Прадстаўнікі сенненскай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» абмеркавалі планы і абмяняліся вопытам


«Быць у «Белай Русі» — прэстыжна», — такое меркаванне агучыла па выніках раённага семінара старшынь пярвічных арганізацый рэспубліканскай грамадскага аб’яднання намеснік старшыні райвыканкама і старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь” Зоя Фаміна.

Знаёмства з накірункамі дзейнасці Сенненскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, абмеркаванне планаў на будучыню, абмен вопытам з аднадумцамі – такія мэты пераследавала мерапрыемства. На працягу сустрэчы прысутныя азнаёміліся таксама з пастаноўкай работы ў пярвічных арганізацыях Цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, ясляў-сада №3 райцэнтра.

Удзельнікаў мерапрыемства гасцінна, з гарбатай і хатняй выпечкай, прынялі ў раённай бібліятэцы. Менавіта тут працуе адна з самых дзейсных суполак “Белай Русі”. Невыпадкова на базе ўстановы адкрыта грамадская прыёмная РГА. Суполка з’яўляецца пераможцам раённага конкурсу на лепшую пастаноўку работы сярод пярвічных арганізацый. У яе радах на сённяшні дзень налічваецца 27 работнікаў бібліятэчных устаноў. Пра добрыя справы пярвічкі распавяла яе лідар Таццяна Красноўская.

Усе акцыі, ініцыяваныя рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем, знаходзяць водгук у яго раённых і пярвічных структурах. І тым не менш у дзейнасці кожнай пярвічкі можна вылучыць свой напрамак. У прыватнасці, у ЦРБ вялікую ўвагу надаюць грамадзянска-патрыятычнай і краязнаўчай рабоце. Актывісты-бібліятэкары шмат робяць па добраўпарадкаванні месцаў пахавання загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, па зборы і захаванні ўспамінаў ветэранаў, сведкаў тых часоў. Пастаяннымі тут сталі акцыі “Белая Русь — ветэранам”, “Белая Русь упрыгожвае Беларусь” і інш. Увесь сабраны матэрыял змясціўся ў зборніках і на сайце ўстановы, дзякуючы гэтаму магілы сваіх продкаў маглі знайсці нашчадкі з розных куткоў былога СССР.

 Шмат станоўчых водгукаў выклікала сёлетняя акцыя бібліятэкараў “Ода роднаму гораду”, прымеркаваная да 575-годдзя Сянна: у відэафільме жыхары райцэнтра чыталі вершы ўраджэнцаў Сенненшчыны.

 Дзейнасць пярвічкі ЦБС вельмі імпануе, падкрэсліла Зоя Фаміна і прапанавала пярвічным арганізацыям падтрымаць ініцыятыву бібліятэкараў па добраўбарадкаванні месцаў баявой славы і ўзяць шэфства над помнікамі.

Усе пачынанні грамадскай суполкі знаходзяць падтрымку ў кіраўніка ЦБС Алены Мяцеліца, якая сама з’яўляецца актыўным яе членам. За творчую ініцыятыву і з нагоды юбілею Зоя Фаміна ўручыла Алене Ігараўне Ганаровую грамату райвыканкама. 

Фарміраванне ў насельніцтва раёна бяспечнага і здаровага ладу жыцця паставілі сабе за мэту ў пярвічцы Сенненскага РАНС. Па словах яе лідара Васілія Дубаўца, члены суполкі рэгулярна сустракаюцца з працоўнымі калектывамі, жыхарамі населеных пунктаў, школьнікамі, з якімі вядуць прафілактычную работу. Даспадобы маленькім жыхарам Сянна і іх бацькам прыйшлося дзіцячае свята, якое ратаўнікі сёлета наладзілі ў дзень пажарнай службы ў парку Трох Герояў райцэнтра. Мерапрыемства, праведзенае з падачы пярвічкі, абяцае набыць статус пастаяннага.

Стаўку на сямейныя каштоўнасці, выхаванне падрастаючага пакалення на нацыянальных традыцыях робяць у пярвічцы ясляў-сада №3 г.Сянно. За тры гады існавання суполка пад кіраўніцтвам дырэктара ўстановы Алесі Мінчанка аб’яднала ў сваіх радах звыш трэці работнікаў дзетсада. Актывісты аказваюць дапамогу шматдзетным сем’ям, сем’ям, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане. Вось і зараз ва ўстанове рыхтуецца чарговая дабрачынная акцыя “Цуды вялікія і маленькія”, падчас якой члены РГА ў ролі зімовых чараўнікоў наведаюць з падарункамі шэраг сямей, якія жывуць у мікрараёне дзіцячага садка №3.

Яшчэ адным сёлетнім пачынаннем з удзелам суполкі ў дашкольнай установе стаў музей беларускага народнага побыту, дзе маленькія сенненцы знаёмяцца з гісторыяй сваёй радзімы, яе мовай і нацыянальнымі традыцыямі.

На рахунку кожнай пярвічкі — шмат добрых спраў, пачынанняў і ініцыятыў, і важна, што іх рэалізацыя праводзіцца ў цесным узаемадзеянні з іншымі грамадскімі арганізацыямі, падкрэсліла Зоя Фаміна.

Наступны год рыхтуе для актывістаў нямала нагод для новых акцый. Гэта і 100-годдзе з дня нараджэння вядомага дзяржаўнага дзеяча, нашага славутага земляка Пятра Машэрава, і 80-годдзе Віцебскай вобласці. Падрабязна з задачамі і планамі прысутных пазнаёміў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і намеснік старшыні раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Сяргей Мяцеліца.

Прыярытэтнымі накірункамі работы аб’яднання застануцца шэфская дапамога неблаганадзейным сем’ям, добраўпарадкаванне воінскіх помнікаў і месцаў масавых захаванняў часоў ВАВ, дабрачынная дзейнасць. Не застаюцца ўбаку прадстаўнікі грамадскасці і ад галоўных дзяржаўных падзей. Члены РГА актыўна ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання ў складзе выбаркамаў, назіральнікаў.     

Юбілей у наступным годзе справіць і само грамадскае аб’яднанне. Як адзначыла на семінары Зоя Фаміна, за 10 гадоў яно ператварылася ў самую моцную ў палітычным плане арганізацыю ў краіне. Толькі на Сенненшчыне на сённяшні дзень дзейнічаюць 38 пярвічак “Белай Русі”, агульная колькасць членаў перасягае паўтысячы чалавек. Сёлета, па словах яшчэ аднаго намесніка старшыні раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алены Вілюгінай, кагорту “беларусістаў” папоўнілі 77 чалавек і 6 новых суполак. Лідарам трох з іх — Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў, Багданаўскага сельвыканкама і раённага прадстаўніцтва Белдзяржстраха — Зоя Фаміна ўручыла пасведчанні старшынь пярвічак. Прычым калектыў апошняй ўстановы ўвайшоў у грамадскую арганізацыю літаральна ў поўным складзе.

 На жаль, чытальная зала ЦРБ не здольная змясціць усіх удзельнікаў семінара, таму ў бліжэйшых планах кіраўніцтва раённай арганізацыі “Белай Русі” правесці такую сустрэчу для старшынь пярвічак у Багушэўску.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Фота аўтара.