В СШ №2 состоялось торжественное открытие педагогического соревнования «Учитель года-2017»
Восем намінацый, 32 удзельніка… Сёлета раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2017” абяцае быць маштабным і насычаным. Урачыстае адкрыццё педагагічнага спаборніцтва адбылося на гэтым тыдні ў СШ №2 г.Сянно.
Другі год конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў праходзіць па новых правілах, згодна якіх пераможцы выбіраюцца па прадметных намінацыях. Сёлета гэта “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”, “Замежная мова”, “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”, “Пачатковыя класы”, “Музыка, выяўленчае мастацтва, айчынная і сусветная мастацкая культура, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”, “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”, “Хімія, біялогія”, “Дашкольнае выхаванне”.
“Настаўнік года” — гэта своеасаблівы экзамен, здаваць які давядзецца як прафесіяналам са шматгадовым стажам, так і тым, хто яшчэ нядаўна прыйшоў у школу маладым спецыялістам, але за кароткі час здолеў даказасць сваю дасведчанасць і адданасць выкладчыцкай справе. Творчыя самапрадстаўленні, майстар-класы, адкрытыя ўрокі ў незнаёмых класаў, прэзентацыі… Тыя, хто справіцца з усімі іспытамі на выдатна, прадставяць Сенненшчыну на абласным этапе конкурсу, а таксама папоўняць рады членаў клуба “Залаты колас”, які аб’ядноўвае лепшых прадстаўнікоў педагагічнай супольнасці раёна. Між іншым, 2017 год для прафесійна-творчага аб’яднання з’яўляецца юбілейным. За 10 гадоў свайго існавання клуб правёў 17 семінараў з правядзеннем адкрытых урокаў і майстар-класаў.
“Залатым звяном” у ланцужку тых, хто навучае, настаўляе падрастаючае пакаленне, назвала членаў клуба і канкурсантаў у сваім вітальным слове намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна. Яна падкрэсліла, што Сенненшчына можа ганарыцца сваімі педагогамі, без іх не абходзіцца ніводнае мерапрыемства ў раёне. У скарбонцы сенненскіх настаўнікаў нямала дасягненняў. У прыватнасці, Зоя Сцяпанаўна ўзгадала імя настаўніка фізічнай культуры і здароўя Беліцкай дзіцячага сада-сярэдняй школы Андрэя Салаўёва, які ў 2015 годзе стаў фіналістам абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года”. Ён і яго калега Валянціна Багданоўская з Машканскай ДССШ (між іншым, “Настаўнік года” раёна ў намінацыі “Руская мова і літаратура” па выніках папярэдняга конкурсу) сёлета былі вядучымі цырымоніі адкрыцця.
Напачатку мерапрыемства Зоя Фаміна прадставіла настаўніцкай супольнасці новага начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. З 10 студзеня на гэту пасаду назначана вопытны спецыяліст Алена Вілюгіна. Менавіта ёй належыць узначаліць галоўнае журы раённага этапу конкурсу “Настаўнік года — 2017”.
“Моцных крылаў і бліскучых перамог” пажадалі сваім калегам, якія пад апладысменты прысутных выходзілі ў той дзень на сцэну актавай залы, настаўніцы СШ №2 г.Сянно Алена Мізаўцоўва і Вольга Віннік, пераможцы мінулых конкурсаў.
Другі этап “Настаўніка года” праходзіць у два туры: на першы, завочны, удзельнікі прадстаўлялі пісьмовы праект адкрытага ўрока і самапрэзентацыю ў электроннай форме з адлюстраваннем кірункаў і вынікаў педагагічнай дзейнасці. Па яго выніках барацьбу за званне лепшага настаўніка раёна працягнуць 26 канкурсантаў. Ужо ў той дзень іх чакала новае выпрабаванне — “Творчае самапрадстаўленне”.
Назва іспыту цалкам адпавядала яго сутнасці. Канкурсантам належала, як сёння модна казаць, крэатыўна выступіць на актуальную на цяперашні час тэму “Каб дзеці хацелі вучыцца”. З кабінетаў, дзе ішло спаборніцтва, то і справа даносіліся гукі музыкі. Матэматыкі дэклаламавалі вершы, настаўнікі англійскай мовы прызнаваліся ў любові да свайго прадмету і Беларусі ў песнях. А вось настаўнік гісторыі Аляксандр Калымага з Беліцкай ДССШ, між іншым, адзіны прадстаўнік моцнай паловы чалавецтва ў конкурсе, на падставе свайго прадмета склаў “15 простых але абавязковых для выканання парад маладому настаўніку-гісторыку”.
Многім канкурсантам дапамагалі групы падтрымкі з ліку калег і вучняў. Так, кампанію выхавальніку Яноўскай ДСБШ Кацярыне Карбанковай ў выступленні склалі сужэнцы Васільевы і іх маленькая дачушка Злата — выхаванка канкурсанткі. Сама сям’я таксама адметная: яна двойчы перамагала ў раённым конкурсе “Уладар сяла”.
“Дашкольнае выхаванне” і “Пачатковыя класы” можна назваць самымі крэатыўнымі намінацыі конкурсу. Яго ўдзельнікі мераліся сіламі, а дакладней, словамі і фантазіяй, у яслях-садзе №2 г.Сянно. Кожны дзень прадстаўнікоў гэтых педагагічных спецыяльнасцей насычаны творчасцю і дзіцячымі забавамі. Але за бачнай прастатой хаваецца сур’ёзная работа, накіраваная на рознабаковае развіццё маленькага чалавечка, ад якой залежыць будучая паспяховасць дзіцяці ў школе ды і ў жыцці. І ў гэтай сферы не абысціся без інавацый і сучасных тэхналогій. Іх імкнуцца прымяняць у сваёй дзейнасці спецыялісты дашкольных устаноў і настаўнікі пачатковых класаў Сенненшчыны. Да прыкладу, выхавальнік ДУА “Яслі-сад №1 г.Сянно” з 30-гадовым стажам працы Галіна Юроўская прадставіла на суд журы свой аўтарскі канструктар-трансформер, які дапамагае дзіцяці авалодаць пачатковымі матэматычнымі паняццямі.
Тым часам наперадзе канкурсантаў чакае насычаная праграма. З учарашняга дня стартавалі адкрытыя ўрокі і майстар-класы, якія працягнуцца ўвесь наступны тыдзень.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.
Фота аўтара.