В Сенно родилась первая в 2019 году двойня
Двайная радасць прыйшла ў сям’ю жыхароў райцэнтра Анастасіі і Георгія Шаферэнкаў, дзе нарадзілася двойня.
Такому прыбаўленню муж і жонка не здзівіліся. На генетычным узроўні была схільнасць нарадзіць двойню. У родзе бабулі Георгія Ганны былі сёстры і браты двайняты.
Маленькія Андрэй і Міраслаў – доўгачаканыя дзеткі. Цяпер у дзесяцігадовага Антона з’явіліся адразу два брацікі. На свет малышы нарадзіліся здаровымі з розніцай у некалькі хвілін. Міраслаў мацнейшы, яго вага пры нараджэнні была 3240 г, Андрэя – 2840 г. Ужо на пяты дзень маці і нованароджаныя былі выпісаны з бальніцы.
Малышы набіраюць вагу і гэтым вельмі радуюць бацькоў. Дапамагае спраўляцца з дзеткамі маці Георгія. Ды і сам муж нярэдка падменьвае жонку начамі, калі немаўлятам не спіцца.
Сумесныя клопаты і пераадоленне цяжкасцей толькі загартоўваюць сям’ю, упэўнена Анастасія. Яна сама выхоўвалася ў шматдзетнай сям’і, таму добра ведае як весці хатнія справы, калі ў доме шмат дзяцей.
Днямі начальнік аддзела загс Сенненскага райвыканкама Ірына Мілеўская ў зале ўрачыстых абрадаў уручыла шчаслівым бацькам пасведчанні аб нараджэнні сыноў, а таксама памятныя сувенірныя медалі, пажадала здароўя дзеткам і бацькам.
-З’яўленне двайнят і блізнят — прыемная нечаканасць для бацькоў, — адзначыла Ірына Аляксандраўна. — З’ява не такая рэдкая, але і не частая. Напрыклад, у райцэнтры, пачынаючы з 2012 года, зарэгістравана адно нараджэнне двайнят. У раёне за апошнія сем гадоў – 4.
Ала ЯКАЎЛЕВА