Славенцы наладзяць у Багушэўску выпуск экспартаарыентаванай прадукцыі
У бліжэйшы час у гарадскім пасёлку з’явіцца новая дрэваапрацоўчая вытворчасць.
Будзе выпускацца экспартаарыентаваная прадукцыя: піламатэрыялы, паліўныя пелеты. Інвестыцыі ў іх выпуск укладваюць замежныя партнёры.
У якасці заснавальнікаў новай вытворчасці выступае прадстаўніцтва групы «Riko» са Славеніі. На вуліцы Луначарскага, дзе інвестары набылі ва ўласнасць два будынкі, што працяглы час не выкарыстоўваліся, вядуцца будаўнічыя работы. Закуплена дрэваапрацоўчая лінія, у планах набыццё дзвюх сушылак.
Як стала вядома рэдакцыі, на першым этапе для жыхароў гарпасёлка, будзе створана 30 новых рабочых месцаў, пазней — яшчэ дваццаць. З’явіцца дадатковая крыніца папаўнення раённага бюджэту. Агульны аб’ём інвестыцый складзе больш чым 1 млн еўра.
Кіраўніка групы прадстаўніцтва «Riko» Жаўрыда Мілкавіча на Сенненшчыне прывабіла не толькі сыравіннае багацце. У суседнім раёне, дзе была наладжана падобная вытворчасць, славенцы будынкі толькі арандавалі, што не дазваляла ім працаваць на перспектыву.