Пляці, Рыгор!

DSC_4066У яго моцных руках гнуткія вербалозы ператвараюцца ў вытанчаную мэблю, якая здольна ўпрыгожыць любы інтэр’ер.

— Сямнаццаць гадоў назад я зацікавіўся лазапляценнем. Мне вельмі спадабалася суседскае плеценае крэсла, набытае ў краме. На той момант ніхто не верыў, што я змагу зрабіць такое ж, нават і прыгажэй, — пачаў распавядаць пра сваё захапленне жыхар вёскі Нямойта Рыгор Пінчук.

IMG_20140430_095727

Мужчына ўзяўся за працу, узброіўшыся адзінай на той момант кнігай па лазапляценні, якую пазычыў у знаёмага з вёскі Каменка. Але першы блін не атрымаўся камяком — крэслы задаволілі самога аўтара і прыйшліся да спадобы яго блізкім. З’явілася жаданне майстраваць далей і яшчэ больш. З рук умельца пачалі выходзіць розныя прыгожыя рэчы, у асноўным, прадметы мэблі. Сёння, як адзначае мужчына, на дапамогу фантазіі прыходзіць глабальная сетка Інтэрнет. Фотаздымкі цікавых плеценых вырабаў Рыгор захоўвае на рабочым стале камп’ютара. А кожную вольную часіну майстар прысвячае любімай справе.

— Тады ўся кватэра ператвараецца ў майстэрню мужа. Паўсюль трэскі, — заўважае з усмешкай жонка Валянціна.

Лазу Рыгор збірае толькі тую, што расце на гліністай глебе. Прыродны матэрыял майстар не захоў­вае, адразу ж разразае на стужкі і пускае ў працу.

Знаўцу лазапляцення больш за ўсе падабаецца вырабляць крэслы. Падзяляе яго прыхільнасць і пяцігадовая ўнучка, якая прыязджае да свайго дзеда і не ўпускае выпадку пакачацца ў іх, нібы ў гамаку.

— Пячнік без печы, — смяецца мой суразмоўца. — Амаль усе вырабы ідуць на продаж. Асноўныя пакупнікі мэблі — гэта жыхары нашай сталіцы і расіяне. Яны здзіўляюцца, што можна зрабіць такое сваімі рукамі. Вось, да прыкладу, гэты набор…

DSC_4054

Рыгор Мяфодзьевіч працягвае мне некалькі невялікіх па памеры, акуратна сплеценых кошыкаў.

— Адзін з іх пайшоў на падарунак у Мінск. Калі ўбачылі гэты набор, адразу не паверылі, што такое можна сплесці з лазы, вырашылі, што гэта справа кемлівых кітайцаў, — працягвае мужчына.

З 2009 года Рыгор Пінчук з’яўляецца ўдзельнікам народнага клуба майстроў «Натхненне» Сенненскага Дома рамёстваў. Мае ён і ўзнагароды за ўдзел у розных конкурсах. Так, напрыклад, у 2011 годзе ў конкурсе «Лазовы прут», што праходзіў у межах фестывалю «Славянскі базар у  Віцебску», майстар з Сенненшчыны заняў трэцяе месца.

Зараз Рыгор працуе над вешалкай і крэслам. У хуткім часе мужчыне трэба збірацца на работу ў Ра­сійскую Федэрацыю. Але нават і там ён не развітваецца з любімым хобі, далучае сваіх таварышаў да пляцення невялікіх насценных кошыкаў.

DSC_4057

DSC_4064

DSC_4062

Спыняцца на дасягнутым майстар з Нямойты не збіраецца.  А жадаючым навучыцца лазапляценню спадар Пінчук дае слушную параду:

— Асвоіць гэты працаёмкі працэс можа любы чалавек. Галоўнае, быць цярплівым і любіць тое, чым ты займаешся.

Picture 79

 

Picture 76

 

Ганна КОРСАКАВА.