Памяць землякоў, якія загінулі ў Афганістане, ушанавалі ў Сенненскім раёне
9 гадоў, 1 месяц і 18 дзён доўжылася спецаперацыя савецкіх войскаў у Афганістане. Сёлета споўнілася 27 гадоў з дня заканчэння гэтай вайны. Цяпер яна ўжо гісторыя, пра якую знята шмат фільмаў, напісана кніг. Але сведкі тых падзей жывуць і працуюць побач з намі і ўжо паспелі вырасціць сваіх дзяцей… Нямала і тых, хто не вярнуўся з той «незразумелай» вайны. Сенненшчына не далічылася чатырох сваіх сыноў.
Традыцыйна 15 лютага адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. У нашым раёне таксама ўшанавалі памяць землякоў, якія загінулі ў Афганістане. На месцах пахавання воінаў-афганцаў прайшлі мітынгі-рэквіемы з ускладаннем вянкоў і кветак. Групы ў складзе прадстаўнікоў улады, грамадскіх аб’яднанняў наведалі магілы сенненцаў-афганцаў.
Афганістан для большасці пачынаўся з аэрапорта, ім і заканчваўся. Каму шанцавала, — ішоў па ўзлетнай паласе, удыхаючы поўнымі грудзьмі паветра Радзімы. Цяжка параненых дастаўлялі ў Саюз «грузам 300″, загінуўшых —»грузам 200».
У 1980 годзе сенненец Віктар Русачэнка скончыў восем класаў Какоўчынскай школы, у 1983 — Аршанскае ПТВ №10, працаваў цесляром на будоўлі ў Новалукомлі. У гэтым жа годзе прызваны ў рады Узброеных Сіл, а ў 1984-м накіраваны ў Афганістан. Радавы Русачэнка загінуў праз год ад куляметнага ранення, атрыманага пры выкананні воінскага абавязку.
Аддаць даніну павагі на могілкі ў в.Івашкава Какоўчынскага сельсавета, дзе пахаваны Віктар Русачэнка, прыехалі Уладзімір Бяляцкі, першы сакратар раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі, Карым Хасанаў, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алеся Лавіцкая. Пранікнёныя вершы дэкламавалі ля магілы свайго земляка вучні Какоўчынскай ДССШ. Удзел у мітынгу прыняло і кіраўніцтва сельвыканкама.
Далейшы шлях групы ляжаў у в. Магілёўка Багушэўскага сельсавета, дзе на мясцовых могілках пахаваны Аляксандр Галькевіч. У 1983-м ён скончыў школу рабочай моладзі, курсы трактарыстаў, быў прызваны ў армію. У Афганістане служыў кулямётчыкам. Радавы Галькевіч загінуў у 1984-м пры выкананні баявога задання.
Хвіліны маўчання, чуллівыя вершы пра афганскую вайну ў выкананні вучняў багушэўскіх школ смуткам і журбой адбіваліся ў сэрцах удзельнікаў мітынгу-рэквіема.
Шмат гадоў Аляксандр Звярковіч з в.Маргойцы Беліцкага сельсавета лічыўся зніклым без вестак. Ён прапаў у сакавіку 1984 года. Пазней з’явілася інфармацыя, што радавы Савецкай Арміі Аляксандр Звярковіч патрапіў у палон, утрымліваўся ў турме цэнтра падрыхтоўкі маджахедаў Бадабер на тэрыторыі Пакістана. 27 красавіка палонныя ўзнялі паўстанне, раззброілі ахову, захапілі вялізны арсенал узбраення і далі бой. Дадому сенненец Звярковіч так і не вярнуўся. Летась на доме, дзе нарадзіўся і жыў Аляксандр, усталявалі інфармацыйна-памятную дошку.
Яшчэ адна група прадстаўнікоў улады і грамадскіх аб’яднанняў ушаноўвала ў той дзень памяць Васіля Стаселькі, які пахаваны ў вёсцы Стрыгі Машканскага сельсавета.
Шэраг мерапрыемстваў у гонар землякоў-афганцаў прайшоў у школах раёна.
Улада не пакідае без увагі тых, для каго Афганістан стаў горкім адбіткам у лёсе. Рашэннем райвыканкама прадугледжана выплата аднаразовай матэрыяльнай дапамогі маці загінуўшага пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку Соф’і Звярковіч і ветэрану баявых дзеянняў Сяргею Дзябольскаму.
Завяршыліся ўрачыстасці святочным мітынгам каля парку Трох Герояў у Сянне, дзе ўсталяваны бронетранспарцёр — помнік воінам-інтэрнацыяналістам.
Прайшло 27 гадоў, як апошнія савецкія салдаты пакінулі межы чужой паўднёвай краіны. Але для тых, хто прайшоў пекла Афгана, гэта вайна застанецца ў памяці, у сэрцы назаўсёды.
Ірына ХАСАНАВА.
P.S. На днях на адрас рэдакцыі прыйшоў ліст з Расіі, у якім Саюз ветэранаў Афганістана Кіраўскай вобласці выказаў падзяку за ўвекавечванне памяці Аляксандра Звярковіча.