Сенненка создает необычные светильники своими руками
Пагадзіцеся, што творчых людзей, якія вышываюць, вяжуць і шыюць шмат. Пра многіх з іх мы пісалі на старонках раённага выдання. Сёння хочацца пазнаёміць чытача з творчасцю сенненкі Алесі Уладзіміравай, якая ўручную вырабляе інтэр’ерныя свяцільнікі, а таксама ўнікальныя аксэсуары для ўпрыгожвання прычосак.
Жанчына ўпэўнена, што кожная рэч павінна несці за сабой гісторыю, якая будзе надаваць вырабу непаўторную глыбіню і ўнікальнасць.
Гледзячы на гэтыя вырабы, адразу і не скажаш, што займаецца таленавітая жанчына гэтым рамяством адносна нядаўна. Менш чым год назад на абшарах інтэрнэту яна ўбачыла некалькі прыкладаў, як можна зрабіць самастойна свяцільнік і проста не змагла не паспрабаваць сябе ў гэтым напрамку. Тым больш, жанчына заўсёды цікавілася творчасцю і на працягу ўсяго жыцця нешта вырабляла ды шыла. За час, які жанчына займаецца вырабам свяцільнікаў, яна змагла ўпрыгожыць інтэр’ер не толькі свайго дома, але і дамоў сваякоў, знаёмых.
— Усе родныя падзяляюць маё захапленне. Часта просяць нешта змайстраваць, ды і я імкнуся напярэдадні святаў парадаваць блізкіх ўнікальнымі падарункамі, — кажа мая суразмоўца.
Напрыклад, напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны плануе зрабіць свяцільнікі ў выглядзе мужчынскай кашулі, якія абавязкова падорыць сваім блізкім і знаёмым.
Тэхніку, як і ўвесь працэс стварэння абажураў, жанчына асвоіла самастойна. Праца над кветачкамі пачынаецца з вырабу каркаса, які потым ператвараецца ў сцеблы. Каб надаць патрэбную форму пялёсткам, у ход ідзе будаўнічы фен, а затым гарачы клей. Безумоўна, гэтыя рэчы выглядаюць вельмі прывабна і далікатна, але патрабуюць не толькі творчага падыходу і фантазіі, а і пэўных навыкаў у электрыцы і рабоце з металам. Гэта не стала перашкодай на творчым шляху Алесі Уладзіміравай.
Працэс стварэння таршэраў настолькі зацягнуў жанчыну, што зараз яна і не ўяўляе сваё жыццё без любімага захаплення. А гэта і не дзіўна. Бо такія рукатворныя рэчы не толькі выконваюць функцыю дэкору, але і карысны ў побыце.
Не менш актуальны і аксэсуары для валасоў, якія таксама вырабляе таленавітая майстрыха. Гэта дужа займальны працэс, у выніку якога з аднаго і таго ж матэрыялу могуць атрымлівацца абсалютна розныя вырабы. Ад простых рызіначак да больш складаных, упрыгожаных бусінамі ці атласнай стужкай.
У сваёй дзейнасці Алеся не спыняецца. Творчых задумак у майстрыхі нямала, чаго не скажаш пра вольны час. Але калі па-сапраўднаму гарэць сваёй справай, то і час выкраіць можна, упэўнена мая суразмоўца.
Калі азірнуцца назад, то можна зразумець, што творчасць суправаджала жанчыну заўсёды. Шмат чаму навучылася ў бабулі, якая рабіла прыгожыя рэчы сваімі рукамі.
— Мне вельмі падабаецца тое, чым я займаюся. Вынік працы натхняе на новыя дасягненні, а падтрымка родных — акрыляе, — кажа Алеся Уладзімірава.
Дарэчы, матэрыял з якого жанчына вырабляе кветкі, з’яўляецца экалагічна чыстым, што робіць іх яшчэ больш прывабнымі. Сыравіну для стварэння свяцільнікаў яна заказвае з Расіі.
Гэтай справай пачала цікавіцца і яе трынаццацігадовая дачка Ульяна. Дзяўчынка ў вольны час не прапускае магчымасці дапамагчы маці.
У асноўным жанчына вырабляе свяцільнікі ў выглядзе кветак, але і герояў з мультфільмаў у калекцыі Алесі Уладзіміравай таксама можна ўбачыць. Гэта і совы, знакамітыя лялькі барбі і шмат іншага.
У будучым жанчына плануе ператварыць захапленне ў працу, каб радаваць унікальнымі рэчамі не толькі сваіх знаёмых і родных, але і ўсіх жадаючых.
Ксенія КРУПСКАЯ.
Фота аўтара і з лічнага архіву А.Уладзіміравай.