З гісторыі Багушэўска. Да 135-годдзя гарадскога пасёлка

bogushevsk_pos_flГісторыя заснавання

         Першыя жыхары пачалі сяліцца на тэрыторыі Багушэўска дзякуючы каплічцы Святога Макавея. У дзень Св.Макавея і іншых царкоўных свят з Серакаротні (цяпер вёска Лучазарнае) сюды прыязджаў праваслаўны свяшчэннік. На малебен збіралася шмат сялян з суседніх вёсак, таму зручна было весці гандаль. У 1879 годзе тут пасяліліся  некалькі прадпрымальных людзей. Забароўскі адкрыў карчму, яўрэй Гозін — заезны дом і бакалейны магазін (лаўку). Такі ж магазін адкрыў латыш Рэгут (Рэут). Яго патомкі і цяпер жывуць у Багушэўску. Гэтых траіх і можна лічыць заснавальнікамі пасёлка. Потым тут пачалі сяліцца і іншыя. Гісторыя захавала такія прозвішчы, як Ландзёнак, Мойша Гіршэвіч Кулік, Кац, Крывашэеў.

Існуе і іншая версія ўзнікнення Багушэўска, згодна з якой гэты населены пункт быў заснаваны ў 1839 годзе, калі ва ўрочышчы Бычыха пасялілася сям’я латыша Рэута.   У ХІХ стагоддзі Багушэўск быў вядомы як фальварак Багушэўка, дзе ў 1854-84 гадах працавала піваварня. Галоўным піваварам быў Рэут (Рэгут).

 Будаўніцтва чыгункі 

Богушевский+ У 1901 годзе пачалося будаўніцтва чыгункі Віцебск — Жлобін. Патрабавалася шмат грунта для насыпу. Так узнік кар’ер. Менавіта ў гэтых мясцінах зручна было пабудаваць адну са станцый, бо Орша, Віцебск і Сянно знаходзіліся адсюль на адлегласці прыкладна ў 40 кіламетраў.

Большая частка зямлі тут належала Дзмітрыю Васільевічу Багушэўскаму, мясцоваму памешчыку (па некаторых звестках, палкоўніку), які жыў у той час у Санкт-Пецярбургу. Ён згадзіўся бясплатна (ці за сімвалічную плату) перадаць частку зямлі пад будаўніцтва станцыі. Але паставіў умову: станцыя павінна быць названа ў гонар яго жонкі — Багушэўскай. А населены пункт стаў называцца Багушэўскам (у той час Серакаратнянская воласць, Аршанскі павет, Магілёўская губерня). Сам Дз.В.Багушэўскі памёр у 1903 го­дзе і пахаваны ў в.Худалеі (цяпер Рыбнае) пад Багушэўскам.

Астатняя зямля была ўзята ў сялян з вёскі Цясы. Пры гэтым, у якасці кампенсацыі ім аддалі частку зямлі за Каролінскім лесам, якой вяскоўцы карысталіся да Кастрычніцкай рэвалюцыі і яшчэ нейкі час пасля яе.

 Пасёлак расце 

         Пасля будаўніцтва чыгункі і станцыі, якая адкрылася ў 1902 годзе, у Багушэўску з’явіліся склады для газет і бензіну, магазін. Пасёлак пачаў хутка расці, у першую чаргу за кошт яўрэяў, якія перасяляліся з навакольных вёсак і займаліся гандлем. Былі сярод іх і краўцы, шаўцы, возчыкі, кавалі.

У 1915 годзе ў Багушэўску пабудавана прыватная лесапілка, на якой працавалі два дзясяткі рабочых.

Дзеці заможных багушэўцаў-беларусаў хадзілі ў пачатковую земскую школу, якая знаходзілася ў вёсцы Ског. Незадоўга да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў пасёлку з’явілася сінагога. Пры ёй вучылася частка яўрэйскіх дзецей. У Багушэўску ў гэты час працавалі два фельчары. Захавалася прозвішча аднаго з их — Хацяновіч.

Рэвалюцыя абудзіла жыццё

         Савецкая ўлада ў Багушэўску была ўстаноўлена ў лістападзе 1917 года. А ў лютым 1918-га для барацьбы з нямецкімі захопнікамі ў Багушэўску быў сфарміраваны партызанскі атрад, які налічваў 300 чалавек і потым быў ператвораны ў полк Чырвонай Арміі.

У 20-х гадах Серакаратнянскі рэўсавет быў пераўтвораны ў сельсавет і ў 1924 годзе перанесены ў пасёлак Багушэўск. Першым старшынёй Багушэўскага сельскага Савета быў Т.Яўсееў. Пры сельскім савеце быў створаны камітэт беднаты, які ўзначальваў Міхаіл Ліпсон. Адным з членаў камітэта быў Аляксей Вакар. Камбеды праводзілі работу па размеркаванні зямлі памешчыкаў. Так была раздадзена і зямля Багушэўскага.

Захаваўся спіс бядняцкіх гаспадарак, датаваны 1927 годам. У ім значыліся гаспадаркі Юды Міндліна, Гіршы Чэрніна, С.Пеўзнера, Ільі Пушынскага, Абрама Ліўшыца, Лейзера Бендара, Гіты Кац, Залмана Левіна, Хіты Аіскелевіча, Арона Куліка.

Пасля рэвалюцыі ў Багушэўску  адкрыліся абараначная, пякарня, гаспадаром якой быў Васіль Фёдаравіч Іваноў (потым пякарня стала дзяржаўнай). Дзейнічала нарыхтоўчая кантора.

Развіццё эканомікі

         З 1925 года пачынаецца працэс кааперавання дробных саматужнікаў. Восем саматужнікаў-адзіночак Г.Б.Фельдшаровіч, С.Е.Мурашкова і іншыя аб’ядналіся ў прамыслова-кааператыўную арцель гнутай мэблі, якая існавала на паявых пачатках пад назвай «Труд» і выпускала паўфабрыкаты венскіх стулоў. Гэта было адно з першых кааператыўных аб’яднанняў.

Працэс уцягнення саматужнікаў у дзяржаўны сектар эканомікі ішоў вельмі актыўна. Ужо да 1930 года поўнасцю быў ліквідаваны прыватны сектар у млынавай справе. Прыватная бандарная вытворчасць скарацілася з 19 да 5 вытворчых адзінак, кавальская — з 45 да 32, ганчарная — з 44 да 30. Было завершана каапераванне шаўцоў-саматужнікаў у арцель «Чырвоны шавец», у якую ўваходзілі 20-25 чалавек.

У 1933 годзе дзейнічалі прадпрыемствы: ільнозавод, кузня прамарцелі, шавецкая майстэрня, мэблевая фабрыка, смоларцель «1 Мая», вінзавод (створаны да рэвалюцыі).

 Багушэўскі раён

быў утвораны ў 1924 годзе ў складзе Аршанскай акругі. Цэнтр раёна — мястэчка Багушэўск — у 1938 годзе стаў гарадскім пасёлкам.

Па даных 1926 года раён меў плошчу 778 км2, насельніцтва — 33 тыс. чалавек. У 1930-м акруговая сістэма была ліквідавана, і Багушэўскі раён перайшоў у прамое падначаленне БССР. У 1931 годзе раён быў ліквідаваны. Адноўлены ў 1935-м у прамым падначаленні Беларускай ССР. У студзені 1938 года з увядзеннем абласнога дзялення ўключаны ў склад Віцебскай вобласці. У 1960 годзе Багушэўскі раён быў ліквідаваны, а яго тэрыторыя раздзелена паміж Віцебскім, Аршанскім і Сенненскім раёнамі.

У перадваенны перыяд прамысловасць раёна была на пад’ёме. Дзейнічалі і развіваліся такія галіны прамысловасці, як дрэваапрацоўчая з колькасцю рабочых 270 чалавек, торфаапрацоўчая, у якой было занята 293 работнікі, і іншыя. Працавала 8 механічных млыноў. Выпрацоўка электраэнергіі складала 119 тыс. кв. гадзін. Вялося вялікае будаўніцтва. У раёне мелася 13 паштова-тэлеграфных прадпрыемстваў, налічвалася 373 ра­дыё­кропкі, 23 прыёмнікі. Працавала 47 клубаў.

Сетка ўстаноў аховы здароўя ўключала ў сябе бальніцу і радзільны дом на 40 ложкаў, амбулаторыю, дзе працавалі 4 урачы, 11 фельчараў, 18 акушэрак.

 Падрыхтавала

Таццяна Буракова.

  Матэрыял для падрыхтоўкі публікацыі прадаставіла галоўны захавальнік фондаў Сенненскага гісторыка-краязнаўчага музея Браніслава Жалтабрухава.