы, а таксама нос, рот, няхай нават і намаляваныя, з’яўляюцца варотамі, праз якія прахо­дзіць сувязь з касмічнымі сіламі, а сярод іх шмат тых, што могуць нашкодзіць дзіцяці, сям’і ўвогуле.

Авторская кукла О.Красновской

 Толькі ў канцы 19 ст. ў тканевай лялькі пачынае з’яўляцца твар. Звычайна яго малявалі вуглём з печкі. Таксама твар лялькі вышывалі, выкарыстоўваючы пры гэтым сімволіку народнай вышыўкі. Жаночыя твары абазначаліся крыжападобнымі і ромбападобнымі ўзорамі. Рот, як правіла, вышывалі чырвонымі ніткамі шчыльнымі сцяжкамі або крыжыкам. Роцікі ў лялек былі маленькія: так падкрэслівалася, што лялька павінна маўчаць, яна не мае права адкрываць рот.

 Узровень цікавасці да свету лялек застаецца высокім і ў наш час. Любімай цацкай дзяўчынак з’яўляецца менавіта лялька. Цяпер яна нясе забаўляльную функцыю. А хтосьці купляе лялькі, каб стварыць калекцыю. Напрыклад, калекцыю лялек «Дамы эпохі», экспанаты для якой можна набыць у кіёсках Белсаюздруку. У нашай краіне нават адзначаецца Дзень беларускай лялькі.

 Шэраг майстроў у наш час займаецца вырабам аўтарскіх лялек. Сярод іх, жыхарка Сянно, педагог Вольга Анатольеўна Красноўская, якая захапляецца стварэннем і рэстаўрацыяй лялек. Гэты від мастац­тва дапамагае акунуцца ў асаблівы мір прыгажосці, гармоніі і дабра. Пастаянна ўдасканальваючы сваё майстэрства, Вольга Анатольеўна стварыла шмат яркіх вобразаў, удыхнула жыццё ў кожнае сваё тварэнне, робячы ляльку адзі­най, непаўторнай.

 Браніслава Жалтабрухава,

галоўны захавальнік фондаў Сенненскага

гісторыка-краязнаўчага музея.

 Фота з фондаў музея.